Клуб "Юный журналист"

Проект "Слово молодых"


Электронная ці папяровая?

Апублікавана 05 Снежань 2016

Нядаўна бацькі прапанавалі падарыць мне электронную кнігу.

Аднак я папрасіла пачакаць з пакупкай, каб папярэдне высветліць у равеснікаў, што ж лепш: купляць  кнігі, як раней, у папяровым фармаце ці ўсё ж набыць сабе сучасную “электронку”? З гэтым пытаннем звярнулася да старшакласнікаў сярэдняй школы №3 горада Ганцавічы. 

Як аказалася, са 189 апытаных 55 працэнтаў чытаюць кнігі толькі ў папяровым варыянце, 32 працэнты – прыхільнікі электронных кніг і чытання іх у інтэрнэце, 13 – аддаюць перавагу кнізе як у папяровым, так і ў электронным фармаце ў залежнасці ад аб’ёму твора.

Згадзіцеся, для стагоддзя імклівага развіцця высокіх тэхналогій вынік апынуўся нечаканым. Чаму ж так атрымалася?  

Безумоўна, вялікі плюс электроннай кнігі – у эканоміі грашовых сродкаў: аднойчы купіўшы адну, можна стварыць бібліятэку з сотні. У той час як такая ж колькасць выданняў у папяровым фармаце будзе каштаваць адчувальна даражэй. Але, на жаль, кнігі, прачытаныя з “электронкі”, надоўга ў памяці не затрымліваюцца. Іншая справа –“сапраўдная” кніга, якую дастаткова толькі адкрыць, каб успомніць увесь яе змест. 

– Папяровая кніга мае сваю энергетыку, – упэўнены  чытачы.

– Вага ў руцэ, адчуванне фактуры паперы, шоргат старонак, нават пах – усё гэта робіць яе непаўторнай і незабыўнай. Аднак адпраўляючыся ў дальнюю дарогу, лепш узяць электронны варыянт, які займае значна менш месца. 

– Чытанне  папяровай кнігі аказвае большае ўздзеянне на работу сэрца, чым чытанне “электронкі”,  – гаворыць Валянціна Сяргееўна Саўчук, педагог-псіхолаг школы №3 г. Ганцавічы.  – Навукова даказана, што ўзровень частаты сардэчнага рытму павышаецца на 32 працэнты пры чытанні друкаванай кнігі, у той час як электронная ўплывае на сэрца амаль у два разы слабей (17 працэнтаў).  Гэта значыць, што тэкст, напісаны на паперы, успрымаецца ярчэй і ў большай ступені прымушае суперажываць героям, інтэнсіўней рэагаваць на падзеі, якія апісваюцца. 

Вядома ж,  выбар паміж папяровай і электроннай кнігай застаецца выключна за вамі. Добра, што мы жывём у той час, калі ёсць з чым параўноўваць і з чаго выбіраць. Чытайце з задавальненнем, захоўвайце сваю кнігу ў сэрцы, бо нездарма яшчэ ў XIX стагоддзі брытанскі пісьменнік Томас Карлейль назваў кнігу “найчысцейшай сутнасцю чалавечай душы”. 

Ангеліна ЗАНЬКА,

г. Ганцавічы.


“Ствараем будучыню”

Апублікавана 27 Лістапад 2016

Так лічаць актывісты БРСМ Ганцавіцкага раёна

У моладзі Ганцаўшчыны імя Аляксандра Занькі асацыюецца з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. На працягу шасці гадоў ён паспяхова спраўляецца з абавязкамі першага сакратара раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Сёння маладзёжны лідар расказвае аб развіцці, набытках і планах маладзёжнай арганізацыі раёна.

– Аляксандр, якія кірункі дзейнасці вызначаюць актыўнасць маладзёжнага аб’яднання?

– У наступным годзе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі святкуе сваё 15-годдзе. Мы падтрымліваем адораных і таленавітых юнакоў і дзяўчат, рэалізуем грамадзянска-патрыятычныя, культурныя праекты і займаемся арганізацыяй вольнага часу. У аб’яднанні развіваецца рух маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (МААП). Арганізацыя падтрымлівае інавацыйную і навуковую дзейнасць моладзі, студатрадаўскі рух, а таксама валанцёрскі рух “Добрае сэрца”. Вядзём інфармацыйную працу ў інтэрнэце і са СМІ, займаемся аналітычнай і даследчай дзейнасцю. 

Кожны напрамак працы БРСМ у нашым раёне мае ўвасабленне ў канкрэтных справах. Так, маладзёжны атрад аховы правапарадку дзейнічае ў Ганцавіцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Яго асноўная функцыя – кантроль за парадкам на тэрыторыі навучальнай установы і ў яе інтэрнаце. Сёлета некаторыя члены атрада былі ўзнагароджаны падзячнымі лістамі РАУС за садзейнічанне ў прафілактыцы правапарушэнняў і забеспячэнні грамадскага парадку.

– Якія акцыі і мерапрыемствы раённай суполкі Саюза моладзі ўспамінаеце перш за ўсё?

– На рахунку раённай арганізацыі БРСМ цікавых спраў шмат. Маладым уласцівы творчы запал, жаданне нешта вынаходзіць новае. Быць у пастаянным руху – гэта па-маладзёжнаму. Сёлета, напрыклад, напярэдадні 9 Мая свой працяг знайшла акцыя “Кветкі Вялікай Перамогі”. Яе ўдзельнікі раздавалі жыхарам раёна сімвал свята – бутаньеркі з яблыневай квеценню. У нас добрай традыцыяй сталі такія грамадзянска-патрыятычныя акцыі, як “Свечка памяці”, “Ветэран жыве побач”, “Дзякуй за Перамогу!”, “Бессмяротны полк”. Моладзь аддае даніну павагі людзям, якія змагаліся за мірнае неба над галавой і незалежнасць нашай краіны.

Сёлета ўпершыню раённая арганізацыя БРСМ прымала ўдзел у праекце “Дзень вышыванкі” ў Мінску напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны, дзе былі прадстаўлены работы моладзі раённага Дома рамёстваў, а таксама музычныя нумары ў гала-канцэрце ад Ірыны Ісаевай і яе ансамбля “Крэда”. 

Мы з’яўляемся арганізатарамі многіх фізкультурна-масавых мерапрыемстваў. Адно з іх – турыстычны злёт, які стаў добрай традыцыяй на працягу не аднаго дзясятка гадоў. Сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізавалі і правялі раённы конкурс музычна-тэматычных праграм “Даеш, моладзь!”, раённы батл-чэлендж “Моладзь выбірае здаровы лад жыцця!”.

Увага да сельскай моладзі. Праведзены спаборніцтвы на лепшага механізатара на пасяўной, раённы конкурс на жніве сярод маладзёжных экіпажаў. Адно з самых значных мерапрыемстваў – штогадовы конкурс “Уладар сяла”. Сёлета пераможцам стала сям’я Жалезных з аграгарадка Малькавічы.

Штогод Саюз моладзі бярэ ўдзел ва ўсіх важных палітычных кампаніях. Так, на выбарах дэпутатаў Нацыянальнага сходу 2016 года ў якасці назіральнікаў былі вылучаны 27 членаў БРСМ, а ў склад акруговых і ўчастковых камісій - 29 актывістаў. 

– Як развіваюцца на Ганцаўшчыне валанцёрскія атрады “Добрае сэрца”?

– У нашым раёне функцыянуе 16 валанцёрскіх атрадаў – 136 чалавек. Пад іх апекай знаходзіцца больш за 200 чалавек. Валанцёры не пакідаюць без увагі тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Традыцыйнымі сталі такія дабрачынныя акцыі і праекты – “Восеньскі марафон”, “Стварай дабро!”, “Моладзь – дзецям”, “Лепшы падарунак – гэта ЎВАГА” і многія іншыя. 

Нядаўна валанцёрамі раёна сумесна з работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была праведзена акцыя “Выбіраем дапамогу пажылым людзям!”. Адзначу актыўнасць валанцёрскага атрада Ганцавіцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Навучэнцы дапамагалі пажылым людзям дастаўляць пакупкі з восеньскіх кірмашоў. 

– Чым знамянальны Год культуры для моладзі Ганцаўшчыны?

– Шматлікімі яркімі культурнымі мерапрыемствамі. Упершыню ў нашым раёне адбыўся абласны Дзень моладзі “Маладзёжны квартал-2016”. Падчас свята працавала мноства інтэрактыўных пляцовак, адбыўся “Фестываль фарбаў”, канцэрт юных бардаў “Кветкі Вялікай Перамогі”, дэфіле ад майстроў раённага Дома рамёстваў “Мода ад народу”. Цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава сумесна з юнымі паэтамі Ганцаўшчыны арганізавала літаратурную гасцёўню “Кніга.BY“. Каля 40 танцавальных нумароў у розных стылях былі выкананы ў рамках конкурсу “Агонь танца”. А як жа не ўспомніць бітву дыджэяў “Беларусь і Я!”, дзе ганцаўчанін Павел Руткоўскі (Dj Rudik) заняў першае месца. Потым перамог у абласным этапе і рэспубліканскім фінале на “Славянскім базары ў Віцебску”.

У скарбонцы дасягненняў – інтэрнэт-прэмія БРСМ у намінацыі “За лепшы сайт па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў у 2015 годзе”. Сёлета сайт заняў 2-е месца, саступілі толькі Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. За ўвесь перыяд дзейнасці маладзёжнага  інтэрнэт-рэсурсу яго наведалі звыш 33 тысяч чалавек не толькі з Беларусі, але і іншых краін. У сацыяльных сетках таксама ёсць групы, блогі і мікраблогі “Моладзь Ганцаўшчыны”. 

– Чаго, на Ваш погляд, не хапае для больш выніковага развіцця БРСМ у раёне?

– Лічу, што для больш выніковага развіцця БРСМ на Ганцаўшчыне не хапае менавіта моладзі. І гэта не тычыцца колькасці. Нам не хапае ініцыятывы, зацікаўленасці. Многія маладыя людзі кажуць, што ў нас у горадзе няма куды пайсці. Ці так гэта на самай справе? Кожны з нас паспявае зазірнуць на свае старонкі ў сацыяльных сетках, але, на жаль, не ўсе чытаюць афішы, газеты. А ці шматлікія наведваюць мерапрыемствы, спартыўныя аб’екты? Кожны можа сябе праявіць – было б жаданне. Мы чакаем энергічных, мэтанакіраваных людзей. Безумоўна, райкам будзе шукаць такіх, але ўсё ж асабістая ініцыятыва дае большы плён. Не трэба баяцца быць ініцыятыўным! 

Гутарыла Ангеліна ЗАНЬКА,

аб’яднанне па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага РЦДЮТ.


Жыццё і музыка

Апублікавана 26 Верасень 2016

Цёпла прынялі ў Ганцавічах Наталлю Пампура, выкладчыка эстраднага вакалу з Луганска

Пасля заканчэння Луганскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Т.Р. Шаўчэнкі, Інстытута культуры і мастацтваў Наталля пачала свой педагагічны шлях у Дзіцячай акадэміі, дзе выкладала эстрадны вакал.

Хацела прадоўжыць навучанне ў аспірантуры, ды лёс распарадзіўся інакш – і ёй давялося пакінуць радзіму. У 2014 годзе прыехала ў Беларусь, дзе пачала новы этап свайго жыцця.

– У Ганцавічах мяне сустрэлі з разуменнем, далі магчымасць займацца любімай справай. У гэтым маленькім і светлым гарадку шмат таленавітых дзяцей з багатым творчым патэнцыялам, – распавядае жанчына.

Наталля даўно на сцэне. Дэбютам стаў удзел у конкурсе “Міс луганачка”, калі васьмігадовая дзяўчынка заняла першае месца, пакарыўшы сваім звонкім галаском сэрцы журы і гледачоў. Затым былі выступленні на гарадскім фестывалі “Звонкія галасы”, у “Конкурсе Шаляпіна” ў Крыме, дзе яна атрымала Гран-пры. Менавіта гэты конкурс стаў для пачынаючай спявачкі штуршком у вакальнай кар’еры. Неўзабаве яна прадстаўляла родны горад Луганск у тэлепраектах “Украіна мае талент”, “Х-фактар”, ”Голас краіны”, дзе таксама паказала высокі вынік.

– Я спяваю з двух гадоў. Не ўяўляю жыцця без музыкі, – прызнаецца Наталля.

У верасні 2015 года Наталля Пампура прыйшла працаваць педагогам дадатковай адукацыі  ў Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці. Стварыла вакальнае аб’яднанне па інтарэсах “Эстрадны вакал”, якое наведваюць дзеці рознага ўзросту. Неўзабаве з’явілася вакальная група “Excellent”. Калектыў  хутка заваяваў сімпатыі ганцаўчан. Яго ўдзельнікі любяць свайго педагога і заўсёды прыслухоўваюцца да яе парад.

– Мае вучні камунікабельныя, добрыя і ўважлівыя адзін да аднаго, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу і ў творчасці, і ў жыццёвых сітуацыях. На занятках пануе добразычлівая абстаноўка, спрыяльная да сумеснай творчасці, – адзначае Наталля. – Імкнуся знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці. Працую па ўласнай методыцы, якую распрацавала, калі яшчэ была студэнткай універсітэта. Мая праца – гэта маё жыццё. Увесь час думаю пра дзяцей, якія наведваюць аб’яднанне “Эстрадны вакал”. Яны сталі для мяне сям’ёй. Я падтрымліваю іх, а яны адказваюць узаемнасцю. Мае вучні – мой гонар. 

Безумоўна, прывыкнуць да чужой краіны, да незнаёмага горада і да новага калектыву  заўсёды складана. Але Наталля такі чалавек, якому ўсё па плячы, – актыўны і таварыскі. 

– Вядома ж, сумую па доме, родных. Але і Беларусь стала для мяне роднай краінай, а Ганцавічы – родным домам. Вельмі рада, што працую ў цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці. Дзякуй дырэктару Алене Мікалаеўне Ленкавец і калектыву, што прынялі мяне ў сваю дружную сям’ю, – дзеліцца Наталля.     

З першых дзён працы Наталля Пампура актыўна ўключылася ў жыццё цэнтра творчасці. Яна выступае на канцэртах, удзельнічае ў акцыях і іншых мерапрыемствах, якія праходзяць ва ўстанове і за яе межамі. Наталля – чалавек з добрым сэрцам, не пазбаўлена пачуцця гумару, лёгка спраўляецца з любымі жыццёвымі выпрабаваннямі, бо вядома, што цяжкасці загартоўваюць. Часам нават здзіўляешся, адкуль у гэтай, на першы погляд, кволай дзяўчыны столькі энергіі і запалу. Калі ж кажа пра сваю працу, у словах няма і ценю амбіцыёзнасці, а толькі любоў і павага да любімай справы.

– Зараз жыццё даволі складанае, лёс падносіць шмат розных выпрабаванняў, – гаворыць педагог. – Я мару пра мірнае і дастойнае  жыццё для родных луганчан, у якім не будзе слёз, страху, непаразумення. Шчыра жадаю дабра і гасціннай Беларусі. Ведаю толькі адно: мне і далей хочацца займацца сваёй любімай справай. Дзякую ўсім, хто мае дачыненне да майго лёсу. А мы з дзецьмі будзем і далей радаваць гледачоў сваёй творчасцю, даносячы да іх сэрцаў Дабро, Святло і Любоў. 

Таццяна АБРАМАВА,

 аб’яднанне па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага РЦДЮТ.


Як пазбегнуць адзіноты?

Апублікавана 25 Ліпень 2016

Для падлетка надзвычай важна, каб хоць у нейкай сферы яму спрыяў поспех

У кожным класе ёсць дзеці, з якімі аднагодкі не кантактуюць, а то і адкрыта з іх здзекуюцца.

Хто яны, адпрэчаныя равеснікамі? Па маіх назіраннях – тыя, хто дрэнна вучыцца. Хоць бывае і наадварот: вучань атрымлівае высокія балы па ўсіх прадметах, аднак яго ўсё роўна ігнаруюць. Два зусім розныя чалавекі рызыкуюць трапіць у адну і тую ж сітуацыю. Чаму? Дапамагла разабрацца псіхолаг СШ №1 горада Ганцавічы Алеся Акулава. Да Алесі Аляксееўны звычайна звяртаюцца падлеткі, у якіх ёсць непаразуменні ў калектыве, канфлікты. А вось тыя, хто адчувае сябе адзінокім у класе, прыходзяць, на вялікі жаль, вельмі рэдка. І шкада: калі чалавек знаходзіць сілу падзяліцца набалелым, яму робіцца нашмат лягчэй.

Школьны псіхолаг патлумачыла: ”Пакуль дзіця расце, бацькі аказваюць на яго вялікі ўплыў. У той жа час  адзінота можа пасяліцца і ў знешне нармальных, забяспечаных сем’ях. Бацькі аддаюць дзіця ў школу, секцыю, гурток, ні ў чым яму не адмаўляюць, але так стамляюцца на рабоце, што нават у выхадныя дні не знаходзяць сіл пагутарыць з сынам ці дачкою, перастаюць цікавіцца ўнутраным светам дзіцяці. І хоць прамая сувязь паміж унутраным жыццём сям’і і замкнёнасцю падлетка не прасочваецца, бясспрэчна, што частыя скандалы, якія маюць месца ў праблемных сем’ях, заўсёды траўміруюць дзіця. Яму сорамна запрасіць да сябе сяброў. Важна адзначыць і яшчэ адзін момант: калі бацькі разводзяцца, дзеці лічаць сябе вінаватымі. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да замкнёнасці, а ў іншых выпадках – і да  агрэсіі. Жаданне адгарадзіцца ад знешняга свету можа быць звязана і з дрэннымі адзнакамі ў школе, асабліва калі бацькі перастаюць верыць у сваё дзіця. А яшчэ гэта непазбежна прыводзіць да заніжанай самаацэнкі, на пераадоленне якой ідуць гады”. 

Мяркую, бацькоўская падтрымка –гарантыя таго, што падлетак не замкнецца ў сабе, не сыдзе з дому, ад яго не адвернуцца сябры. І Алеся Аляксееўна пагаджаецца: “Сям’я – вельмі важны жыццёвы рэсурс для любога чалавека, асабліва ў юным узросце. Але, акрамя яе, ёсць яшчэ сябры, захапленні... Для падлетка надзвычай важна, каб хоць у нейкай сферы яму спрыяў поспех. Гэта можа быць вучоба, спорт, тэхнічная і мастацкая творчасць. Калі ў сям’і ўсё дрэнна, паразуменне шукаюць у сумніўнай кампаніі. Такім чынам падлеткі ўцякаюць ад рэальнасці”.

Без канфліктаў поўнасцю абысціся нельга – так было спрадвеку. Трэба толькі, каб яны не распальваліся на пустым месцы. 

Святлана РАБЦЭВІЧ,

г. Ганцавічы.


«Хутка – не значыць якасна»

Апублікавана 18 Май 2016

Наколькі добра мы ведаем пра тое, што адбываецца ў свеце, краіне, горадзе і ці правільна разумеем тое, аб чым гаворыцца ў навінах, друкуецца на старонках газет?

Яўген Занька, адзінаццацікласнік сярэдняй школы №3 г. Ганцавічы, напэўна ведае.

Ён добра эрудыраваны ў галіне грамадска-палітычных навук і наўрад ці пераблытае лібералаў і дэмакратаў. Сёлета ў студзені ў абласной алімпіядзе па грамадазнаўстве юнак паказаў добры вынік і быў узнагароджаны дыпломам III ступені. Цікава, а што Яўген сам думае пра вучобу? Ці толькі ёю жыве?

- Жэня, цябе можна назваць пастаянным удзельнікам прадметных алімпіяд?                                      

- Думаю, можна. У пачатковых класах я ўдзельнічаў у алімпіядзе па рускай мове, заняў другое месца. У 6-м вырашыў паспрабаваць сябе ў гісторыі, у выніку – першае месца. Пазней пераключыўся на біялогію. Затым захапіўся грамадазнаўствам і летась вырашыў паўдзельнічаць у школьнай алімпіядзе – вось так без падрыхтоўкі і заняў чацвёртае месца. А калі зразумеў, што гэты прадмет мне спатрэбіцца для паступлення, пачаў займацца больш сур'ёзна,  таму сёлета “ўзяў” дыплом III ступені на абласным этапе.

- Чаму менавіта грамадазнаўства?

- Мяне заўсёды прыцягвалі прафесіі, звязаныя з юрыспрудэнцыяй. Зараз  разумею: чым больш я паглыбляюся ў дадзены прадмет, тым больш ён мне падабаецца. У гэтым ёсць свае плюсы:  лепш стаў разумець, пра што ідзе гаворка ў навінах. У маіх поспехах, вядома, вялікая заслуга настаўнікаў. Пазнаёміла мяне з гэтым прадметам Марына Іванаўна Станіславовіч. Захапленне  грамадазнаўствам стала маім свядомым выбарам, тым больш, спадзяюся, будзе звязана з будучай прафесіяй. У 11 класе выкладаць грамадазнаўства стала Валянціна Рыгораўна Кудравец, а таксама пачаў хадзіць на рэпетытарства да Наталлі Міхайлаўны Паплаўскай. Менавіта гэтыя настаўнікі шмат чаму навучылі мяне і літаральна за тры месяцы падрыхтавалі да алімпіяды.

- Дык ты жывеш выключна любімым школьным прадметам?

- Вядома ж, не.

- Я актыўна прымаю ўдзел у жыцці школы і раёна. З сёмага класа ўдзельнічаў у КВЗ,  розных школьных і гарадскіх мерапрыемствах. У гэтым навучальным годзе, бо я выпускнік, вырашыў узяць тайм-аўт. Разумею, што, хапаючыся за ўсё запар, наўрад ці будзе карысць: хутка – не значыць якасна.

- Жэня, у цябе добрае пачуццё гумару. Ці дапамагае гумар у жыцці, адносінах, вучобе?

- Я лічу, што гумар важны для любога чалавека. Дзякуючы яму лягчэй наладжваецца кантакт з людзьмі. Асабліва гумар важны для мужчын, бо дзяўчатам звычайна падабаюцца хлопцы, якія не пазбаўлены пачуцця гумару. Галоўная якасць гумарыста - востры розум, уменне паднесці жарт.

- Як да тваіх поспехаў ставяцца знаёмыя, аднакласнікі, настаўнікі?

- Выдатна, яны радуюцца маім перамогам і дасягненням, а часам нават падштурхоўваюць паспрабаваць свае сілы ў нечым новым. Зайздрасці не адчуваю, таму спакойна рыхтуюся да выпкскных экзаменаў і паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову.

Гутарыла Ірына КЛIМЕНКА,

член аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага РЦДЮТ.


Спявай, гітара, спявай!

Апублікавана 21 Сакавік 2016

Музычна-спартыўны злёт бардаў “Жураўліны край – 2015” прынёс вядомасць выхаванцам аб’яднання па інтарэсах “Турыстычная і бардаўская песня” з Ганцавіч

Цікавыя і вясёлыя хлопцы Ваня Назараў, Ягор Цыбулька і Ваня Лосік (на здымку) некалькі разоў на тыдзень спяшаюцца ў Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці, як кажуць, “на гітару”.

У аб’яднанні “Турыстычная і бардаўская песня” хлопцы вучацца іграць на гэтым інструменце пад кіраўніцтвам Алега Князскага.

– Гітара – дзіўны інструмент, які дапамагае мне раскрыць свае эмоцыі, – тлумачыць Ягор Цыбулька.

Да таварыша далучаецца Ваня Назараў: “Я захацеў навучыцца іграць на гітары, калі ўпершыню паглядзеў мульцік “Брэменскія музыкі” ў 6 год. Ужо год як займаюся ў Алега Пятровіча і ні дня не пашкадаваў аб сваім выбары”.

Хлопцы называюць шмат аргументаў, чаму варта было выбраць менавіта гітару: можна сыграць і паспяваць у кампаніі сяброў у паходзе ля вогнішча і на школьным перапынку; на хлопца, які ўмее іграць на гітары, звяртаюць увагу дзяўчаты; інструмент вельмі дэмакратычны і адносна хутка можна атрымаць бачны вынік. Але ўсе трое перакананы, што дасягнуць поспеху дапамагаюць такія якасці характару, як працавітасць, упартасць, цярпенне і жаданне дасканала асвоіць інструмент. “І ні ў якім разе нельга кідаць пачатае на паўдарозе”, – упэўнены Ваня Лосік.

Маладыя гітарысты любяць спяваць песні Уладзіміра Высоцкага, з рэпертуару Віктара Цоя і іншых аўтараў. Калі да мінулага лета іх ведалі пераважна ў маладзёжным асяроддзі, дык пасля ўдзелу ў музычна-спартыўным злёце бардаў “Жураўліны край – 2015” хлопцы сталі вядомыя шырокай грамадскасці.

Безумоўна, бацькі двух Іванаў і Ягора ганарацца сынамі, падтрымліваюць іх у творчым развіцці і не прапускаюць ніводнага выступлення. Яны задаволены – дзеці знайшлі занятак па душы.

Але не адной жа гітарай жывуць хлопцы?! Ваня Назараў, напрыклад, цікавіцца камп’ютарным праграміраваннем, а яго цёзка Лосік – шахматамі і шашкамі, нават мае граматы за ўдзел у спартыўных турнірах. Ягора Цыбульку вабіць падводны свет, ён нават марыць знайсці марскія скарбы. Увогуле, хлопцы такія ж яркія і жыццярадасныя, як і той інструмент, які так зацікавіў іх. Яны бяруць яго ў рукі, пра сябе кажуць: “Спявай, гітара, спявай!” І яна спявае: пра Радзіму, сяброўства, вернасць ды надзейнае плячо таварыша...

Таццяна АБРАМАВА,

аб’яднанне “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага РЦДЮТ. 

 


 

Злавіць свой свежы вецер

Апублікавана 24 Люты 2016

Аб’яднанне па інтарэсах “Юны рэпарцёр” працуе ў Ганцавіцкім РЦДЮТ з 2010 года 

Назіраць, аналізаваць, расказваць – усё гэта надзвычай любім мы, удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр”.

Ва ўстанове дадатковай адукацыі “Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці” яно з’явілася ў 2010-м па ініцыятыве педагога Святланы Хорашавай.

Святлана Генадзьеўна падала ідэю заняцца журналістыкай, і на прапанову школьнікі адгукнуліся. Нехта сур’ёзна рыхтаваўся паступаць на журналісцкую спецыяльнасць пасля школы, хтосьці зацікавіўся новым аб’яднаннем, калі прыйшоў запісвацца ў гурткі, а некаму паспрабаваць сябе ў ролі карэспандэнта прапанавалі бацькі ці настаўнікі. 

Зараз смела можна гаварыць пра тое, што Святлана Генадзьеўна не памылілася, ствараючы аб’яднанне. Яго наведваюць школьнікі ад 10 да 17 год. На занятках мы развіваем вуснае і пісьмовае маўленне, інтэлектуальныя, творчыя і камунікатыўныя здольнасці, вучымся збіраць і адбіраць факты, абагульняць матэрыял, будаваць тэкст, працуем над загалоўкамі, самастойна складаем газетныя старонкі... Для кожнай узроставай катэгорыі навучэнцаў распрацавана свая праграма. З малодшымі праводзяцца заняткі, звязаныя з развіццём вобразнага, лагічнага, асацыятыўнага мыслення, уяўлення. Старэйшыя надаюць увагу практычнай частцы: уменню працаваць з фактычным матэрыялам, валодаць псіхалагічнымі прыёмамі падачы тэксту, аперыраваць рознымі жанрамі і інш. 

У аб’яднанні выпускаецца вучэбны часопіс “OLIVIER”. У ім – творчы плён гурткоўцаў, нашы матэрыялы. Лепшыя з іх, між іншым, друкуюцца на старонках абласной газеты “Народная трыбуна” і маладзёжнай рэспубліканскай – “Переходный возраст”. 

У 2015 годзе наш вучэбны часопіс стаў фіналістам XI рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер”. У выніку творчая каманда навучэнцаў была ўзнагароджана дыпломам за перамогу ў конкурсе газет і часопісаў у намінацыі “Лепшая газета”, дыпломам у намінацыі “Спецыяльны прыз газеты “Переходный возраст” і памятнымі прызамі. Мерапрыемства праходзіла ў Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня” і стала для ўдзельнікаў аб’яднання яркай і запамінальнай падзеяй.

Трэба адзначыць асаблівую душэўную атмасферу на занятках. Педагог аб’яднання з’яўляецца для юных журналістаў не толькі настаўнікам, але і дарадчыкам: “Я стараюся быць на адной хвалі з дзецьмі, размаўляць з імі на адной мове. Я павінна разумець іх, а яны – мяне. Так звычайна і адбываецца. Такія адносіны дазваляюць не толькі працаваць дружна, разам, але і паступова развіваюць творчыя здольнасці выхаванцаў”, – патлумачыла нам сваю пазіцыю Святлана Генадзьеўна. 

Ганна Маскадынава, Ірына Кліменка, 

аб’яднанне “Юны рэпарцёр”.


 

Кнігатэрапія

Апублікавана 22 Люты 2016

Чаму  сучасная моладзь паміж бібліятэкай і інтэрнэтам часцей выбірае апошні? 

Магчыма, маладое пакаленне проста не разумее, як шмат не толькі карыснага, але і цікавага, пазнавальнага можна даведацца з кнігі: пра людзей, узаемаадносіны, розныя краіны і іх традыцыі, незвычайных істот, якія насяляюць розныя светы...

Чытаючы кнігу, чалавек можа перажыць тыя пачуцці і эмоцыі, якія ўласцівы героям у розных сітуацыях: каханне і шчасце, гонар і спачуванне, пякучую крыўду і душэўны або фізічны боль, лютасць і злосць, нясмеласць і бяссілле. Больш за тое – кнігі бываюць павучальнымі, калі чытач хоча стаць такім жа, як герой любімага рамана.

Дык чаму тады ўсё часцей даводзіцца чуць пра адсутнасць чытачоў у нашых бібліятэках? Спадзеючыся на шчырасць у адказах, спытала ў равеснікаў, як яны ставяцца да кніг, ці чытаюць іх наогул. Атрыманыя адказы мяне засмуцілі. Аказваецца, многім нецікава чытаць: яны параўноўваюць чытанне з сумным заняткам. Затое дарослыя наведваюць бібліятэкі, нават бяруць кнігі з платнага фонду. А моладзі такое баўленне часу не падабаецца. Ім не хочацца ісці ў бібліятэку – прасцей уключыць камп’ютар і знайсці там патрэбную інфармацыю. Друкаванымі кнігамі яны карыстаюцца толькі ў крайнім выпадку: напрыклад, на ўроках рускай ці беларускай літаратуры. Высветліла, што некаторыя маладыя людзі аддаюць перавагу экранізацыі твораў. Але ж 

у фільме можа быць зменены сюжэт. Ды і такое бывае – у інтэрнэт-кнігах неабходная інфармацыя ці гісторыя даецца скарочана... Можа, інтэрнэт і эканоміць час, але затое затрымлівае агульнае эстэтычнае развіццё. Зусім не многія, як высветлілася, чытаюць кнігі ў інтэрнэце – часцей “сядзяць” у сацыяльных сетках ды гуляюць у камп’ютарныя гульні.

У горадзе Ганцавічы тры бібліятэкі, плюс школьныя.  І ўсюды – вялікая колькасць цікавых кніг. Толькі многія з іх так і застаюцца непрачытанымі. Напрыклад, у бібліятэцы гімназіі маецца 12 тысяч кніг, у дзіцячай бібліятэцы – каля 24 тысяч. Бібліятэкары прызнаюцца: многія кнігі проста пыліліся б на паліцах, калі б не былі патрэбныя па школьнай праграме. Найчасцей наведваюць бібліятэкі вучні пачатковых класаў, бо дзецям не толькі цікава,  але па кнігах яны вучацца чытаць, пісаць, лічыць і нават маляваць. А ў цэлым адзін вучань за ўвесь навучальны год бярэ ўсяго 13 кніг – і гэта яшчэ не значыць, што ён іх усе чытае. 

– Чытанне – гэта цяжкі працэс. Трэба ўдумацца, зразумець, што хацеў расказаць аўтар, – гаворыць бібліятэкар гімназіі Святлана Чэкун. – А ў сучасных дзяцей і іх бацькоў увага сканцэнтравана на тэлебачанні і камп’ютарах. Бо там усё проста: сядзі і глядзі, што паказваюць, ды  слухай, што гавораць. Яшчэ вельмі важна, каб бацькі самі чыталі кнігі, таму што дзеці заўсёды вучацца на прыкладзе дарослых.

– Святлана Валянцінаўна, дык атрымліваецца, што інфармацыйныя тэхналогіі шкодныя?

– Ва ўсім патрэбна мера. Калі ўсё рабіць правільна, то і шкоды не будзе. Напрыклад, калі дзіця пасядзела за камп’ютарам 1-2 гадзіны, дык і на вуліцы пагуляць трэба столькі ж. А калі ты знайшоў сабе сябра ў віртуальным свеце, дык не пераставай вучыцца і сябраваць з рэальнымі людзьмі.

Атрымліваецца, што кнігі перасталі чытаць не таму, што нецікава, а таму, што не хапае часу: урокі, віртуальныя размовы і г. д. На маю думку, такую сітуацыю трэба выпраўляць. Лічу, нельга забываць, што кніга – гэта, у першую чаргу, крыніца ведаў і натхнення, дарадчык і псіхолаг. Лечаць травамі, загаворамі, гіпнозам. А вы паспрабуйце лячэнне кнігамі – і зразумееце, якая гэта  цудоўная кнігатэрапія ў хвіліны, калі вам кепска і ні з кім не хочацца размаўляць. 

Аліна ЛАДЫГА,

аб’яднанне “Юны рэпарцёр”.

г. Ганцавічы

 


 

Хтосьці з натоўпу

Ці ўсіх задавальняе школьны дрэс-код?

Давайце ўспомнім нашых бацькоў, якія хадзілі ўсе ў аднолькавай школьнай форме. Дзяўчынкі насілі карычневыя шарсцяныя сукенкі з белымі каўнярамі і манжэтамі, зверху – чорныя фартушкі. Калі было свята – белыя, што надавала школьніцам урачыстасць.

Адзенне хлопчыкаў было таксама аднолькавае – шарсцяныя касцюмы. Ніхто ні на каго не крыўдаваў, нікому не зайздросціў і ні ад каго не адрозніваўся, хіба што калготкамі або завушніцамі... Больш за тое – такая форма адзення “хавала” сямейны дастатак, не дзяліла на багатых і бедных. А адсутнасць мабільных тэлефонаў рабіла вучняў больш камунікабельнымі.

Сучасныя школьнікі ўжо даўно не носяць аднолькавую форму адзення, і хоць паўсюль гавораць пра афіцыйна-дзелавы стыль, – насамрэч, стылістыка вопраткі ў дзяцей розная. Вузкія спадніцы, аблягаючыя штаны, модныя блузкі і кофтачкі плюс кідкі макіяж – вось вобраз сучаснай вучаніцы не толькі старшых, але і сярэдніх класаў. І хлопцы імкнуцца апранацца згодна модным тэндэнцыям. На жаль, многія памылкова думаюць, што чорны пінжак, белая блузка і чорная спадніца заменяць школьную форму. Такое адзенне з’яўляецца афіцыйным, дзелавым, але не формай. Тым больш што і спадніцы, і блузкі, і пінжакі адрозніваюцца па кроі, колеры, фасоне. Нават калі вопратка цэлага класа аднолькавага колеру, адчування агульнага ансамбля няма. А між тым, шмат каму з нас падабаецца школьная форма нашых бацькоў! Мы з захапленнем глядзім на выпускніц-адзінаццацікласніц, якія стаяць на лінейцы ў карычневых сукенках з белымі фартушкамі, і думаем: “Хутчэй бы вырасці, каб апрануць такія ж...” 

Частка дарослых лічыць, што вучні школ абавязкова павінны насіць школьную форму, бо яна дысцыплінуе і ўраўноўвае дзяцей, што не дае падставы для зайздрасці і абмеркавання матэрыяльнага дабрабыту іх бацькоў. Іншыя ўпэўнены, што школьная форма – гэта не толькі прыгожа, але і гаворыць аб выхаванні дзіцяці. Пэўная ўніфіцыраванасць школьнай формы спрашчае вырашэнне пытання – што сёння апрануць у школу.

Ёсць і тыя, хто мяркуе, што зараз школьная форма дзецям не патрэбна, бо маем шмат прыгожай і моднай вопраткі. Прычым яна не толькі зручная, але і практычная. Таму навошта апранаць дзяцей у аднолькавыя сукенкі ці спадніцы?! Прыхільнікі такога пункту гледжання нават не дапускаюць думкі, што моднае і стыльнае адзенне можа выклікаць зайздрасць з боку аднакласнікаў, а часам і настаўнікаў. 

Мне ж падаецца, што хадзіць у школу – гэта не значыць красавацца ў абноўках, прыцягваць увагу, тут задача адна – атрымліваць веды, якія спатрэбяцца ў будучым. Пройдзе яшчэ які дзясятак гадоў – і паўсядзённая форма адзення вучняў школ абавязкова зменіцца... Вядома ж, у лепшы бок.

Эліна Мелехавец,

аб’яднанне па інтарэсах “Юны рэпарцёр”

Ганцавіцкага РЦДЮТ.


Учимся разбираться в субкультурах

Кто круче — р

Яндекс.Метрика
Индекс цитирования