Главная » 2017 » Февраль » 14 » "100 ідэй для Беларусі". Не прапусціць анкалогію
16:36
"100 ідэй для Беларусі". Не прапусціць анкалогію

Андрэй Савосцін, які сёлета заканчвае Гомельскі дзяржаўны медуніверсітэт, прапануе на рэспубліканскі конкурс «100 ідэй для Беларусі» эфектыўнае пераўтварэнне анкалагічнай службы. Сутнасць ідэі: пры стварэнні адзінай электроннай медыцынскай сеткі можна сістэматызаваць прафілактыку і лячэнне анкалагічных хворых, трымаць у полі зроку кожнага пацыента з групы рызыкі.

— Сёння, калі папяровыя базы даных у медустановах паступова пераводзяцца на электронныя носьбіты, самы час сістэматызаваць падобную інфармацыю, браць на ўлік людзей з перадпухліннымі захворваннямі, — тлумачыць Андрэй. — Сістэмна трэба весці і саміх анкалагічных хворых. Дапусцім, жыхар Гомеля прайшоў абследаванне, а пасля пераехаў жыць у Гродна. Вынікі яго даследаванняў не павінны «губляцца». Урач любой медустановы ў любой кропцы краіны павінен мець магчымасць даведацца, якія маніпуляцыі былі выкананы і калі. Пацыента перыядычна выклікаюць для наступнага агляду, ён праходзіць неабходныя даследаванні, што дапамагае выявіць анказахворванне як мага раней.

Усё гэта, на думку будучага ўрача, дапаможа вывучэнню існуючага ўзроўню анкалагічных захворванняў у цэлым, планаванню наведванняў пацыентамі спецыяльных скрынінгавых мерапрыемстваў, прагназаванню неабходных аб’ёмаў фінансавання. «Пры розных захворваннях на анкалогію пацыенту патрэбна рознае лячэнне, таму эканамічны складнік пралічыць цяжка, але ж гэта высокатэхналагічныя аперацыі і даследаванні. Сёння магчыма распрацаваць спецыяльную праграму ўліку пацыентаў, а конкурс на такую праграму можна правесці сярод студэнтаў пры падтрымцы БРСМ», — адзначае будучы медык і падкрэслівае, што яшчэ адна мэта яго прапановы — прапаганда здаровага ладу жыцця, каб насельніцтва мела на ўвазе час правядзення неабходных працэдур. Важна ахапіць пры гэтым менавіта ўсё насельніцтва.

Усяго на рэспубліканскі конкурс «100 ідэй для Беларусі» моладзь Гомельшчыны на гэты момант падрыхтавала 14 новых прапаноў, паведамляе галоўны спецыяліст Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Арцём Карпенка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, Звязда

Просмотров: 506 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования