Главная » 2012 » Май » 7 » 9 Мая — День Победы
20:55
9 Мая — День Победы


Сёлета ў 67-ы раз, як і ўсе беларусы, 9 Мая адзначыць і Аляксандр Міронавіч Лойка з вёскі Малыя Круговічы, які ўдзельнічаў у вызваленні ад фашыстаў Польшчы, ваяваў з імі на тэрыторыі Германіі. Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, франтавіку, на лёс якога з дзяцінства выпала шмат выпрабаванняў, і зараз не даюць спакою ўспаміны са свайго жыцця. "Усяго і не раскажаш, што прыйшлося ўбачыць і перажыць, — гаворыць Аляксандр Міронавіч. — Я ж нарадзіўся яшчэ пры панскай Польшчы, у 1923 годзе. Жылі вельмі бедна, вядома ж, беззямельныя. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Трохі падрос — пачаў наймацца пасвіць чужых кароў, каб хоць трохі падтрымаць сям’ю. Акрамя мяне, у бацькоў жа яшчэ трое дзяцей было”.


У поўнай меры адчуў на сабе Аляксандр Міронавіч і ўвесь жах фашысцкай акупацыі, калі ніхто і не ведаў, што будзе заўтра. Толькі калі прыйшло ў 1944 годзе доўгачаканае вызваленне, уздыхнулася з палёгкай. Аднак наперадзе чакалі ўжо франтавыя дарогі. Па мабілізацыі Аляксандра Міронавіча прызвалі служыць у Чырвоную Армію — у пяхоту. "Тады, нягледзячы на ўсё, здавалася, што нарадзіўся пад шчаслівай зоркай, — працягвае свой аповед ветэран. — Колькі ні было баёў, а мне давялося фарсіраваць раку Вісла, удзельнічаць у вызваленні Варшавы, перапраўляцца разам са сваімі таварышамі праз раку Одэр, і ніводнага ранення. Ужо ў Германіі ў размове афіцэр назваў мяне шчасліўчыкам, бо я адзін жывым застаўся з роты. А я яму ў адказ, што няма ў немцаў такой кулі, каб мяне ўзяла. І нібы сурочыў. Кулі не знайшлося, але ў красавіку 1945-га асколкамі снарада так ногі пасекла, што каля года ў шпіталях праваляўся. Дамоў вярнуўся на мыліцах, інвалідам. Жыць не хацелася, думаў, што лепш бы загінуў у баі — каму я патрэбен, калека?..”.

Але як пасля нават самай суровай зімы наступае вясна, так і краіна пасля той жудаснай вайны паступова ўздымалася з руін. Усюды віравала жыццё, напоўненае надзеяй на лепшае. Ажыў душой і Аляксандр Міронавіч — ажаніўся, разам з жонкай выхаваў траіх дзяцей. У штодзённых клопатах успаміны адыходзілі на другі план, але аб баявым шляху нагадвалі ўзнагароды, сярод якіх ордэн Славы трэцяй ступені, медалі "За адвагу” і "За вызваленне Варшавы”.

"Колькі давялося перажыць! Асэнсоўваеш гэта і здзіўляешся, як змяніўся свет, наша жыццё, — гаворыць Аляксандр Міронавіч і дадае: — Але ведаю толькі адно: нічога няма страшней за вайну. Мір — гэта адна з самых вялікіх каштоўнасцей для чалавецтва…”.

по материалам сайта http://www.gants.by/
Просмотров: 716 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования