Главная » 2016 » Январь » 21 » Аб’яднаны агульнымі інтарэсамі
09:43
Аб’яднаны агульнымі інтарэсамі

Cавет моладзі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 107 філіяла № 802 ААТ “ААБ Беларусбанк” г. Ганцавічы заняў другое месца на абласным аглядзе-конкурсе на лепшы савет моладзі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый.

Для ўдзелу ў першым этапе конкурсу саветы моладзі прадстаўлялі ў рэгіянальны аргкамітэт справаздачу аб сваёй дзейнасці за год, характарыстыку старшыні савета, вядзенне справаводства, а таксама творчую справаздачу, у якой адлюстравана жыццё моладзі і работа савета моладзі на прадпрыемстве, ва ўстанове ці арганізацыі, і матэрыялы аб дзейнасці савета моладзі, апублікаваныя ў рэгіянальных і абласных сродках масавай інфармацыі. У раённым этапе ўдзельнічалі 8 прадпрыемстваў, у абласным — 9. У выніку работа савета па справах моладзі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 107 высока ацэнена журы — ён заняў другое месца на Брэстчыне.

…Што такое савет моладзі? Чым ён карысны і чым займаюцца яго члены? На гэтыя і іншыя пытанні адказала галоўны спецыяліст па рабоце з моладдзю сектара культуры Ганцавіцкага райвыканкама Іна Зелепухіна.

— Савет моладзі ствараецца з мэтай рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, абароны сацыяльна-эканамічных і працоўных правоў моладзі, прыцягнення перспектыўнай моладзі да ўдзелу ў кіраванні арганізацыяй, а таксама да актыўнай грамадскай работы.

Члены савета моладзі вывучаюць інтарэсы і праблемы моладзі ва ўстановах, прымаюць удзел у распрацоўцы калектыўнага дагавора арганізацыі, падтрымліваюць маладых работнікаў, прыцягваюць іх да актыўнага ўдзелу ў культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце, а таксама ў масавых акцыях, якія праводзяцца прафсаюзам. І гэта далёка не ўсе функцыі савета моладзі. У яго склад уваходзяць службовыя асобы, якія маюць дачыненне да вырашэння праблем моладзі, а таксама прадстаўнікі грамадскіх структур: сакратары пярвічных арганізацый ГА “БРСМ”, старшыня прафкама і іншыя.

Як расказаў намеснік дырэктара ЦБП № 107  Сяргей Лапіч, савет моладзі ў арганізацыі быў створаны ў лютым 2006 года. Тады ж Сяргея Сяргеевіча і назначылі старшынёй савета. Гэтую пасаду ён займаў да 2013 года, таму шмат ведае пра спецыфіку такой  работы.

— Калі гаварыць у цэлым пра калектыў нашага банка, то ў апошнія 4 — 5 гадоў ён толькі маладзее. Сярэдні ўзрост работнікаў — 37 гадоў. Нямала маладых мам, якія зараз у дэкрэтным адпачынку, — 14, і шматдзетных сем’яў. Банк аказвае ім дапамогу ў будаўніцтве жылля, напрыклад. На дзіця выдаюцца дапамогі. Увогуле, падтрымка банка дастаткова сур’ёзная.

У гэтым годзе да нас працаваць прыйшоў адзін малады спецыяліст. За маладымі кадрамі заўсёды замацоўваецца настаўнік. Дарэчы, да адукацыі работнікаў у нас сур’ёзныя патрабаванні — прымаем толькі тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю.

Што датычыцца непасрэдна работы нашага савета моладзі, дык для супрацоўнікаў мы праводзім шмат цікавых мерапрыемстваў. Так, ужо традыцыя — спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, якія мы праводзім штогод, туры выхаднога дня, спаборніцтвы па футболе і па хакеі паміж інкасацыяй і супрацоўнікамі банка. Усе гэтыя мерапрыемствы праводзяцца сумесна з прафсаюзам, які выдзяляе сродкі. Яшчэ 3 — 4 разы на год арганізоўваюцца экскурсіі ў Санкт-Пецярбург, Закарпацце, наведваем таксама славутныя мясціны нашай рэспублікі. Рэгулярна выязджаем і на аздараўленне. Ёсць два санаторыі, якія належаць банку: “Солнечный” і “Спутник”.

Увогуле, калектыў у нас вельмі дружны. Напрыклад, у мінулым годзе на абласным турзлёце банкаўскіх работнікаў першы раз праводзіўся конкурс “Страявая песня”. Нягледзячы на некаторую неахвоту, нашы супрацоўнікі ўсё ж адгукнуліся, доўга праводзілі рэпетыцыі… У выніку занялі тады другое месца. Гуляць у футбол, напрыклад, таксама заўсёды ўсе ідуць з задавальненнем. Дарэчы, у нас ёсць свой інвентар — палаткі, лыжы… Кожны год усё абнаўляецца.

…З сакавіка 2013 года савет моладзі ў цэнтры банкаўскіх паслуг узначальвае Кацярына Аўчарэнка, спецыяліст другой катэгорыі сектара продажу рознічных банкаўскіх прадуктаў і паслуг аддзела рознічнага бізнэсу, яна ўзначальвае пярвічную арганізацыю БРСМ. Акрамя работы ў супрацоўнікаў банка шмат агульных інтарэсаў, мерапрыемстваў, у якіх яны ўдзельнічаюць. Работнікам аказваецца істотная дапамога і падтрымка. Гэта значыць, савет моладзі ЦБП № 107 з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як павінны працаваць такія саветы. Галоўнае, гэтую работу відаць. А значыць, усё нездарма.

Вікторыя ПРЫКОТА.

"САВЕЦКАЕ ПАЛЕССЕ"

НА ЗДЫМКУ: Іна Зелепухіна і Кацярына Аўчарэнка.

Фота Вікторыі ПРЫКОТЫ.

Просмотров: 477 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования