Главная » 2011 » Июнь » 8 » Адбылося пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства 4 верасня 2011 года ў Ганцавічах
21:58
Адбылося пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства 4 верасня 2011 года ў Ганцавічах
На чале з віцэ-прэм’ерам Рэспублікі Беларусь А. А. Тозікам адбылося чарговае пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства 4 верасня 2011 года ў Ганцавічах
 

 
 
У яго рабоце 3 чэрвеня прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама К. А. Сумар, міністры інфармацыі і культуры Рэспублікі Беларусь А. В. Праляскоўскі і П. П. Латушка, намеснікі міністраў фінансаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя і адукацыі В. А. Васіленка, Б. В. Ліпень і Д. Л. Піневіч, В. В. Якжык, генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання "Белбыт” А. А. Марчанка, намеснік дырэктара Дэпартамента "Белаўтадор” Р. І. Шульга, першы намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі А. П. Саламаха, начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай сферы Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь А. А. Сівалобава, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў С. Д. Сідзько, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Рэспублікі Беларусь, пасол па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў рэспублікі У. Р. Счасны, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Л. А. Цупрык, многія адказныя работнікі Брэсцкага аблвыканкама і абласных структур, Ганцавіцкага райвыканкама і яго старшыня У. М. Столяр.

Адкрыў пасяджэнне віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь, старшыня Нацыянальнага аргкамітэта А. А. Тозік. У сваёй кароткай прамове Анатоль Афанасьевіч адзначыў, што работа па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах вядзецца няблага і адзначыў бясспрэчную заслугу ў гэтым кіраўніка раёна У. М. Столяра. Віцэ-прэм’ер выказаў цвёрдую ўпэўненасць у тым, што да свята горад будзе падрыхтаваны дастойна. Затым А. А. Тозік прапанаваў удзельнікам пасяджэння наведаць аб’екты, дзе вядуцца работы па іх будаўніцтву і рэканструкцыі і на якіх 4 верасня гэтага года пройдуць асноўныя мерапрыемствы свята.

Члены Нацыянальнага аргкамітэта і запрошаныя на яго пасяджэнне шматлікія госці пабывалі ў гарадскім скверы, знаёміліся з рэканструкцыяй і рамонтам гасцініцы, універмага і іншых магазінаў райпо, краязнаўчага музея, Дома быту, рэстарана "Цна”, кінатэатра "Кастрычнік”, цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава, раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, цэнтральнай раённай бальніцы, прайшліся па будучай алеі пісьменства, абнаўляемых вуліцах, наведалі шэраг іншых сацыяльна важных аб’ектаў райцэнтра, якія рыхтуюцца да свята.

А другой палове дня 3 чэрвеня ў Вялікай зале Дома Саветаў адбылося заключнае пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта, на якім былі падведзены вынікі падрыхтоўкі горада Ганцавічы да святкавання Дня беларускага пісьменства.

Выступаючы на ім, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь А. В. Праляскоўскі сказаў, што Дзень беларускага пісьменства — гэта не толькі нацыянальнае, але і міжнароднае свята (на яго запрошаны і прыедуць шматлікія дэлегацыі з блізкага і далёкага замежжа), што яно мае вялікае ідэалагічнае і культурнае значэнне. Алег Вітольдавіч падрабязна расказаў аб тым, як будзе праходзіць свята, і аб фінансавым укладзе ў яго свайго міністэрства.

У сваім выступленні старшыня Ганцавіцкага райвыканкама У. М. Столяр расказаў, чаму менавіта Ганцавічы абраны сёлета сталіцай свята беларускага пісьменства: на гэтай зямлі нарадзіліся і выраслі вядомыя пісьменнікі і паэты, якія ўнеслі вялікі ўклад у беларускую літаратуру. І галоўнае — на Ганцаўшчыне ў пачатку ХХ стагоддзя пачынаў свой творчы шлях і напісаў аповесць "У палескай глушы” знакамітай трылогіі "На ростанях” будучы класік беларускай літаратуры Якуб Колас, які настаўнічаў у вёсцы Люсіна.

Уладзімір Міхайлавіч падрабязна расказаў і аб тым, як выкарыстоўваюцца фінансавыя сродкі, выдаткаваныя на падрыхтоўку да гэтага маштабнага мерапрыемства. Іх не хапае, таму даводзіцца карэкціраваць планы з тым разлікам, каб выкарыстаць іх з максімальнай эфектыўнасцю.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама К. А. Сумар выказаў пажаданне, каб усе запланаваныя аб’екты былі рэканструяваны строга па графіку — да 15 жніўня гэтага года. Ён заклікаў будаўнікоў пры часовым недахопе фінансавых сродкаў папрацаваць, як кажуць, "у доўг”, як гэта рабілася ў іншых гарадах пры правядзенні падобных мерапрыемстваў (у выніку з імі ўсё роўна разлічацца), а галіновыя міністэрствы — не шкадаваць на правядзенне свята грошай.

Пажаданне губернатара падтрымаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь П. П. Латушка. Павел Паўлавіч не толькі расказаў аб тым, якія мерапрыемствы 4 верасня плануе правесці ў Ганцавічах згаданае міністэрства, але і паабяцаў знайсці і не шкадаваць на яго правядзенне фінансавых сродкаў.

Свае меркаванні аб падрыхтоўцы і правядзенні святкавання Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах на пасяджэнні выказалі таксама намеснікі міністраў фінансаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь В. А. Васіленка і Б. В. Ліпень і іншыя члены Нацыянальнага аркамітэта.

Падвёў вынікі пасяджэння Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах яго старшыня — віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь А. А. Тозік. Ён падзякаваў усім за плённую работу і прасіў асабліва адзначыць у пратаколе выдатныя адносіны і актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да свята сістэмы Белкаапсаюза. Анатоль Афанасьевіч выказаў таксама пажаданне, каб да свята рыхтаваліся не толькі дзяржаўныя органы і арганізацыі, але самі ганцаўчане. "Рыхтавацца да Дня беларускага пісьменства — вялікага нацыянальнага свята — трэба ўсёй грамадой, а не быць пабочнымі назіральнікамі ў гэтай справе”, — рэзюмаваў віцэ-прэм’ер.

Па выніках пасяджэння быў прыняты адпаведны пратакол.
Просмотров: 797 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования