Главная » 2012 » Ноябрь » 8 » Адчуць сябе ў 41-м, альбо Другое жыццё цытадэлі
22:52
Адчуць сябе ў 41-м, альбо Другое жыццё цытадэлі
Ці стане магчымым ажывіць турыстычную дзейнасць і ваенна-гістарычную рэканструкцыю ў сусветнавядомым мемарыяле?
Брэсцкая крэпасць… Для кагосьці – нядаўна зняты блокбастар, для кагосьці – музей "Бярэсце” ці Вечны агонь ды помнік "Смага”, а для некага – гэта неад’емная частка жыцця. Маю на ўвазе не ветэранаў, абаронцаў цытадэлі, а тых, хто гісторыі і памяці падзей часоў даўно мінулых, не пабаюся пафаснага выразу, прысвячае сябе.
У 2010 годзе  ініцыятыва аматараў гісторыі, людзей рознага ўзросту і сацыяльнага становішча, знайшла падтрымку ў гарадскім камітэце грамадскага аб’яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Пры гаркаме быў створаны ваенна-гістарычны клуб "Гарнізон”. Дарэчы, берасцейцы маглі ўжо чуць ці бачыць, чым зай-маюцца "гарнізонаўцы”. На іх рахунку – шмат акцый патрыятычнага выхавання, добраўпарадкавання і, безумоўна, ваенна-гістарычныя рэканструкцыі. Наўрад ці зной-дзецца той, хто не чуў пра рэканструкцыю падзей 22 чэрвеня ў крэпасці. Калі ў 2011 годзе ў "баі” ўдзельнічалі 250 чалавек, дык сёлета трагічны ранак 1941-га рэалістычна рэканструявалі 500 аматараў гісторыі з 7 краін свету, а маштабы гульнявога пачатку вайны, які назвалі "Уварванне”, уразілі нават скептыкаў.
Узначальвае ваенна-гістарычны клуб "Гарнізон” вайсковец, афіцэр запасу Юрый Кірэеў. Аб’яднанне ўжо налічвае 30 чалавек ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў (дарэчы, 5 з іх – прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва). Усе ўдзельнікі носяць ваенную  форму, якую шыюць па спецыяльнай  замове ў Мінску. "Гарнізонаўцы” займаюцца рэканструкцыяй 125-га стралковага палка і падзей, з ім звязаных.
Сапраўды, на мой погляд, грандыёзнай і супярэчлівай ініцыятывай з’яўляецца стварэнне ў крэпасці маладзёжнага патрыятычнага цэнтра гістарычнай рэканструкцыі. З’явіцца ён можа ў былой артылерыйскай лабараторыі Кобрынскага ўмацавання (уезд праз Паўночныя вароты).
– Зараз распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя цэнтра, – расказаў першы сакратар абкама ГА "БРСМ” Віктар Іваноў. – Праект прыкладна ацэньваецца ў 20 мільярдаў рублёў. У адрэканструяваным будынку будуць казармы, тэхнічныя памяшканні, кіна- і канферэнц-зала, музей.  Плануецца праводзіць тут маладзёжныя лагеры, форумы, фэсты і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі.
Першай ластаўкай стала прапанова аднадумцаў з Расіі правесці тут патрыятычны фестываль. БРСМ актыўна супрацоўнічае з зацікаўленымі структурамі Ленінградскай вобласці, і яны ахвотна далучыліся да добрай справы.
Для культурных мерапрыемстваў будзе створана спецыяльная пляцоўка. Дакладней кажучы, яна ўжо ёсць каля Паўночных варот, аднак патрабуецца яшчэ тое-сёе давесці да ладу.
Будынак Кобрынскага ўмацавання адносіцца да XIX стагоддзя і з’яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай, якая ахоўваецца дзяржавай. Пра такія збудаванні гавораць, што танней пабудаваць з нуля, чым рэканструяваць падобную "спадчыну”. Аднак Віктар Іваноў з энтузіязмам і пераканаўчай упэўненасцю расказаў пра першыя крокі рэалізацыі праекта.
– Стварэннем цэнтра зацікавіліся расійскія інвестары, – працягвае гаворку Віктар. – Добра было б таксама зрабіць гэта будаўніцтва рэспубліканскім, напрыклад, выкарыстаць патэнцыял студатрадаў і добраахвотнікаў. Усе магчымасці будуць разгле-джаны.
"А як жа ахова гісторыка-культурнай спадчыны?” – узнікае лагічнае пытанне. Усе дзеянні ажыццяўляюцца па дамоўленасці з Міністэрствам культуры. Рэканструкцыяй фасадаў зоймуцца спецыялісты, а вось унутраныя будаўнічыя работы можна даверыць моладзі.
Праект разлічаны на сама-акупнасць. Прыбытак плануецца атрымліваць праз 7-8 гадоў. У першую чаргу, даход чакаецца ад замежных турыстаў, якія змогуць адчуць аскетычную ваенна-бытавую атмасферу 40-х. Жыць яны будуць у казармах, змогуць прымерыць форму, а работнікі цэнтра раскажуць пра сакрэты мемарыяла і яго гісторыю. Здача аб’екта запланавана на 2014 год.
Нагадаем, што ў бліжэйшай будучыні плануецца адкрыць пешаходны пагранпераход з суседняй Польшчай – а гэта, пагадзіцеся, толькі ў "плюс” новай ініцыятыве. Нядаўна Пагранічны востраў наведаў старшыня гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў. Апошняя падрыхтоўка вядзецца тут не без удзелу актывістаў БРСМ. Яны ж удзельнічаюць у суботніках па добраўпарадкаванні Пагранічнага вострава, дзе хутка адкрыецца новы турыстычны маршрут.
Акрамя таго, у рамках рэалізацыі праекта па стварэнні патрыятычнага цэнтра з’явіцца і новая тэхніка, якую энтузіясты гістарычнага пошуку знахо-дзяць у розных кутках былога Саюза. Суарганізатарам праекта з расійскага боку з’яўляецца Фонд абароны Неўскага плацдарма.
Шчыра прызнацца, прытрымліваюся кансерватыўных поглядаў, а таму любое ўмяшанне ў "цела” свяшчэннага мемарыяла ўспрымаю насцярожана і не магу абысці вострае пытанне рэшткаў, якія хавае гэтая зямля.
Па словах майго суразмоўцы, перад тым, як пачаць будаўнічыя работы, у крэпасці працаваў археалагічны атрад гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна пад кіраўніцтвам Аляксандра Башкова.
Планы па рэканструкцыі не абмяжоўваюцца сценамі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой”. Сёння малавядомая гісторыя 62-га ўмацраёна. Між тым, на думку Віктара Іванова, было б цікава распрацаваць гісторыка-турыстычны маршрут у раёне Гершон, 5-га форта.
– Безумоўна, праект стварэння цэнтра перш за ўсё накіраваны на патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, – расказаў дырэктар мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгор Бысюк. – Для цытадэлі з’яўленне мала-дзёжнага цэнтра – толькі "плюс”. Будынкі Кобрынскага ўмацавання набудуць другое жыццё, новыя аб’екты дадуць магчымасць праводзіць разнастайныя мерапрыемствы і, як вынік, развіваць турыстычную дзейнасць.
Па словах Рыгора Бысюка, ініцыятыва маладых заслугоўвае ўвагі і мае перспектыўную будучыню. А калі ў іх з’явіцца жаданне працягваць сваю добрую справу, дык тэрыторыя крэпасці стане шырокім полем для дзейнасці.
Ці будзе ініцыятыва ацэнена грамадскасцю і ці апраўдаюцца спадзяванні яе аўтараў – пакажа час. Цытадэль – жывы арганізм, і ці прыме ён новы модны павеў – невядома. Аднак націск, энтузіязм і духоўная моц саміх ініцыятараў прымушае верыць у поспех ідэі.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, "НТ”.
Просмотров: 596 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования