Главная » 2013 » Ноябрь » 28 » Больш за 20 інавацыйных праектаў былі прадстаўлены на занальнай выставе “100 ідэй для Беларусі”
02:11
Больш за 20 інавацыйных праектаў былі прадстаўлены на занальнай выставе “100 ідэй для Беларусі”
Праект Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі "100 ідэй для Беларусі” накіраваны на стварэнне і падтрымку перспектыўных навукова-тэхнічных распрацовак. На Брэстчыне ён стаў вельмі папулярным. Толькі ў мінулым годзе моладзь нашага рэгіёна прэзентавала пяць сур’ёзных праектаў, якія, дарэчы, увайшлі ў сотню  лепшых ініцыятыў краіны і ўжо знайшлі прымяненне на практыцы.

Брэсцкая занальная выстава рэспубліканскага праекта "100 ідэй для Беларусі” прайшла 27 лістапада на базе цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста. Сярод запрошаных гасцей былі першы сакратар абласнога камітэта ГА "БРСМ” Віктар Іваноў і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама Анатоль Наскоў.

– Вядома ж, будучыню краіны будаваць маладым, а залежыць яна ад таго, як пакажуць сябе сённяшнія юнакі і дзяўчаты, наколькі актыўнымі яны будуць. – разважае Анатоль Наскоў. – Спадзяюся, што большасць з прадстаўленых на выставе ініцыятыў знойдзе прымяненне ў жыцці і будзе працаваць на карысць нашай краіны.

На выставе былі прадстаўлены больш за 20 праектаў лепшых інавацыйных ідэй сацыяльнага і эканамічнага развіцця Беларусі. Сярод іх – маладзёжны сайт "Мы разам!”, "Візуальная экскурсія па Чэрнінскім музеі народнай славы”, "Здароўе – гэта здорава!”, гульня "Беларуская мазаіка”, "Будаўніцтва новага корпуса Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта”, "Мастацкае афармленне пад’ездаў жылых дамоў” і іншыя.

Сёння ж, 29 лістапада, эстафету маладзёжных ініцыятыў  прыме Пінск. З 11.00 да 15.00 у актавай зале пінскага гарадскога Дома культуры адкрыецца выстава "100 ідэй для Беларусі – новы фармат”. У мерапрыемстве прымуць удзел аўтары  маладзёжных праектаў з Пінска, Пінскага раёна, Іванава і Століна.

Па выніках рэгіянальных выстаў экспертны савет вызначыць найбольш цікавыя, неардынарныя, а галоўнае – карысныя для дзяржавы ідэі, якія прадставяць Брэстчыну на рэспубліканскай выставе.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, "НТ”.
Просмотров: 577 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования