Главная » 2015 » Май » 17 » Будаўнік — ПМК-14” — уладальнік “Кубка пераможцаў”
11:53
Будаўнік — ПМК-14” — уладальнік “Кубка пераможцаў”

Рашаючыя матчы адкрытага футбольнага турніру “Кубак пераможцаў”, прысвечанага 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адбыліся 9 мая на стадыёне Ганцавіцкай СДЮШАР.

Першымі аспрэчвалі трэцяе прызавое месца каманды аграгарадка Хатынічы і горада Баранавічы. Пачатак гульні прайшоў у роўнай барацьбе. Сапернікі стварылі па тры вострыя моманты для ўзяцця варот, аднак увасобіць іх у галы не змаглі. Нарэшце, пасля прабіцця штрафнога ўдару, на выніковай кропцы аказаўся наш нападаючы Дзмітрый Амрэйчык — 1:0. Мінімальны лік трымаўся нядоўга. Аднавіў раўнавагу з пенальці Дзмітрый Ерын. Напрыканцы першага тайма гаспадары зноў выйшлі наперад. Вызначыўся Вадзім Пічыц.

У другой палове сустрэчы высокую актыўнасць і згуртаванасць праявілі баранавіцкія футбалісты. Яны поўнасцю перахапілі ініцыятыву, гулялі хутка і камбінацыйна. У адным з эпізодаў моцны ўдар па варотах наносіў Дзмітрый Ерын, але мяч трапіў у перакладзіну. Раз-пораз, на апошнім рубяжы, выручаў нашу каманду варатар Аляксандр Наумік. Аднак у сярэдзіне другога тайма і ён не змог супрацьстаяць націску сапернікаў. Чарговую атаку ўдала завяршыў Аляксандр Палонскі, зраўняўшы лік, а праз пяць мінут Павел Краўчук вывеў гасцей наперад — 3:2.

Дасягнуўшы перавагі, баранавіцкія футбалісты не збавілі тэмпаў і зноў святкавалі поспех. Гол у свой актыў запісаў Аляксей Ахрэмка.

У такой сітуацыі гаспадарам, як гаворыцца, губляць не было чаго, і яны дружна кінуліся атакаваць. У дададзеныя арбітрам дзве мінуты Вадзім Пічыц скараціў лік да мінімуму. Аднак на большае нашым землякам не хапіла ні магчымасцей, ні часу. З лікам 4:3 выйгралі баранавіцкія футбалісты і заваявалі бронзавыя медалі.

Вялікую цікавасць у аматараў футбола выклікаў фінальны матч. За перамогу ў прэстыжным турніры і валоданне ганаровым кубкам змагаліся ганцавіцкі “Будаўнік — ПМК-14” і каманда г. Клецка.

На працягу гульні нашы землякі больш упэўнена кантралявалі мяч, пераўзыходзілі сапернікаў у хуткасці і вастрыні атак. Не прайшло і пяці мінут, як Аляксандр Ходар адкрыў лік. Праўда, неўзабаве Фёдар Раман аднавіў раўнавагу, але не надоўга. Выйшаўшы адзін на адзін з варатаром гасцей, спаўна выкарыстаў свой шанц Аляксандр Дайлід. У сярэдзіне другога тайма ён аформіў дубль, падвоіўшы перавагу сваёй каманды. Гасцям удалося толькі на апошніх секундах дададзенага часу адквітаць адзін гол. Трапным быў Максім Мінтчук.

Такім чынам, з лікам 3:2 заслужана перамаглі нашы землякі і сталі ўладальнікамі ганаровага кубка і залатых медалёў. Поспех падзяляюць: варатар Антон Жукоўскі, абаронцы Алег Свірыд, Дзмітрый Пішч, Аляксандр Мышкавец, Дзмітрый Лексакоў, паўабаронцы Сяргей Спосаб, Аляксандр Харлаогійн, Алег Берташ, Сяргей Муха, Аляксандр Ходар, Дзмітрый Скрыган, нападаючыя Яўген Рабцэвіч, капітан каманды Аляксандр Дайлід і трэнер Уладзімір Каркотка.

Лепшымі ігракамі фінальнага матча прызнаны Аляксандр Дайлід (“Будаўнік — ПМК-14”) і Максім Мінтчук (г. Клецк).

Ганаровы кубак і медалі пераможцам і прызёрам уручыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Ігнатавіч Курловіч. Ён пажадаў футбалістам далейшых поспехаў у імя нашай Айчыны.

Загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Яўген Кабрынец узнагародзіў ветэрана спецыяльным прызам.

Цёпла павіншавалі пераможцаў і прызёраў кіраўнік раёна Аляксандр Саланевіч і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў.

Адкрыты футбольны турнір, прысвечаны юбілею Вялікай Перамогі, падарыў балельшчыкам шмат урачыстых і запамінальных падзей.

Просмотров: 777 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования