Главная » 2013 » Февраль » 5 » Чэмпіянат раёна па міні-футболе завяршыўся перамогай каманды РЖКГ
23:09
Чэмпіянат раёна па міні-футболе завяршыўся перамогай каманды РЖКГ
Упэўненай перамогай футбалістаў "РЖКГ” завяршыўся адкрыты чэмпіянат раёна па міні-футболе. Апошнія гульні першынства прайшлі ў нядзелю, 3 лютага.

У апошняй сустрэчы чэмпіянату будучым пераможцам трэба было не саступіць камандзе "СВК "Бярозавец”. Аднак у аматараў футбола не было ніякіх сумненняў, што каманда "РЖКГ” і ў гэтым паядынку атрымае перамогу. Так яно ў выніку і адбылося: гульня завяршылася з лікам 10:3 на карысць футбалістаў з камунгаса.

За другое месца перад апошнім гульнявым днём, акрамя каманды "ПМК-14”, прэтэндавалі і футбалісты "Сатурна” з Ганцавіч. Для гэтага ў асабістай сустрэчы ім трэба было перамагчы сваіх сапернікаў з будаўнічай арганізацыі. Гульня паміж вышэйзгаданымі калектывамі атрымалася даволі цікавай. Аднак футбалісты "ПМК-14” у выніку святкавалі перамогу з лікам 6:3 і завяршылі чэмпіянат на другім месцы.

А вось за трэцяе месца барацьба ішла да самай апошняй сустрэчы. Футбалісты "СВК "Бярозавец” пасля не вельмі ўпэўненага старту чэмпіянату выйгралі шэраг матчаў і мелі неблагія шансы на "бронзу”. У сустрэчы супраць футбалістаў "Сатурна” камандзе з сельгаскааператыва патрэбна была толькі перамога, а камандзе з Ганцавіч дастаткова было згуляць унічыю. У выніку перамога з лікам 6:5, а з ёй і ганаровае трэцяе месца дасталося футбалістам "СВК "Бярозавец”.

Па заканчэнні турніру прызёры спаборніцтваў атрымалі дыпломы і памятныя медалі ад арганізатараў — фізкультурна-спартыўнага клуба "Здароўе-7”, а таксама аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і райкама ГА "БРСМ”. А футбалісты "РЖКГ” за перамогу ў чэмпіянаце былі ўзнагароджаны яшчэ і ганаровым кубкам.

Вызначаны і лепшыя футбалісты спаборніцтваў, якія таксама атрымалі каштоўныя падарункі ад арганізатараў турніру. Лепшым галкіперам стаў Дзмітрый Аскерка ("СГВК "Любашава”), абаронцам — Юрый Мелехавец ("РЖКГ”), нападаючым — Ігар Бобка ("ПМК-14”).

Таксама суддзі, трэнеры і прадстаўнікі кожнай з каманд выбіралі лепшага іграка ўсяго турніру. Ім стаў Юрый Мелехавец з каманды "РЖКГ”.

Як адзначылі па заканчэнні спаборніцтваў футбалісты, трэнеры, а таксама шматлікія балельшчыкі, якія на працягу першынства цалкам запаўнялі спартыўную залу СШ № 1 г. Ганцавічы, арганізацыя турніру сёлета была адной з самых лепшых за апошнія гады. Парадавала і колькасць удзельнікаў спаборніцтваў.

Не даводзіцца ўспомніць, каб за перамогу ў першынстве раёна змагалася ажно 10 каманд. Канешне ж, не ва ўсіх хапала майстэрства, каб нароўні змагацца з фаварытамі, аднак тое, што футбол становіцца больш масавым і папулярным у сельскіх населеных пунктах, не можа не радаваць.

Чэмпіянат скончыўся, аднак футбольныя спаборніцтвы на гэтым не завяршаюцца. Зусім хутка стартуе Кубак раёна па міні-футболе, які абяцае быць не менш цікавым, чым чэмпіянат.

Уладзімір САКАЛОЎ.
Просмотров: 583 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования