Главная » 2016 » Сентябрь » 29 » Цікаўнасць да бізнесу — з маладосці
09:03
Цікаўнасць да бізнесу — з маладосці

Сёння моладзь не толькі ўяўляе ўласную будучыню, але і сама стварае яе. У Беларусі з’яўляецца ўсё больш маладых навукоўцаў і бізнесменаў, прычым частка арыгінальных праектаў была прыдумана імі на студэнцкай лаўцы ці наогул за школьнай партай.

— За апошнія пяць гадоў у міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах паўдзельнічалі больш за 220 чалавек, 175 з іх занялі па выніках прызавыя месцы, — на думку намесніка начальніка ўпраўлення навукі і інавацый Міністэрства адукацыі Глеба Ткачэнкі, такія спаборніцтвы сярод школьнікаў дазваляюць вылучыць адораных вучняў на самых ранніх этапах.

Падобную задачу выконваюць і конкурсы, творчыя праекты сярод студэнтаў. Адзін з іх пад назвай «100 ідэй для Беларусі» дапамагае маладым людзям не толькі расказаць пра свае задумы, але і рэалізаваць іх на карысць краіне. Каардынатар праекта, старшыня Цэнтральнай кантрольнай камісіі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Алеся Віннік расказала, як вядзецца работа з таленавітай моладдзю:

— За пяць гадоў, пакуль рэалізуецца гэты праект, мы сабралі больш за 8 тысяч удзельнікаў. Асвоена больш за 300 тысяч долараў у якасці грантаў і больш чым 200 праектаў рэалізавана ў пэўным сектары эканомікі ці функцыянуюць як асобны бізнес. Сёлета мы вырашылі стварыць у інтэрнэце Банк рэалізаваных ідэй, які дапаможа юным вынаходнікам натхніцца станоўчымі прыкладамі.

З кастрычніка пачнуцца рэгіянальныя этапы конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Яны праводзяцца для таго, каб новыя прапановы маглі данесці да экспертаў не толькі студэнты і школьнікі, але і маладыя спецыялісты, якія працуюць на прадпрыемствах. Арганізатары праекта лічаць, што гэта пасадзейнічае ўкараненню новых падыходаў у рэальным сектары эканомікі. Акрамя таго, беларуская ініцыятыва пошуку адоранай моладзі выйшла на міжнародны ўзровень, праект «100 ідэй для СНД» быў праведзены ўпершыню і зацікавіў моладзь з іншых краін, дзе распачалася рэалізацыя падобных праектаў.

Ініцыятывы маладых знаходзяць падтрымку не толькі з боку грамадскіх аб’яднанняў і асобных інвестараў, але і фінансуюцца дзяржавай. Больш за 20 гадоў таму быў створаны Спецыяльны фонд Прэзідэнта для падтрымкі таленавітых і адораных маладых грамадзян, у 2005 годзе — Банк адоранай і таленавітай моладзі. Разумныя і ініцыятыўныя маладыя людзі, якія праяўляюць сябе на конкурсах і алімпіядах, могуць разлічваць на даволі значныя грашовыя ўзнагароды. Напрыклад, пераможцы міжнародных алімпіяд — на выплаты памерам каля 55 базавых велічынь. Таксама ўсе, хто быў занесены ў Банк адоранай моладзі ці атрымаў прэмію з фонду Прэзідэнта, маюць значныя льготы, у тым ліку права на льготны крэдыт на куплю альбо будаўніцтва жылля, права на паступленне ва ўніверсітэт, аспірантуру або магістратуру без здачы экзаменаў, першачарговае размеркаванне на месца працы.

Яшчэ адна з’ява, якая набірае папулярнасць — правядзенне стартапаў. Начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі Дзмітрый Крупскі растлумачыў карысць такіх мерапрыемстваў:

— На сёння стартап займае важнае месца ў грамадскай дзейнасці, ён захапіў значнае кола ўдзельнікаў як сярод моладзі, так і ў бізнес-суполцы, падключыў экспертаў-аналітыкаў і стаў знакавай з’явай у жыцці сучаснай Беларусі. Прадпрымальніцтва — гэта інструмент, які дазваляе чалавеку ў поўнай меры праявіць свае сілы. Узрост ад 16 да 35 гадоў — самы актыўны час пошуку самога сябе, і ў гэтым кантэксце мы разглядаем стартап-рух як «школу маладога байца». Удзел у такіх мерапрыемствах паказвае, наколькі ідэя цікавая для бізнес-суполкі, дапамагае вызначыць кірунак, запатрабаваны сучасным грамадствам, рыхтуе маладога чалавека да сур’ёзнай працы ў сферы бізнесу.

Папулярнасць стартапаў пацвярджаецца і лічбамі. Так, у 2015 годзе ў іх было зарэгістравана 15 тысяч удзельнікаў. Сёлета толькі за першае паўгоддзе ўжо каля 9 тысяч, мяркуецца, што да канца года гэтая лічба дасягне прыблізна 18 тысяч удзельнікаў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Просмотров: 904 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования