Главная » 2015 » Декабрь » 13 » Дастойная будучыня краіны
23:58
Дастойная будучыня краіны

“Айчына. Законнасць. Справядлівасць” — пад такой назвай прайшло ў СШ № 1 горада Ганцавічы ў чацвер, 10 снежня, урачыстае пасвячэнне ў рады вучняў прававога класа. Гэтае свята праходзіла ў нашым горадзе ў першы раз, але, хочацца спадзявацца, што яно стане добрай традыцыяй для будучых пакаленняў вучняў класа прававой накіраванасці.

Гасцямі свята сталі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў, прадстаўнікі Ганцавіцкага РАУС: начальнік Аляксей Яроменка, яго намеснік Аляксей Крысюк, маладыя спецыялісты, якія ў гэтым годзе прыйшлі ў рады супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў Ганцавіч і спецыяльна запрошаны маёр міліцыі ў запасе Канстанцін Шуляк. Ну і канечне сярод прысутных у зале былі бацькі і настаўнікі, якія з задавальненнем прыйшлі паглядзець на сваіх, быццам пасталеўшых, дзяцей.

Такая сур’ёзная падрыхтоўка да пасвячэння вучняў у рады прававога класа — нездарма. Гісторыя развіцця Міністэрства ўнутраных спраў — гэта гісторыя краіны. А супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў — гучыць упэўнена і цвёрда. Гэта людзі, чый асабісты прыклад натхняе маладое пакаленне на абарону Айчыны. Сёння вучні спецыялізаваных класаў — неад’емная частка жыцця горада і раёна, актыўныя ўдзельнікі акцый і ўрачыстых мерапрыемстваў, парадаў і конкурсаў. Без іх не абыходзіцца ніводная важная падзея ў горадзе. Яны — прыклад для астатніх рабят. За час навучання ў школе вучні не здзейснілі ні аднаго правапарушэння. А за апошнія дзесяць гадоў 19 выпускнікоў школы сталі супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў і аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, звязалі сваё жыццё з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь.

У 2001 годзе ў СШ № 1 горада Ганцавічы быў адкрыты клас МНС, які скончылі 11 вучняў. У 2003 годзе школа пачала супрацоўнічаць з Ваеннай Акадэміяй Рэспублікі Беларусь і быў створаны ваенна-патрыятычны клас, які ў 2005 годзе скончылі 17 навучэнцаў.

І вось у 2010 годзе ў выніку супрацоўніцтва з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на базе ўстановы адукацыі на 3 ступені навучання быў створаны прававы клас. Першы выпуск такога класа адбыўся ў 2013 годзе, сярод яго выпускнікоў — 6 будучых юрыстаў і супрацоўнікаў МУС.  А 1 верасня 2013 года з лепшых вучняў 5 класа сфарміраваны клас прававой накіраванасці на 2 ступені навучання.

Пад гучныя апладысменты прысутных у зале маладыя хлопцы і дзяўчаты прававога 7“Б” класа ў форменным аддзенні Міністэрства ўнутраных спраў падняліся на сцэну. Там вучні сумесна з Аляксеем Яроменкам, Аляксеем Крысюком, які, дарэчы, з’яўляецца куратарам класа, і класным кіраўніком Наталляй Клімавай  атрымалі з рук супрацоўнікаў РАУС знакі адрознення і падарункі, а таксама, далі ўрачыстую клятву — хвалюючыя словы абяцання прыняць на сябе пачэснае званне вучня класа прававой накіраванасці і свята берагчы гонар свой, класа, роднага горада і краіны.

Дырэктар школы Аляксандр Лыганоўскі, звяртаючыся да рабят, выказаў спадзяванне, што словы клятвы ніколі не стануць для іх пустымі, а таксама павіншаваў юнакоў і дзяўчат з правільна зробленым жыццёвым выбарам.

Звярнуўся да вучняў і гасцей мерапрыемства ветэран службы Канстанцін Шуляк, які падзякаваў за запрашэнне і выказаў словы віншавання, закончыў сваё выступленне радкамі верша аб вялікай сіле духу, мужнасці і адданасці справе супрацоўнікаў міліцыі. Яго думку падтрымалі ў сваіх выступленнях матуля  аднаго з вучняў класа Ганна Рабцэвіч і выпускнік СШ № 1 курсант Андрэй Зялёнка, які зараз вучыцца на 5 курсе Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь: “І хай не кожны з вас стане супрацоўнікам міліцыі, але ваша грамадзянская пазіцыя і вопыт, набыты падчас вучобы ў прававым класе, вырашаць ваш далейшы жыццёвы шлях”.

Заканчвала ўрачыстую цырымонію сваім выступленнем мужчынская вакальная група  супрацоўнікаў Ганцавіцкага РАУС. Гучныя галасы, прыгожыя словы песні пра  Радзіму, пра цяжкую, але неабходную людзям прафесію міліцыянера, выпраўка і параднае абмундзіраванне ўразілі ўсіх прысутных, а юнакі і дзяўчаты прававога класа яшчэ раз пераканаліся: выбар зроблены не дарэмна. І хочацца спадзявацца, што пройдуць гады, і гэтая моладзь вывучыцца, атрымае прафесію і таксама будзе ўдзячна той дзяржаве, у якой нарадзілася і вырасла, у якой жылі яе продкі. Хочацца верыць, што яна стане дастойным прадаўжальнікам усіх спраў нашага народа.

Пасля заканчэння святочнага мерапрыемства ўсе яго ўдзельнікі зрабілі групавы здымак на памяць.

Просмотров: 590 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования