Главная » 2014 » Июль » 20 » Дзевяць цудоўных дзён
08:24
Дзевяць цудоўных дзён

Дзіцячы лагер “Лідар”, арганізаваны на базе Ганцавіцкай школы-інтэрната, развітаўся са сваімі выхаванцамі. У аўторак, 15 ліпеня, адбылося ўрачыстае закрыццё змены. За гэтыя кароткія 9 дзён усе, хто адпачываў і працаваў ў лагеры, парадніліся, сталі сапраўднымі сябрамі, адзіным калектывам, камандай. У гэтым вялікая заслуга важатых-выхавальнікаў і педагогаў, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы.

Крок за крокам яны раскрывалі дзіцячыя таленты, творчыя здольнасці  і задаткі пры дапамозе шматлікіх конкурсаў, гульняў і тэматычных вечарын. Былі праведзены гульнявыя праграмы  “Тэрыторыя думкі”, “Вясёлы вусень”, “Хвіліна славы”, “Фотапаляванне”. З мэтай прапаганды нацыянальных беларускіх каштоўнасцей,  было праведзена міні-свята “Беларусь і я”, падчас якога дзеці і настаўнікі размаўлялі толькі на беларускай мове, выконвалі заданні, звязаныя з культурай і гісторыяй нашай краіны, папаўнялі свой моўны запас новымі фальклорнымі выразамі аб родным краі. Конкурс “Фантастычны дэсант” найбольш спадабаўся рабятам і насіў экалагічную накіраванасць. Яны цэлы дзень павінны былі збіраць абгорткі ад цукерак, марожанага, а таксама накрыўкі ад пластыкавых бутэлек, а затым рабіць кампазіцыі з іх. Гэтае мерапрыемства ўзбудзіла спаборніцкі дух, а таксама дапамагло падтрымаць чысціню і парадак на тэрыторыі лагера. Не абышлося без сюрпрызаў. Вечарам аднаго дня ў лагеры загучала ваенная сірэна, якая абвяшчала трывогу і ўводзіла надзвычайнае становішча. Гэта пачалася ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, удзельнікамі якой сталі выхаванцы лагера разам з прадстаўнікамі расійскай вайсковай часці пасёлка Азярэчча і супрацоўнікамі Ганцавіцкага РАНС. Дзеці займаліся праследаваннем “дэзерціраў”, у ролі якіх і выступалі госці лагера.  Ну і канечне парадаваў дзень спорту, які праводзіўся пад назвай “Малыя Алімпійскія гульні”, дзе хлопцы і дзяўчаты паказалі ўзровень сваёй фізічнай падрыхтоўкі падчас спартландыі.

Лагер стаў наватарскім: кожны атрад меў сваю накіраванасць. Былі створаны групы вучнёўскага самакіравання, валанцёраў, развіцця творчых здольнасцей, актывістаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, піянераў, і спартыўны атрад. Таксама для дзяцей былі арганізаваны сустрэчы з харэографам, мастаком, педагогамі-псіхолагамі, прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Наватарства і новыя падыходы ў развіцці творчых здольнасцей дзяцей у лагеры адзначыў і старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч, які прыняў удзел ва ўрачыстым закрыцці змены.

Дарэчы, дзякуючы таму, што  дапаможная школа-інтэрнат перайшла ў раённую камунальную ўласнасць, з’явілася магчымасць выкарыстоўваць цудоўную матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, якая ў летні перыяд не была  задзейнічана.

Вялікую ўдзячнасць за аказанне спонсарскай дапамогі работнікі лагера выказваюць прадпрымальніку Галіне Чумаковай, кіраўніцтву Ганцавіцкага хлебазавода, камбіната бытавога абслугоўвання, райспажыўтаварыства, швейнага прадпрыемства “СуперМайк”, Ганцавіцкага РАНС і Азярэчанскай вайсковай часці. Дзякуючы ім дні знаходжання ў лагеры сталі для дзяцей сапраўдным святам.

Вынікам працы педагогаў і арганізатараў сталі шчаслівыя ўсмешкі дзяцей. Выхаванцы не хацелі развітвацца з сябрамі, настаўнікамі, з лагерным жыццём. А таму на наступны год абяцалі абавязкова вярнуцца.

Просмотров: 748 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования