Главная » 2010 » Июль » 20 » Фестываль “Браты”: дзевяць дзён адкрыццяў
14:32
Фестываль “Браты”: дзевяць дзён адкрыццяў

18 ліпеня ў Сілічах адбылося ўрачыстае адкрыццё IX праваслаўнага маладзёжнага фестывалю "Браты”, які па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўпершыню праходзіць у нашай краіне.

Удзельнікі фестывалю — больш як 800 прадстаўнікоў творчай праваслаўнай моладзі 15—30 год з Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы — размясціліся ў палатачным гарадку непадалёк ад гарналыжнага цэнтра. Геаграфія праваслаўнага форуму сапраўды ўражвае: прыняць удзел у фестывалі прыехала моладзь са ста гарадоў — ад Паўднёва-Сахалінска да Калінінграда, ад Санкт-Пецярбурга да Севастопаля. У сэрцы гарадка размясціўся храм пад адкрытым небам і званіца. Перазвон як знак садружнасці праваслаўнай моладзі  разносіцца ў фестывальныя дні па ўсёй Лагойшчыне. Лепшыя званары Беларусі не толькі дэманструюць сваё майстэрства і ўпрыгожваюць сваім мастацтвам свята праваслаўнай моладзі, але і праводзяць майстар-класы, дзе кожны жадаючы можа адчуць сябе сапраўдным званаром.

Адна з найважнейшых задач, якую ставяць перад сабой арганізатары фестывалю, — як мага бліжэй пазнаёміць падрастаючае пакаленне з праваслаўнай культурай розных краін. Менавіта таму ў яго праграму былі ўключаны сумесныя ранішнія і вячэрнія малітвы, семінары па сацыяльным служэнні, гутаркі, дыскусіі, інтэрактыўныя гульні, майстар-класы рознай накіраванасці: вышыўка беларускім арнаментам, ганчарства, гравюра, разьба па дрэве, саломапляценне, фатаграфія, спевы, фларыстыка, стральба з лука, акцёрскае майстэрства, а таксама розныя спартыўныя спаборніцтвы. У адзін з фестывальных дзён адбыўся хросны ход у Лагойск. Для ўдзельнікаў форуму былі таксама арганізаваны экскурсіі (Полацк, Жыровічы, Навагрудак, Мір, Нясвіж, Хатынь), якія далі магчымасць пазнаёміцца з багаццем культурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі, атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды і гасціннасці жыхароў нашай краіны.

 
 
На думку арганізатараў, госці і ўдзельнікі беларускага фэсту змогуць многім падзяліцца адно з адным і сапраўды стаць братамі, таму што фестываль "Браты” — гэта перш за ўсё духоўная еднасць, шчырая дапамога блізкім, творчы падыход да рэалізацыі жыццёвых задач, шырокае кола магчымасцей для эфектыўнай самарэалізацыі моладзі, развіцця яе творчага і духоўнага патэнцыялу, а таксама ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з таленавітымі, цікавымі людзьмі і самім распавесці пра сябе, свае дасягненні і мары.

— Мы з задавальненнем прынялі запрашэнне Беларускай праваслаўнай царквы падтрымаць гэты фестываль, — адзначыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Ігар Іванавіч Бузоўскі. — Маладосць, юнацтва — час пошуку сэнсу жыцця. І важна, каб у маладога чалавека быў настаўнік, мудры суразмоўца і пляцоўка для зносін з аднадумцамі. Гэтае мерапрыемства для нас значнае, і думаю, што стэрэатып пра тое, што ў царкву ходзяць толькі пажылыя людзі, будзе паступова разбурацца. Прайшлі тыя часы, калі ў храмы хадзілі толькі бабулі. Сёння праваслаўная вера аб’ядноўвае пакаленні і народы, сцірае палітычныя і нацыянальныя рознагалоссі.

Старт дзевяцідзённаму фестывалю праваслаўнай моладзі быў дадзены ўрачыстым канцэртам. Перад яго пачаткам настаяцель прыхода ў гонар Усіх Святых у Мінску, Протаіерэй Фёдар Поўны зачытаў слова Мітрапаліта Філарэта, звернутае да ўсіх удзельнікаў злёту.

— Дарагія сябры! Дэвізам сустрэчы на беларускай зямлі вы выбралі словы з прытчы: "Верны ў малым і ў многім верны”. Не ўтойваю, што і для мяне яны з’яўляюцца дасканалай формулай асабістай духоўнай бяспекі. Якасці нашай асобы могуць быць складанымі і шматграннымі, нашы творчыя і інтэлектуальныя здольнасці могуць быць вельмі рознабаковымі. Аднак усё гэта можа застацца бясплодным полем ці нямымі руінамі, калі асоба не будзе шанаваць сэнс, чысціню малых спраў і імгненных намераў, — адзначыў у сваім зваротным слове Мітрапаліт Філарэт. — Мне на маім жыццёвым шляху даводзілася адкрываць для сябе новыя землі і новых людзей. Я памятаю радасць гэтых адкрыццяў і падтрымліваю ў сваёй душы агонь любові да ўсіх месцаў майго служэння і паломніцтваў. Веру, што і вы з часам адчуеце, як сагравае гэты агонь у хвіліны смутку і адзіноты, як ён прасвятляе думкі ў гадзіны роздумаў пра лёсы людзей і ў адказныя хвіліны прыняцця важных рашэнняў. І таму я ад усяго сэрца жадаю ўсім захаваць вернасць тым добрым уражанням, таму вопыту сяброўства і даверу, які вы спасцігнеце тут, у Беларусі.

Не магу не падзяліцца з вамі надзеяй на вашы сумесныя малітвы, паломніцтвы і разважанні пра пэўнасць у вялікім і ў малым. Сёння шмат гаворыцца пра прыцягненне моладзі ў царкву і пра неабходнасць самой царквы быць прывабнай для маладых.

Спадзяюся на тое, што вы пацвердзіце маё меркаванне пра пазачасавы і пазаўзроставы характар царкоўнага жыцця, хрысціянскай псіхалогіі і праваслаўнай матывацыі слоў і спраў веруючага чалавека.

Сваю гісторыю праваслаўны маладзёжны міжнародны фестываль "Браты” распачаў у 2005 годзе на Барадзінскім полі. Пасля першых год яго правядзення арганізатарам форуму — вернікам падмаскоўнага Мажайска — стала зразумела, што праводзіць фестываль раз у год яўна мала. Таму зараз "Браты” збіраюцца два разы ў год — летам і зімой.
 
 
Па словах генеральнага дырэктара фестывалю Аксаны Шашута і клірыка сабора ў Мажайску Яраслава Ерафеева, галоўная ідэя "Братоў” — адукацыйная.

— Правілы ў лагеры простыя і адначасова строгія: ніякага алкаголю, тытуню і тэлевізара — толькі сяброўскія зносіны. Праз іх і рэалізоўваецца галоўная задача фэсту: пазнаёміць моладзь з праваслаўнай культурай розных краін. Мы наўмысна не сялілі моладзь  з розных краін у розных кутках лагера. Мы яе "змяшалі”. У лагеры знаходзіцца вельмі цікава, таму што з розных бакоў чуеш і ўкраінскую, і рускую, і беларускую, і малдаўскую гаворку, і розныя песні, — расказала Аксана Шашута.

— Для нас вельмі важна менавіта духоўнае сталенне падрастаючага пакалення, — адзначае айцец Яраслаў. — Звычайна ў дзяцей у такім узросце заўсёды шмат пытанняў. Яны ахвотна сябруюць, перапісваюцца, ездзяць адно да аднаго ў госці. Вось і ў Сілічы многія з іх прыехалі ўбачыцца з сябрамі, з якімі паспелі пазнаёміцца падчас правядзення папярэдніх фестываляў. Тут вельмі прыгожая прырода. У храме пад адкрытым небам гарыць лампада ад Благадатнага агню. Свяшчэннікі праводзяць службы і распавядаюць пра веру нашых продкаў, пра сучаснае праваслаўе, пра непарушны саюз праваслаўных народаў.

Ёсць у фестывалю і свая даўняя цікавая традыцыя: кожны яго ўдзельнік атрымлівае свайго анёла-ахоўніка. Якім чынам? На пачатку  фестывалю кожны яго ўдзельнік цягне з невялікай скрыначкі запіску. На ёй напісана імя і прозвішча чалавека, для якога на час фестывалю ты становішся анёлам-ахоўнікам. У абавязкі анёла ўваходзіць апека рознага роду. Акрамя малітвы за свайго падапечнага, яму можна рабіць розныя падарункі. Але ўсё гэта павінна быць таемным. На закрыцці фестывалю тайна раскрываецца і ўдзельнікі даведваюцца, хто на працягу гэтага часу быў яго заступнікам.

— За некалькі дзён тут можна набыць шмат надзейных сяброў, — кажа ўдзельніца ўжо не адных "Братоў” Юлія Каптур. — Мы маем зносіны не толькі падчас фэсту, але і пасля яго заканчэння: па інтэрнэце, тэлефоне, ездзім адно да аднаго ў госці.

Памылкова думаць, што на фестываль "Браты” прыязджае толькі глыбока веруючая моладзь. Так, яе прыкладна палова ад усіх удзельнікаў. Але для арганізатараў важна, што на гэты фестываль могуць трапіць усе жадаючыя, якія, пазнаёміўшыся з моладдзю з іншых краін, падзяліўшыся з ёй сваімі марамі і перажываннямі, змогуць смела сказаць, што цяпер у іх ёсць браты як мінімум у чатырох краінах.

Просмотров: 807 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Каталог TUT.BY
Индекс цитирования