Главная » 2011 » Июль » 4 » Ганцаўшчына адзначыла Дзень Незалежнасці
20:44
Ганцаўшчына адзначыла Дзень Незалежнасці
3 ліпеня наш народ святкаваў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) і 67-ю гадавіну вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На Ганцаўшчыне асноўныя мерапрыемствы з нагоды гэтай падзеі разгарнуліся ва ўрочышчы Горкі ў райцэнтры. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, якое панавала ў мінулую нядзелю, ўрачыстасці сабралі нямала жыхароў раёна, якія прыйшлі аддаць даніну павагі памяці воінам-вызваліцелям і разам адзначыць галоўнае свята краіны.

Святкаванне Дня Незалежнасці пачалося з мітынгу, які адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта У. М. Столяр. У сваёй прамове ён адзанчыў, што дата 3 ліпеня з’яўляецца трыадзіным падцверджаннем мужнасці і стойкасці беларускага народа, яго волі да перамогі і жадання самастойна вызначаць свой лёс. "У гэты дзень у кожнага чалавека асабліва яскрава адчуваецца гонар за сваю дзяржаву і з’яўляецца спрадвечнае, усеабдымнае і такое патрэбнае ўсведамленне, што гэта твая зямля, якую для цябе абаранілі цаной свайго жыцця твае продкі. І ты на гэтай зямлі свой. І ніякай іншай табе не трэба. Бо лепшай, чым Радзіма, проста няма ў Сусвеце. Менавіта таму узнікае жаданне зрабіць нешта добрае, значымае, што дапаможа нашай краіне стаць больш моцнай, прыгожай, упэўненай”, — падкрэсліў Уладзімір Міхайлавіч.

Працягваючы гэтую думку, кіраўнік раёна засяродзіў увагу на тым, што свабодную і незалежную Беларусь ствараем мы ўсе разам, сваёй штодзённай працай і творчым натхненнем. І кожны, адказны за лёс сваёй дзяржавы чалавек, добра разумее, што спыняцца на дасягнутым нельга, таму што ў сучасным грамадстве галоўнай умовай захавання стабільнасці і суверэнітэту краіны з’яўляецца яе далейшае паступальнае развіццё. Ганцаўшчына, як і ўся Беларусь, з гонарам нясе працоўную эстафету і робіць усё магчымае для далейшага росту эканомікі. Ва ўсіх галінах народнагаспадарчага комплексу раёна адбываецца тэхнічнае пераўзбраенне і асвойваюцца новыя вытворчасці, вялікая ўвага надаецца будаўніцтву і добраўпарадкаванню населенных пунктаў раёна. Напрыканцы сваёй прамовы старшыня райвыканкама заклікаў усіх прысутных прыкласці максімальныя намаганні, прымяніць свой вопыт, здольнасці і энтузіязм, каб рэалізаваць усё запланаванае.

З віншаваннямі да ўдзельнікаў урачыстасцей таксама звярнуліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Мікалаевіч Кавалевіч і першы сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Ануфрыевіч Занька.

У час урачыстасцей да абеліска ва ўрочышчы Горкі ў памяць аб воінах-вызваліцелях былі ўскладзены вянкі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада.

Пасля заканчэння мітынгу, на канцэртнай пляцоўцы прайшла цырымонія ўзнагароджвання лепшых працаўнікоў раёна і жыхароў Ганцаўшчыны, якія прынялі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні сваіх населенных пунктаў. Пад апладысменты прысутных з рук У. М. Столяра яны атрымалі Граматы, Падзячныя пісьмы, Дыпломы і грашовыя прэміі райвыканкама. Заключным акордам урачыстасцяў стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны артыстамі мастацкай самадзейнасці раёна. Акрамя гэтага, усе жадаючыя маглі падсілкавацца і адпачыць у шматлікіх гандлёвых кропках райпо, якія працавалі ў той дзень у "Горках”, а таксама прыняць удзел у розных спартыўных гульнях і спаборніцтвах.
Просмотров: 751 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования