Главная » 2012 » Декабрь » 6 » І АДПАЧЫЛІ, І ЗАРАБІЛІ...
21:26
І АДПАЧЫЛІ, І ЗАРАБІЛІ...

Ці будуць студэнцкія атрады дзейнічаць круглы год?

У наступным годзе студатрадаўскі рух у Беларусі адзначыць сваё 50-годдзе. А літаральна днямі былі падведзены вынікі сёлетняга працоўнага семестра, які доўжыўся з 1 мая па 30 верасня. Усяго за летнія месяцы ў складзе 2040 студэнцкіх атрадаў былі працаўладкаваны 47 863 чалавекі. Для параўнання: летась гэта лічба склала 27,3 тысячы чалавек, а ў 2010 годзе — каля 20 тысяч.

— Указ кіраўніка дзяржавы "Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў" ад 16 красавіка гэтага года значна спрасціў фарміраванне студэнцкіх атрадаў і ўзгадненне пераліку аб'ектаў, дзе студэнты могуць і рабіць, і зарабіць, там, дзе ёсць работа для студэнцкіх рук, — расказала другі сакратар ЦК БРСМ Альбіна СЫЧЭЎСКАЯ. — У студэнцкія атрады цяпер могуць уключацца маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года — такім чынам, стаць байцом атрада могуць і непаўналетнія.

Гэта норма пацягнула за сабой павелічэнне колькасці школьнікаў, працаўладкаваных у летні час, да 45 тысяч. Непасрэдна ў студатрадах сёлета працавала амаль 20 тысяч падлеткаў.

А ўсяго ў трэцім працоўным семестры на розных аб'ектах шчыравалі 684 будаўнічыя атрады, 783 сельскагаспадарчыя, 182 педагагічныя, 141 экалагічны атрад і 250 сэрвісных атрадаў. Сярод самых знакавых аб'ектаў — Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Студэнцкая вёска ў Мінску, Лядовы палац у Оршы, Моладзевы цэнтр у Гродне, рэканструкцыя чыгуначнага вакзала ў Брэсце, падрыхтоўка Горак да рэспубліканскага фестывалю "Дажынкі".

Па словах Альбіны Сычэўскай, заробкі байцоў студэнцкіх атрадаў у гэтым годзе істотна ўзраслі. Сярэдняя заработная плата ўдзельнікаў студатрадаў склала 2 млн 800 тысяч рублёў за поўны месяц. Мінімальная аплата пры 8-гадзінным рабочым дні — 1 млн 150 тысяч рублёў. А максімальная дасягнула 11 млн рублёў — столькі змаглі зарабіць байцы выязнога атрада на будаўніцтве аўтадарогі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе ў Расійскай Федэрацыі. І 7 млн 200 тысяч рублёў зарабіў камандзір будаўнічага атрада БНТУ Сяргей Роўба на будаўніцтве Фаніпальскай сярэдняй школы.

"Курортныя" выпрабаванні

Безумоўна, маладыя людзі імкнуцца, як правіла, не толькі падзарабіць, але і атрымаць адначасова новыя ўражанні ад новых гарадоў ці нават новых краін. БРСМ удалося стварыць сёлета 28 выязных студэнцкіх атрадаў (натуральна, што першачарговае права трапіць у іх мелі актывісты гэтай арганізацыі), але ў грамадскім аб'яднанні моладзі канстатуюць, што забяспечыць годныя ўмовы для нашых студэнтаў за межамі Беларусі даволі праблематычна, і далёка не заўсёды прымаючы бок ідзе беларусам насустрач. Тым не менш адзін зводны сэрвісны атрад, які складаўся з дзвюх соцень беларускіх студэнтаў, працаваў на цягніку "Масква-Іжэўск", выконваючы функцыю праваднікоў. 6 сельскагаспадарчых атрадаў шчыравалі ў Маскоўскай вобласці, адзін будаўнічы атрад, сфарміраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, прыцягваўся да будаўніцтва алімпійскіх аб'ектаў у Сочы. Працавалі беларускія студэнты ў Расіі таксама на будаўніцтве ўчастка чыгункі ў Забайкальскім краі, у Ленінградскай вобласці, у санаторыях і аздараўленчых комплексах Краснадарскага краю.

— Асабліва хацелася б адзначыць нашых студэнтаў, якія працавалі ў курортным комплексе "Надзея" ў Геленджыку, — падкрэсліла Альбіна Сычэўская. — Маладыя людзі годна справіліся з цяжкай сітуацыяй, якая склалася ў Краснадарскім краі ў сувязі са стыхійным бедствам. Яны шчыра адгукнуліся на чужую бяду і добраахвотна кінуліся на дапамогу пацярпелым, чарговы раз даказаўшы, што беларуская моладзь захоўвае найлепшыя чалавечыя якасці і каштоўнасці.

Cтудатрад — гэта падатковыя льготы?

— ...Цяпер ЦК БРСМ працуе над арганізацыяй круглагадовай працоўнай занятасці моладзі ў складзе студатрадаў. Аб слушнасці гэтага кроку сведчаць вынікі анкетавання, праведзенага БРСМ сумесна з Міністэрствам адукацыі сярод вучнёўскай і студэнцкай моладзі. Так, амаль 70% апытаных шукаюць магчымасць атрымліваць не толькі стыпендыю, але і зарплату за сваю работу. Адна з самых прыдатных формаў, на нашу думку, — гэта арганізацыя работы студэнцкіх атрадаў на працягу ўсяго года. У тым выпадку, калі наша ініцыятыва будзе падтрымана, у нас з'явіцца дадатковая магчымасць узмацніць гарантыі, што прадугледжаны працоўным заканадаўствам, — расказала Альбіна Сычэўская. — Да таго ж прымяненне пры арганізацыі круглагадовай другаснай занятасці  моладзі такой формы, як студатрады, дазволіць вызваліць маладых людзей ад выплаты падаткаў, што прадугледжана Падатковым кодэксам для ўдзельнікаў студатрадаў.

Сёння ўсе наймальнікі ў адзін голас кажуць, што маглі б заплаціць студэнтам намнога больш, калі б тыя мелі хоць бы першасныя навыкі па рабочых спецыяльнасцях. Цяпер асноўнай праблемай пры арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі з'яўляюцца тэрміны навучання і адсутнасць крыніцы яе фінансавання. Мы сумесна з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ўжо другі год працуем над арганізацыяй дадатковага навучання ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў па спецыяльнасцях, неабходных ім для работы, але, на жаль, пытанне пакуль застаецца нявырашаным. Таму звяртаемся да Міністэрства адукацыі і рэктараў з просьбай не адкладваць гэтае пытанне яшчэ на цэлы год, а ўсё ж такі разгледзець альтэрнатыўныя варыянты арганізацыі кароткатэрміновага (да 1 месяца) дадатковага навучання па канкрэтных спецыяльнасцях.

Шмат праблем узнікае і з дэклараваннем даходаў, атрыманых удзельнікамі студэнцкіх атрадаў за мяжой. На падставе пагадненняў аб недапушчэнні двайнога падаткаабкладання, падпісаных паміж Рэспублікай Беларусь і краінамі Адзінай эканамічнай прасторы, фізічныя асобы, якія выязджаюць для работы за мяжу, вызваляюцца ад выплаты падаходнага падатку ў Беларусі. Аднак для гэтага ім трэба прадаставіць дакументы (даведку аб сумах даходаў і ўтрыманых падаткаў), завераныя замежным падатковым органам. На практыцы зрабіць гэта аказваецца надзвычай праблематычна, таму беларускія студэнты пасля вяртання на радзіму вымушаны яшчэ раз плаціць падаходны падатак.

Даеш "лёгкія віды"!

Яшчэ адна прапанова БРСМ — пашырыць пералік лёгкіх відаў работ, якія могуць выконвацца асобамі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, і дадаць у яго такія віды работ, як укладка тратуарнай пліткі, абклейванне шпалерамі, фарбаванне паверхняў, догляд за жывёлай і г.д. — усяго прапануецца пералік з 39 пунктаў.

— Сучасныя падлеткі дастаткова добра фізічна развітыя і, як сведчыць практыка, здольныя выконваць іншыя віды работ, якія, адпаведна, і аплачваюцца лепш, — абгрунтавала сваю пазіцыю другі сакратар ЦК БРСМ.

Начальнік упраўлення па справах моладзі Віталь Брэль, у сваю чаргу, лічыць, што трэба ўсяляк падтрымліваць стварэнне школьных бізнэс-кампаній, бізнэс-інкубатараў і моладзевых школ прадпрымальніцтва. Узорам можа стаць досвед Мінска і Мінскай вобласці. Для прыкладу, на тэрыторыі Мінскай вобласці ў 2011 годзе былі створаны і актыўна функцыянуюць 62 школьныя бізнэс-кампаніі, якія спецыялізуюцца на вытворчасці сувенірнай, друкаванай прадукцыі, падарункаў, арганізацыі выязных свят для дзяцей і г.д.

— Упэўнены, што ў гэтым кірунку мы яшчэ недапрацоўваем. Любая ўстанова адукацыі, а тым больш буйная вышэйшая навучальная ўстанова, могуць адкрыць школы прадпрымальніцтва, стварыць пляцоўкі для развіцця бізнэс-ідэй, вучэбныя цэнтры для моладзі, — падсумаваў Віталь Брэль.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Чырованая змена» («Звязда»)

Просмотров: 662 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования