Главная » 2013 » Июль » 16 » "Я хачу стаць вядомай на ўвесь свет, каб бацькі мною ганарыліся..."
22:23
"Я хачу стаць вядомай на ўвесь свет, каб бацькі мною ганарыліся..."

"Я хачу стаць вядомай на ўвесь свет, каб бацькі мною ганарыліся”, – прызналася абаяльная дзяўчына Наталля Рылка з Ганцавіч

Выпускніцу сёлетняга года Наташу Рылка добра ведаюць не толькі ў гімназіі нашага райцэнтра. Прыгажуня Наталля ў 16 гадоў ужо дасягнула многага. Асляпляць адным позіркам, зачароўваць ласкавымі ноткамі песень – гэта яе прызванне. Знаёмыя ўпэўнены, што дзяўчына зможа заваяваць увесь свет. Родныя Ганцавічы яна ужо пакарыла.

"Першая песня, якую я выканала яшчэ ў дзіцячым садзе, называлася "Гномік”. Тады мне было ўсяго толькі пяць, але ўва мне ўжо зараджалася спявачка. Я вельмі ўдзячная свайму выкладчыку музыкі Аксане Аляксандраўне Зялёнка, бо менавіта яна навучыла спяваць, раскрыла мае вакальныя дадзеныя і дапамагла развіць іх. У гімназіі нашага горада яна і цяпер працуе настаўнікам музыкі”, – расказвае дзяўчына.

Наташа ніколі не сядзіць на месцы. У школе заўсёды была актывісткай, спартсменкай. Яна займалася не толькі спевамі, але наведвала секцыю лёгкай атлетыкі, з’яўлялася ўдзельніцай танцавальнага калектыву "Імпульс”, якім кіравала Наталля Генадзьеўна Задружная.

"Наталля Генадзьеўна навучыла мяне рухацца, раскрывацца ў танцы. Яна давала нам карысныя парады, якія спатрэбяцца ў жыцці. У яе выдатная пластыка, таму педагог вельмі хацела, каб мы, яе вучні, былі такімі ж, – прызнаецца юная артыстка. – Скажу шчыра, нам гэта ўдалося. Невыпадкова мы станавіліся пераможцамі ў розных конкурсах. Напрыклад, на свяце Дня дзяцінства занялі 1-е месца ў намінацыі "Спартыўны танец”.

Бацькі цалкам падтрымліваюць дачку ва ўсіх пачынаннях і ўхваляюць захапленне вакалам. Калі ёсць талент, чаму б яго не развіваць?! Наташа заўсёды імкнулася расці творча. Яна ўдзельнічала ў першым культурным праекце г. Ганцавічы "Я – Талент”. У намінацыі "Лепшы вакаліст 2012 года” атрымала перамогу. На гэтым праекце дзяўчына шмат чаму навучылася, у прыватнасці, уменню паводзіць сябе на сцэне, стварэнню непаўторнай манеры выканання. А яшчэ пазнаёмілася з цікавымі і адоранымі дзецьмі.

Наташа на дасягнутым не спынілася. Паспрабавала сілы ў рэспубліканскім конкурсе "Новыя вяршыні”, які прайшоў у Мінску: выканала песню Паліны Гагарынай "Калыханка” і заваявала 2-е месца, атрымала грамату і кубак. Там жа пазнаёмілася з удзельнікамі тэлевізійнага праекта "Я – спяваю!”. Гэта, безумоўна, дало штуршок да новых перамог.

У маі на базе гімназіі горада Ганцавічы праходзіў конкурс у фармаце "Еўрабачання” "3G voice”, дзе вучні дэманстравалі сваё ўменне спяваць на англійскай мове. Наталля Рылка таксама паўдзельнічала. Дзякуючы таленту, харызме і руплівасці, яна стала ўладальніцай ганаровага 1-га месца.

"Мне падабаецца ўдзельнічаць у розных конкурсах, і, вядома ж, хацела б стаць спявачкай. Да нумароў рыхтуюся вельмі адказна. Выбіраю песню, якую мару выканаць, пачынаю вучыць. Рэпецірую і спяваю, калі нікога няма дома – так спакайней. Практыкаванні выконваю тыя, якія паказвалі на майстар-класах на праекце "Я – Талент”.

Дзякуючы старанню, жаданню дасягнуць добрага выніку і веры ў свае сілы, Наталля Рылка дабіваецца поспеху. Несумненна, ёй дапамагаюць артыстызм, абаяльнасць і аптымізм. І тыя дарослыя, якія зацікаўлена ставяцца да юнай спявачкі, сваёй падтрымкай, а яшчэ навукай раскрываць талент дзяўчыны.

Дар’я ЗАНЬКА

Просмотров: 519 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования