Главная » 2016 » Апрель » 7 » Як “Тумблер” пераможцам стаў
23:57
Як “Тумблер” пераможцам стаў

У мінулую суботу ў гарадскім Доме культуры прайшоў фінал Клуба вясёлых і знаходлівых. У ім прынялі ўдзел чатыры каманды з розных навучальных устаноў нашага раёна: “Ракі ў атацы” з Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, “Матрыярхат” з Чудзінскай сярэдняй школы, “Уверх” з Круговіцкай СШ і “Тумблер” з СШ № 3 г. Ганцавічы. На  жаль, некаторыя каманды адмовіліся ад удзелу ў фінале, але член журы Аляксандр Занька адзначыў, што ў кожнай з іх на гэта былі аб’ектыўныя прычыны.

На самым пачатку фестывалю, калі на сцэну выйшлі ўсе чатыры каманды, стала зразумела, што фінал будзе няпростым. Прыгожыя, актыўныя і крэатыўныя маладыя людзі, здавалася, запоўнілі ўсю залу ўсмешкамі.

У фінале каманды павінны былі выступіць у трох конкурсах: “Хатняе заданне”, “Біятлон” і “СТЭМ з зоркай”.

У першым конкурсе ўсе каманды паказалі сябе адносна роўна, вылучыць кагосьці было цяжка. Але адразу стала зразумела, што кожная каманда падыйшла да свайго задання вельмі адказна. У “Біятлоне” каманды адна за адной пакідалі сцэну, забіраючы розную колькасць балаў: ад 0,4 да 1. Але тут здарылася нечаканасць: калі са сцэны сышлі “Ракі ў атацы” і “Матрыярхат”, журы, праслухаўшы некалькі жартаў ад каманд “Тумблер” і “Уверх”, так і не змагло вызначыць, хто ж з іх стаў лепшым, і аддало кожнай па 0,9 бала.

Канчаткова вызначыў пераможцу конкурс “СТЭМ з зоркай”. Па яго правілах, удзельнікі павінны былі запрасіць вядомага ў Ганцавічах чалавека, каб той выступіў разам з імі. “Зоркай” каманды “Ракі ў атацы” стала інспектар ІСН РАУС Алёна Цялушка, “Матрыярхат” запрасіў спевака Івана Галушку, а “Уверх” — вядучага ГДК Яўгенія Тамашэню. Ну, а героем “Тумблера” стала дырэктар ГДК Ірына Гурская. Пры гэтым яна ніводнага разу не выйшла на сцэну: удзельнікі каманды знялі міні-фільм і таленавіта прадставілі ў ім ролі Ірыны Аркадзьеўны і першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аляксандра Занькі, чым уразілі не толькі гледачоў, але і членаў журы.

Пасля такога выстулення ніхто не сумняваўся ў тым, што “Тумблер” стане пераможцам. Так і атрымалася. Таксама журы вызначыла лепшых удзельнікаў каманд. Тытул “Лепшы КВЗ-шнік” атрымаў Яўгеній Занька з “Тумблера”, а “Лепшай КВЗ-шніцай” стала Яўгенія Коберац з “Матрыярхату”. Апошняя каманда, дарэчы, атрымала і прыз за “Лепшы жарт”.

Удзельнік каманды “Уверх”, настаўнік біялогіі Яўгеній Аляксейчык, атрымаў вялікую колькасць падзяк ад журы за выкананую работу. Ірына Гурская адзначыла, што вучням Круговіцкай школы вельмі пашанцавала, яны маюць настаўніка з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які ні на секунду не засмуціўся і выйшаў на сцэну разам са сваімі вучнямі, каб іх падтрымаць.

На жаль, для пераможцаў фестывалю гэты сезон стаў апошнім. Аб гэтым яны заявілі падчас сваіх выступленняў. Што ж, мы жадаем ім жыццёвых поспехаў і спадзяемся, што тыя, хто прыйдуць на іх месца, працягнуць узнімаць узровень кожнага свайго выступлення, як гэта было з “Тумблерам”.

Аляксандра ГУРМАН, "Савецкае Палессе"

Просмотров: 665 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования