Главная » 2013 » Сентябрь » 4 » Юбілейны Дзень пісьменства ў Быхаве
16:42
Юбілейны Дзень пісьменства ў Быхаве

Вось ужо на працягу дваццаці гадоў у  першую нядзелю верасня ў Беларусі  адзначаецца  Дзень беларускага пісьменства.  Свята праводзіцца ў гарадах, што з’яўляюцца  гістарычнымі цэнтрамі, з якімі звязаны жыццё і дзейнасць вядомых дзеячаў літаратуры, культуры, мастацтва. Упершыню Дзень  беларускага пісьменства праходзіў у  старажытным Полацку. Затым сталіцамі  свята былі Тураў і Навагрудак, Нясвіж і  Орша, Пінск і Заслаўль, Мсціслаўль і Мір, Камянец і Паставы,  Шклоў і Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы і Глыбокае.

Сталіцай юбілейнага  Дня пісьменства стаў Быхаў.  У святочных мерапрыемствах прымалі ўдзел і прадстаўнікі з Ганцаўшчыны.

Яшчэ гаспадарыла раніца, калі  невялічкі аўтобус з надпісам "Школьны” пакідаў  межы Ганцаўшчыны  і  гладкай, залітай восеньскім святлом дарогай каціўся ў бок Магілёўшчыны. Там, у ліку амаль што дваццаці гарадоў-сталіц  Дня беларускага пісьменства,  паэтам, музыкантам, майстрам, бібліятэкарам, музейным работнікам выпаў гонар  прэзентаваць свой раён, расказаць аб тым, як праходзіла свята пісьменства на Ганцаўшчыне, чым жыве і славіцца раён сёння.

Дарога да Быхава падалася нядоўгай.  У другой палове дня сталіца свята сустракала ганцаўчан. Але ж галоўныя падзеі  адбываліся на наступны дзень.

Ледзь не цэлая вуліца "вырасла” з павільёнаў, дзе дэлегацыі  з самых розных куточкаў Беларусі расказвалі аб сабе і сваім рэгіёне. Каларытным, адметным быў кавалачак зямлі, на якім сапраўдныя  шэдэўры — ручнікі, тканыя, вышываныя, — дэманстравала Марыя Муха, дырэктар раённага Дома рамёстваў. Непаўторнасцю і хараством вылучаліся саламяныя цуды, зробленыя рукамі Валянціны Занька і яе выхаванцаў з Ганцавіцкага Дома народнай творчасці. Фотастэнды  раённага  краязнаўчага музея распавядалі  аб гістарычным мінулым краю, знаёмілі  са святочнымі імгненнямі, што адбываліся на Ганцаўшчыне. Лепшыя творы літаратараў-землякоў у шыкоўным павільёне прадставілі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. У агульную экспазіцыю ўпісаўся стэнд са святочнымі нумарамі раёнкі, старонкі якой упрыгожвала натхнёнае паэтычнае слова і на якіх расказвалася аб гісторыі  зямлі, лепшых яе прадстаўніках і незабыўных святочных днях у Ганцавічах.  Літаратурную афарбоўку пляцоўцы зрабілі юныя паэты, удзельнікі літаратурнага аб’яднання "Верасок” РЦДЮТ і вядомы  майстар паэтычнага слова Аляксей Галаскок. 

Вялікая колькасць людзей, знаёмых і незнаёмых, спынялася каля павільёна з надпісам "Ганцавіцкі раён”. Яны частаваліся восеньскімі дарамі,  прыгажунямі-журавінамі ды сакавітымі буякамі з эксперыментальнай  базы "Журавінка”, прыцэньваліся да ручнікоў,  здзіўляліся багаццю і каларыту нашага краю.  Цікавай  была гаворка з маладжавымі жанчынкамі, якія прыехалі на свята ў Быхаў з Баранавіч. "Ганцавічы! — узрушана пачала адна. — Упершыню на свяце такога кшталту  давялося быць менавіта ў вашым горадзе. Мы былі ўражаны арганізацыяй свята, кампактным размеркаваннем пляцовак, хараством горада, насычанасцю мерапрыемстваў!  І вось ужо  трэці год запар адпраўляемся ў дарогу. Параўноўваем.   Нешта адкрываем новае”. "Дарэчы, — працягвала гаворку другая субяседніца, — у Ганцавічах нам давялося сустрэцца з сынам сусветна вядомага Якуба Коласа. А пра такое ці ж можна забыць!”.

Знакамітыя пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Ніна Загорская, Яўген Хвалей,  алімпійская чэмпіёнка Аляксандра  Герасіменя  не абышлі бокам  павільён Ганцавіцкага раёна.   Цёплыя ўспаміны  і шматлікія фотаздымкі будуць добрым  напамінам   аб  цікавых і радасных імгненнях сустрэч.

Чым яшчэ  здзівіў і ўразіў у гэты дзень Быхаў?  Праграма свята па-сапраўднаму была насычанай.  Удзельнікаў свята  сустракаў фестываль кнігі і прэсы, працавалі спартыўныя,  дзіцячыя пляцоўкі, выставы майстроў народнай творчасці. Было шмат тэатралізацыі, песень і музыкі.  Працавалі шматлікія кніжныя выставы, праходзілі  сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі.  У раённым цэнтры культуры адбыліся "Быхаўскія чытанні” і прэзентацыя кнігі "Баркулабаўскі летапіс”. На галоўнай плошчы горада  прайшло святочнае адкрыццё  скульптурнай кампазіцыі  "Баркулабаўскі летапіс”.

Надоўга ў памяці жыхароў і гасцей свята застануцца  мерапрыемствы, што праходзілі  на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы: урачыстае адкрыццё, узнагароджванне пісьменнікаў-пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор, канцэрт гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства, цырымонія  ўрачыстага закрыцця  і перадачы эстафеты свята.

Дарэчы, у канцэрце гарадоў-сталіц прымаў удзел малады калектыў музыкантаў "Ганцавічы-бэнд” пад кіраўніцтвам Сяргея Плоткі.  Напеўна-задумлівая, лірычная музыка не пакінула слухачоў раўнадушнымі. Доўга  гучалі апладысменты, і былі яны  знакам прызнання калектыву, яго  майстэрства і самабытнасці.

З нагоды дваццатага, юбілейнага  свята беларускага пісьменства ў Быхаве была закладзена  алея гарадоў-сталіц свята.

Па дарозе дадому, у аўтобусе, шумна, нібыта ў  пчаліным вулеі, вялася гаворка. Вядома, памяць вяртала ў клапотныя вераснёўскія дні 2011-га. Успамінася многае, параўноўвалася, расстаўляючы  свае плюсы і мінусы ўрачыстасцям у нашым горадзе  і ў Быхаве. Аднак усе прыйшлі да адзінай думкі — нягледзячы на ўзрост,  свята пісьменства павінна  жыць! Яно яднае людзей. Яно дае  цудоўную магчымасць паказаць  культурнае  багацце  роднай Беларусі. Яно  дапамагае ўсім і кожнаму  адчуць гонар за сваіх людзей, за сваю Бацькаўшчыну.

Галіна Пупач.

Просмотров: 784 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования