Главная » 2012 » Апрель » 28 » Юные журналисты из Ганцевич заняли третье место на республиканском фестивале школьной прессы
23:09
Юные журналисты из Ганцевич заняли третье место на республиканском фестивале школьной прессы
У Мінску 26 красавіка прайшоў фінал ІХ фестывалю школьнай прэсы "Пунсовыя ветразі”, на якім былі падведзены вынікі конкурсу "Проба пяра” на лепшае друкаванае выданне. Ён стаў для нашай школы адметнай падзеяй. Але аб усім па парадку.
На фінал фестывалю, што праходзіў у Інстытуце журналістыкі БДУ і дзе чакалася цырымонія ўзнагароджвання, з усёй рэспублікі былі запрошаны юныя журналісты, што займаюцца выпускам школьных газет і часопісаў. Сярод удзельнікаў аказаліся і мы, члены рэдкалегіі газеты "Школьны фрэгат” СШ № 1.
Усім, зразумела, хацелася хутчэй даведацца, якія газеты і часопісы навучальных устаноў будуць прызнаны лепшымі. Аднак арганізатары "прыхавалі” гэтую частку на завяршэнне праграмы. Таму інтрыга захоўвалася да апошняга моманту. А да гэтага перад рабятамі выступілі галоўны рэдактар часопіса "Народная асвета” А. В. Маслава, дырэктар Інстытута журналістыкі БДУ С. В. Дубовік, намеснік дэкана факультэта журналістыкі Н. А. Зубчонак. Яны расказвалі пра прафесію журналіста, пра вучобу ў гэтай установе. Дацэнт кафедры літаратуры і творчасці В. А. Капцаў пазнаёміў з лепшымі студэнтамі, што вучацца па аднайменнай спецыяльнасці. Таксама ў сценах актавай залы інстытута гучалі на беларускай і рускай мовах вершы і проза студэнтаў.
Юным журналістам далі магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных прафесіяналаў на арганізаванай для рабят прэс-канферэнцыі з дырэктарам інстытута С. В. Дубовікам. На гэтую прапанову ўсе адгукнуліся дружна і задавалі самыя розныя пытанні. Напрыклад, якімі якасцямі павінен валодаць сучасны журналіст, ці апраўдвае сябе прафесійна-псіхалагічнае тэсціраванне, ці ёсць у студэнтаў магчымасць стажыравацца за мяжой і іншыя.
Пасля прэс-канферэнцыі пачалося самае чаканае і хвалюючае — узнагароджванне. Для нас гэты момант быў асабліва інтрыгуючы, бо наша газета ўжо трэці год запар удзельнічае ў конкурсе і ў 2010 годзе ўжо станавілася яго прызёрам. Хваляванне было недарэмным. Калі аб’явілі, што наш "Школьны фрэгат” стаў упоравень з лепшымі школьнымі выданнямі рэспублікі і ўзнагароджваецца дыпломам за трэцяе месца, сэрцы напоўніліся гонарам за школу, за рэдкалегію, якая ў сваёй рабоце абапіраецца на дапамогу настаўнікаў і рабят.
Сярод падзей дня хацелася б сказаць пра наведванне студыі тэлебачання інстытута, дзе, дарэчы, здымаюцца перадачы не толькі для беларускіх тэлеканалаў, але і для тэлевяшчання Саюзнай дзяржавы. Наведалі выставу "СМІ ў Беларусі”. А потым прайшліся па залітай вясеннім сонцам сталіцы.
На заканчэнне хачу зазначыць, што ёсць яшчэ адна падстава, каб парадавацца за работу юных журналістаў з Ганцавіч. Гімназічная газета "Зусім несакрэтна” таксама была ўдзельніцай конкурсу "Проба пяра” і разам з нашай газетай заняла трэцяе месца, з чым мы шчыра павіншавалі сяброў.
Ірына ІСАЕВА,
вучаніца 10 "А” класа СШ № 1
г. Ганцавічы.
Просмотров: 697 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования