Главная » 2015 » Март » 8 » “Камунальнік” — чэмпіён!
21:55
“Камунальнік” — чэмпіён!

Закончыўся адкрыты чэмпіянат раёна па валейболе сярод жанчын. У фінальнай стадыі за званне чэмпіёнаў змагаліся чатыры каманды: аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, камбіната панэльнага домабудавання (“КПД”), цэнтральнай раённай бальніцы (“ЦРБ”) і раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі (“Камунальнік”).

На папярэднім этапе здарыўся непрыемны інцыдэнт. Валейбалісты лясгаса з лікам 3:1 атрымалі перамогу над камандай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Аднак гэты выйгрыш быў дасягнуты з парушэннем палажэння аб чэмпіянаце. Згодна з умовамі, у складзе кожнай каманды павінны гуляць у час матча не менш чым два ігракі старэй за 18 гадоў. На жаль, за “лясгасаўцаў” выступалі зусім юныя спартсменкі. Зразумела, што прадстаўнік каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ала Гімаздзінава падала пратэст у судзейскую калегію. Вынік матча быў ануляваны, Валейбольнай дружыне лясгаса залічылі тэхнічнае паражэнне — 0:3. Каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама атрымала права працягваць далейшую барацьбу.

У першым паўфінале сустракаліся каманды “Камунальнік” і “КПД”. Гэты матч не прынёс сенсацыі. Больш вопытныя валейбалісткі “Камунальніка” былі на вышыні — 3:0 (25:10, 25:11, 25:15).

З такім жа лікам 3:0 (25:11, 25:17, 25:23) каманда “ЦРБ” перамагла спартсменак аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. У гэтым матчы самай напружанай і рашаючай аказалася заключная партыя.

Такім чынам, трэцяе прызавое месца, а разам з ім і “бронзавыя” медалі аспрэчвалі валейбольныя дружыны “КПД” і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Гэтая гульня была насычанай, па відовішчнасці і дынамічнасці. Каманда камбіната панэльнага домабудавання настроілася больш рашуча, згуртавана і ўпэўнена перамагла — 3:0 (25:17, 31:29, 25:20).

Фінальны матч за званне чэмпіёнаў стаў яркай кульмінацыяй усяго турніру. На пляцоўку выйшлі сапраўды мацнейшыя валейбольныя дружыны жыллёва-камунальнай гаспадаркі і цэнтральнай раённай бальніцы. Яны падарылі балельшчыкам шмат станоўчых эмоцый і шчырых хваляванняў. З першых хвілін разгарнулася вострая і цікавая барацьба. Калі перамога ў першай партыі “камунальнікам” дасталася даволі лёгка — 25:11, дык у далейшым гульня пайшла, як кажуць “ачко ў ачко”. Інтрыга захоўвалася да апошніх секунд. Трэба аддаць належнае валейбалісткам “Камунальніка”. Канцоўкі дзвюх рашаючых партый яны правялі больш зладжана, у дружным камандным стылі і дабіліся перамогі — 25:22 і 25:17. Здавалася, радасці не было межаў. Чэмпіёнскі тытул — у каманды жыллёва-камунальнай гаспадаркі! Гонар і слава пераможцам!

Ва ўрачыстай абстаноўцы галоўны суддзя спаборніцтваў, загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Яўген Кабрынец уручыў чэмпіёнам і прызёрам кубкі і медалі.

Па выніках чэмпіянату лепшым іграком прызнана Марына Тарчыла з “ЦРБ”. Лепшым нападаючым стала Галіна Ткач, звязуючым — Вераніка Чыжэўская, блакіруючым — Дар’я Цыган (усе з “Камунальніка”), абаронцай — Дар’я Гайцюкевіч з “ЦРБ”. З гэтай жа каманды прыз за волю да перамогі атрымала Юлія Кандратовіч, за актыўную агульную гульню — Ірына Комар. За добра падрыхтаваныя каманды ўзнагароджаны дырэктар раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей Галяк, прадстаўнікі “КПД” Міхаіл Заяц і “ЦРБ” Алена Курылік.

Адкрыты чэмпіянат раёна па валейболе сярод жанчын ператварыўся ў сапраўдны гімн гэтай прыгожай і захапляючай гульні.

 

Міхась АРЭШКА.

Просмотров: 548 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования