Главная » 2016 » Январь » 9 » Хто на новенькую?
12:49
Хто на новенькую?

З наступнага навучальнага года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна плануюць пачаць падрыхтоўку лагапедаў і медыцынскіх псіхолагаў

Вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі фактычна кожны год прапануюць абітурыентам новыя спецыяльнасці. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна не выключэнне – у пераліку спецыяльнасцей на ўступную кампанію 2016 года з’явяцца дзве новыя.

Адна са старэйшых ВНУ краіны плануе адкрыць “Лагапедыю” на сацыяльна-педагагічным факультэце і “Медыцынскую псіхалогію” на псіхолага-педагагічным.

З’яўленне “Лагапедыі” чакаецца і запатрабавана часам, бо рэгіёну не хапае такіх спецыялістаў. Павелічэнне колькасці дзяцей з парушэннямі маўлення патрабуе пашырэння магчымасцей лагапедычнай дапамогі. Падрыхтоўка настаўнікаў-лагапедаў дазволіць вырашаць актуальныя задачы па аказанні карэкцыйна-педагагічнай дапамогі малым. 

Дарэчы, сацыяльна-педагагічны факультэт грунтоўна супрацоўнічае з цэнтрам медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Тонус”, які з’яўляецца клініка-практычнай базай факультэта. Нярэдка тут выконваюцца курсавыя і дыпломныя работы, праводзяцца практычныя і лабараторныя заняткі. Факультэт пачаў закупляць неабходную для новай спецыяльнасці літаратуру і абсталяванне. Ва ўніверсітэце лічаць, што “Лагапедыя” будзе запатрабавана абітурыентамі не толькі з Брэсцкай, але і іншых абласцей краіны.

На псіхолага-педагагічным факультэце з 1999 года вя-дзецца падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці “Псіхалогія”. Акрамя трох вядомых спецыялізацый – 

“Педагагічная псіхалогія”, “Сацыяльная псіхалогія” і “Псіхалогія сямейных адносін” – з 2016 года плануецца не менш цікавая “Медыцынская псіхалогія”. Выпускнікі гэтай спецыяльнасці змогуць працаўладкавацца ў паліклінікі, рэабілітацыйныя цэнтры, санаторныя школы і іншыя месцы. А матывацыяй для адкрыцця “Медыцынскай псіхалогіі” найперш з’яўляецца той факт, што стан здароўя дзяцей і дарослых выклікае заклапочанасць у сувязі з ростам псіхасаматычных хвароб.

Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна мае дастатковы навуковы, вучэбна-метадычны і выкладчыцкі патэнцыял для падрыхтоўкі спецыялістаў-лагапедаў і медыцынскіх псіхолагаў.

Дакладны план прыёму на новыя спецыяльнасці стане вядомы трошкі пазней. Але абітурыенты, якіх зацікавяць “Лагапедыя” і “Медыцынская псіхалогія”, павінны ведаць, што для паступлення спатрэбяцца тры сертыфікаты аб праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання: па беларускай (рускай) мове, гісторыі Беларусі і біялогіі.

Анастасія ЦЫКУН,

студэнтка філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Просмотров: 432 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования