Главная » 2015 » Декабрь » 15 » Хто самы вясёлы і знаходлівы?
06:22
Хто самы вясёлы і знаходлівы?

Кожны год, восенню, жадаючыя выступіць у клубе вясёлых і знаходлівых на раённым узроўні выходзяць на сцэну ГДК. Сёлета такіх каманд было сем: “Пешаходы” з Хатыніцкай СШ, “Усмешка” з Ганцавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, “Палата № 6” з СШ № 1, лідары мінулага сезона, каманды “Ракі ў атацы” з Люсінскага ясляў-сада — сярэдняй школы  і  “Тумблер” з СШ № 3, “Матрыярхат” з Чудзінскай і “Уверх” з Круговіцкай СШ. У першым этапе раённай гульні КВЗ, які, дарэчы, адбыўся ў мінулую пятніцу, яны прынялі ўдзел у двух конкурсах: “Візітка” і “Размінка”.

Ужо ў першым конкурсе стала зразумела, на чыім баку сімпатыі гледачоў. У зале аднолькава шчыра віталі як афіцыйнага лідара — каманду “Тумблер”, так і каманду, якая след у след ішла за ім — “Усмешку”. Галоўныя ж леташнія сапернікі “Тумблера”, “Ракі ў атацы”, у першым конкурсе не знайшлі вялікага водгуку ў гледачоў, хаця і выступілі дастойна. Не падвялі і астатнія каманды, у кожнай “у кішэні” аказалася некалькі вельмі дастойных жартаў, якія гледачы ўспрынялі на “ўра”.

Другі конкурс дазволіў зразумець, як ва ўдзельнікаў з імправізацыяй. Па традыцыі, “Размінка” — гэта пытанні ад адной каманды, на якія іншыя павінны знайсці адказ за абмежаваны адрэзак часу. Але нашым камандам трэба было адказаць не толькі на пытанні сапернікаў, але і прыдумаць смешныя адказы на пытанні членаў журы. А гэта, як высветлілася, было даволі складана. Нягледзячы на гэта, усе каманды дастойна справіліся, а “Ракі ў атацы”, нарэшце, даказалі, што не проста так у мінулым годзе раздзялілі чэмпіёнскі тытул з “Тумблерам”. Такім чынам, гледачам ужо было зразумела, якія тры каманды адназначна выходзяць у фінал. Заставалася яшчэ два месцы, на якія і спадзяваліся астатнія.

Пакуль старшыня журы, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксандр Занька займаўся падлікам ацэнак, гледачы па меры сваіх магчымасцей стараліся падтрымаць любімыя каманды. А ў гэты час вядучы Яўгеній Тамашэня разам з лідарам “Тумблера” Ільёй Валасюком весялілі ўсіх прысутных.

Нарэшце, фіналісты былі названы. Імі, канечне, сталі “Тумблер”, “Усмешка” і “Ракі ў атацы”, а далучыліся да іх жаночая каманда “Матрыярхат” і каманда “Уверх”, якія дастойна спраўляліся з усімі цяжкасцямі і не згубіліся на фоне астатніх. Таксама былі названы лепшыя ўдзельнікі каманд. Тытул “Лепшы КВЗшнік” атрымаў Ілья Валасюк з “Тумблера”, а “Лепшай КВЗшніцай” была прызнана Надзея Булат з “Усмешкі”. Прыз за лепшы жарт атрымала каманда “Ракі ў атацы”. Спецыяльным прызам таксама ўзнагароджаны самы маленькі ўдзельнік гульні Мацвей Кандратовіч з “Палаты № 6”. Усе каманды атрымалі дыпломы.

Здавалася б, на гэтым   можна і закончыць. Але раптам члены журы паднеслі камандам сюрпрыз: яны вырашылі, што правілы існуюць для таго, каб іх парушаць, і дазволілі прайсці ў фінал усім камандам. Такім чынам, і “Палата № 6”, і “Пешаходы” атрымалі шанц паказаць сябе.

"Савецкае Палессе"

Обновленный фотоальбом смотрите здесь!

Просмотров: 547 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования