Главная » 2015 » Сентябрь » 20 » «Клік» да моладзі, або Размова на роўных
23:58
«Клік» да моладзі, або Размова на роўных

Паводле сацыялагічнага даследавання БРСМ, без мабільнага тэлефона свой звычайны дзень не ўяўляюць 98 працэнтаў апытаных юнакоў і дзяўчат, а большасць рэспандэнтаў бавяць у сеціве больш за тры гадзіны на дзень.

Мы пагутарылі са старшынёй Цэнтральнай кантрольнай камісіі гэтай маладзёжнай структуры, каардынатарам работы ў інтэрнэце Алесяй Віннік і даведаліся пра тое, якую карысць можа прынесці сусветнае павуцінне нашай моладзі.

Праца ў інтэрнэт-прасторы была выбрана адным з ключавых кірункаў яшчэ шэсць гадоў таму, калі мы вызначалі для сябе стратэгію развіцця БРСМ. Сёння кожны малады чалавек зарэгістраваны ў сацыяльных сетках, атрымлівае інфармацыю з разнастайных інтэрнэт-парталаў, праглядвае форумы, выкарыстоўвае мабільныя праграмы… Наша задача была ў тым, каб стварыць маладзёжную беларускую інтэрнэт-прастору. І хто, як не моладзь, якая лічыцца найбольш актыўнай, мабільнай часткай грамадства, мусіць гэта рабіць?

Перш за ўсё мы абазначылі сябе ў сацыяльных сетках. Так склалася, што самая папулярная з іх у маладых беларусаў — «УКантакце». І на гэта мы зрабілі стаўку. Сёння там працуюць каля 350 суполак БРСМ, у якіх зарэгістраваны каля 300 тысяч чалавек. За гэтай лічбай хаваецца велізарнае поле для імгненнага распаўсюджвання інфармацыі! Атрымліваецца паспяхова працаваць з мікраблогамі сеткі Twіtter. 173 акаўнты паведамляюць у рэжыме рэальнага часу аб падзеях і разнастайных мерапрыемствах. Прадстаўлены мы і ў іншых сетках — Facebook, «Аднакласніках», Іnstagram. Функцыянуюць суполкі і на хостынгу Youtube.com, у якіх перыядычна выкладваецца відэаінфармацыя. Мы актыўна і паўсюдна выкарыстоўваем хэштэгі — словы або фразы, якім папярэднічае сімвал #. Яны даюць магчымасць групаваць паведамленні на падобную тэматыку і з’яўляюцца найважнейшым інструментам пры пошуку і распаўсюджванні інфармацыі. Мы карыстаемся многімі хэштэгамі, сярод якіх #БРСМ, #маяБеларусь, #мойВыбар, #маяБеларусь, #мойВыбор, #Belarus, #ялюблюбеларусь… Моўная разнастайнасць неабходная для таго, каб нас чыталі не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах свету.

Як пачувае сябе Саюз моладзі ў благасферы? Мушу зазначыць, што папулярнасць блогаў крыху знізілася. Але гэта адбываецца таму, што колькасць пераходзіць у якасць. Вядомых асоб у сферы культуры, спорту масава чытаюць па-ранейшаму. І ў нас ёсць шмат таленавітай моладзі, якая можа дзяліцца сваімі думкамі з усім грамадствам. Праз некалькі тыдняў з’явяцца блогі і на сайце brsm.by. Іх будуць весці нашы актывісты-мастакі. Пераможцы конкурсу «100 ідэй для Беларусі» раскажуць пра сферу інфармацыйных тэхналогій, актыў саюза ў яркай і даступнай манеры распавядзе пра тое, што сёння яны робяць для моладзі. Мы выкарыстоўваем пляцоўкі Lіvejournal, Blog.tut.by, Bloger.by. І самае галоўнае тут — не сфарміраваць культ асобы аўтара. Усё-такі людзі вераць таму, што пішуць у сацыяльных сетках, і не заўжды могуць адрозніць «качку» ад праўды.

Глабальная камп’ютарная сетка — гэта цудоўны спосаб расказаць пра сваю Радзіму, цікавыя мясціны сотням тысяч людзей і заадно спосаб самавызначэння. Напрыклад, Віцебская абласная арганізацыя праводзіла конкурс «Віцебшчына ў «Інстаграме». Яго ўдзельнікі дасылалі ў агульнадаступную суполку фотаздымкі прыгожых краявідаў, стварыўшы тым самым сапраўднае віртуальнае падарожжа. Гамяльчане прыдумалі цікавы праект «Свет праз інтэрнэт», які рэалізоўваўся сумесна з абласной пракуратурай. Хлопцы і дзяўчаты, якія стаяць на розных відах уліку, станавіліся своеасаблівымі назіральнікамі за парадкам. Яны фатаграфавалі мясціны, дзе былі не зачынены люкі, разбіты лесвічныя прыступкі, штосьці было паламана, і дасылалі гэтыя фотаздымкі на віртуальную дошку. Кантрольныя органы рэагавалі на іх і наводзілі парадак.

Але самым цікавым інтэрнэт-праектам стаў «Мая Беларусь — мой выбар». Ён быў запушчаны на пачатку года. Мы вырашылі ўсёй моладзі краіны расказаць пра тое, якія сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, дасягненні ў галіне культуры, навукі, тэхналогій адбыліся ў нашай краіне. Адметнасцю праекта стала шырокае выкарыстанне інфаграфікі. Справа ў тым, што дзевяць з дзесяці людзей — візуалы. Яны лепш успрымаюць інфармацыю, калі яна падаецца не ў выглядзе тэксту, а як карцінка са звесткамі. Кожны рэгіён расказвае пра сваё жыццё, свае асаблівасці. І мы бачым, што наша задума ўдалася: выкладзеная намі інфармацыя актыўна распаўсюджваецца з дапамогай асабістых акаўнтаў карыстальнікаў.

Сацыяльныя сеткі і блогі — гэта толькі адзін з вялікіх кампанентаў нашай працы. Мы ўжо перайшлі на ўзровень праграмавання і ствараем свае навучальныя праграмы. Сайт «100 ідэй для Беларусі» — гэта таксама адна з нашых распрацовак». Нядаўна ў нас выйшла мабільная праграма — «MegaBook», дзе сабраны ўсе школьныя падручнікі з 5 па 11 класы. У любы момант можна адкрыць патрэбную кнігу і знайсці неабходную інфармацыю. Гэты праект узгоднены з Міністэрствам адукацыі. Займаюцца распрацоўкамі такіх цікавінак школьнікі старшых класаў і студэнты першых курсаў універсітэтаў.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

"ЗВЯЗДА"

Просмотров: 417 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Каталог TUT.BY
Индекс цитирования