Главная » 2017 » Июль » 13 » Маладзёжнае свята пройдзе на «Славянскім базары»
08:18
Маладзёжнае свята пройдзе на «Славянскім базары»

14-15 ліпеня ў рамках афіцыйнай праграмы XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў горадзе над Дзвіной адбудуцца мерапрыемствы Дня моладзі, аб’яднаныя агульнай тэматыкай «Беларусь — крыніца натхнення».

14 ліпеня, у 20.00 пад дэвізам «Сустракаем Дзень моладзі» праграму свята адкрые Disсo-folк «ВЫШЫВАНКА.BY» (пл.Перамогі). Вопытныя беларускія DJ — рэзідэнты папулярных клубаў і дыск-жакеі, якія толькі-толькі пачынаюць адточваць свой стыль за DJ-пультам, абяцаюць «запаліць» грандыёзную танцавальную маладзёжную вечарыну, здзівіць яе ўдзельнікаў моднымі рэміксамі беларускіх хітоў і забяспечыць выдатны настрой на ўсё маладзёжнае свята.

15 ліпеня у 12.00 стартуе арт-парад маладзёжных субкультур «Беларусь у сэрцы маім!» Парад пройдзе ад перасячэння вуліцы Шубіна і вуліцы Леніна да плошчы Перамогі. Творчае шэсце аб’яднае папулярныя ў маладзёжным асяроддзі субкультуры і аб’яднанні: велатрэалістаў,  джампераў, скейтбардыстаў, ролераў, брэйк-дансістаў, графіцістаў, хадулістаў, бітбоксераў, хіп-хопераў, мастакоў бодзі-арт, поп- і рок-групы, удзельнікаў  рыцарскіх клубаў, танцавальныя школы краіны, фальклорныя маладзёжныя калектывы, маладзежныя тэатры, байкераў і іншых.

Адным з важных мерапрыемстваў Дня моладзі стане традыцыйная патрыятычная акцыя «Мы памятаем і ганарымся!» з ускладаннем кветак і вянкоў да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі ў Віцебску (15 ліпеня  ў 13.00).  У той жа дзень у 13.30 на цэнтральнай сцэне, усталяванай на плошчы Перамогі, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дня моладзі з удзелам прадстаўнікоў таленавітых юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны.

У 14.00 лепшыя танцавальныя калектывы з Беларусі і Расійскай Федэрацыі закруціць у харэаграфічных батлах фінал рэспубліканскага маладзёжнага танцавальнага марафону «Агонь танца». Упершыню ў конкурсную праграму гэтага фестывалю, які аб’яднаў розныя харэаграфічныя стылі і напрамкі, уключаныя такія намінацыі як «Беларускі народны танец» і «Нацыянальны танец».

Паралельна з «Агнём танца» на плошчы Перамогі разгорнецца інтэрактыўная экспазіцыя «Беларусь — крыніца натхнення». Яе аснову складуць творчыя праекты «Беларусь — наш родны дом», «Зорны каскад», майстар-класы, выстава-дэгустацыя  страў нацыянальнай кухні, адзення, сувеніраў, аксэсуараў з беларускім арнаментам, праца фотаатэлье пад адкрытым небам, фотасесіі ў вышыванках, фотасушка і фотагалерэя. Тут жа будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі (бодзі-арт, аквагрым, стрыт-арт), а таксама арганізавана раздача стужачак з арнаментам.

Гасцей маладзёжнага свята запрашае і Фестываль маладзёжных субкультур, дзе сваё майстэрства, шырокі спектр талентаў і ўменняў прэзентуюць прадстаўнікі экстрэмальных відаў спорту. Яны змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах па стрытболе, графіці, фрыстайле…  Кагосьці можа зацікавіць конкурс «Аўта-Мота-Фэст», адкрыты чэмпіянат па скейтбордынгу «Беларусь skаtеboard  challange» або турнір па сілавым экстрыме «Моцная Беларусь».

15 ліпеня ў 14.30 на алеі па вуліцы Б.Хмяльніцкага разгорнецца «Свята гульнi» і маштабная разнапланавая інтэрактыўная экспазіцыя «Маладзёжны падворак». Вобраз падворка — вялікі базар-кірмаш, куды з’язджаюцца шматлікія госці, якія прывозяць свае лепшыя песні, таленты і тавары. Адначасова на алеі будзе арганізавана эстафета «Калейдаскоп гумару» з выступленнем творчых калектываў, груп і выканаўцаў, жартаўнікоў з каманд КВЗ.

Кульмінацыяй маладзежнага свята стане «Бітва дыджэяў » Беларусь і Я» з удзелам пераможцаў рэгіянальных тураў гэтага праекта ў 2017 годзе. Бітва  распачнецца на плошчы Перамогі ў 20.00. Акунуцца ў атмасферу музычна-танцавальнай эйфарыі запрашаюць будучыя каралі «круцёлак» — Dj Project An2An (Брэсцкая вобласць), Dj Swan (Віцебская вобласць) Dj Toha і Dj Oleg Prazdnik(Гродзенская вобласць), Dj Pogosyan (Гомельская вобласць), Dj Airo Amis (Мінская вобласць), Dj Energy Life (Магілёўская вобласць), Dj Nikolive і Dj Benjamin (г.Мінск). Таксама да іх далучацца і «зоркі» беларускай эстрады. А лепшыя фаершчыкі тэатраў агню абяцаюць падарыць усім удзельнікам «Бітвы дыджэяў» перфоманс «Вогненная феерыя».

Ідэйным натхняльнікам маладзёжнага свята з 2004 года выступае Грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Праект «Дзень моладзі» на Славянскім базары ў Віцебску рэалізуецца пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Дырэкцыі XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Віцебскага аблвыканкама,  Студыі сучаснага танца «CityDance», радыёстанцый «Пілот-FM» і «Душэўнае радыё».

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда

Просмотров: 531 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования