Главная » 2012 » Октябрь » 19 » Музей Якуба Коласа ў ДУА “Люсінскі дзіцячы сад — сярэдняя школа” стаў сапраўдным культурным цэнтрам усёй Ганцаўшчыны
20:07
Музей Якуба Коласа ў ДУА “Люсінскі дзіцячы сад — сярэдняя школа” стаў сапраўдным культурным цэнтрам усёй Ганцаўшчыны
Напярэдадні стагадовага юбілею Якуба Коласа, 24 красавіка 1982 года, у прысутнасці шматлікіх ганаровых гасцей у Люсінскай сярэдняй школе быў адкрыты літаратурна-этнаграфічны музей славутага беларускага песняра. У ім сабраны шматлікія фотаздымкі і дакументы, якія расказваюць пра жыццё і творчасць народнага пісьменніка, яго настаўніцкую і палітычную дзейнасць. За 30 гадоў існавання Коласаўскі музей наведала шмат экскурсантаў. У кнізе водгукаў свае запісы пакінулі наведвальнікі з Расіі, Узбекістана, Казахстана, Туркменістана, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі і іншых краін.
Першым кіраўніком музея стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Фёдараўна Мурсалім, якая заклала ў ім шмат добрых традыцый, у тым ліку такую, як правядзенне экскурсій па музею вучнямі школы, для чаго быў створаны гурток юных экскурсаводаў. Пасля выхаду Галіны Фёдараўны на заслужаны адпачынак яе эстафету, каля пятнаццаці гадоў таму, падхапіла другая настаўніца беларускай мовы і літаратуры — Валянціна Андрэеўна Занька. Сёння падрыхтаваныя ёй юныя экскурсаводы, апранутыя ў нацыянальнае адзенне, натхнёна, цікава і змястоўна расказваюць аб жыццёвым і творчым шляху вялікага песняра, знаёмяць з экспанатамі музея.
За прайшоўшыя дзесяцігоддзі Коласаўскі музей стаў сапраўдным культурным цэнтрам не толькі навучальнай установы і вёскі, але і ўсёй Ганцаўшчыны. У ім рэгулярна праводзяцца разнастайныя школьныя і раённыя мерапрыемствы. У прыватнасці, сёлетняй вясной, калі адзначаўся юбілей музея, у ім прайшлі Коласаўскія чытанні і раённы семінар, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння класіка.
Валянціна Андрэеўна, як і ўсе педагогі і вучні Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, увогуле яе аднавяскоўцы, пераканана: колькі б ні прайшло часу з тых дзён, калі ў Люсіне настаўнічаў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — славуты пясняр беларускай зямлі Якуб Колас, яго імя застанецца ў людской памяці тут навечна.
Просмотров: 630 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования