Главная » 2017 » Май » 1 » На абароне інтарэсаў моладзі
23:58
На абароне інтарэсаў моладзі

Падчас шостай справаздачна-выбарчай канферэнцыі Ганцавіцкай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” абмяркоўвалася дзейнасць аб’яднання за апошнія некалькі гадоў. Выявіліся як дасягненні ў рабоце арганізацыі, так і некаторыя недахопы.

Як зазначыў у сваім выступленні першы сакратар Ганцавіцкага РК ГА “БРСМ” Аляксандр Занька, адметнай рысай сёлетняй канферэнцыі з’ўляецца тое, што яна праходзіць у юбілейны для БРСМ год: арганізацыі спаўняецца 15 гадоў.

На сённяшні дзень раённая арганізацыя БРСМ аб’ядноўвае 1418 чалавек. Варта адзначыць, што яны прымаюць удзел у многіх грамадска значных падзеях нашай краіны.

Сёння работа БРСМ накіравана на рэалізацыю разнастайных праектаў, акцый, якія выхоўваць маладое пакаленне на прынцыпах маралі. Гэта, напрыклад, “Мы — грамадзяне Беларусі”, “Адкрыты дыялог”, “Мой фільм пра вайну”, “У саюз з сябрамі”, “Кветкі Вялікай Перамогі”, “Уладар сяла”, абласны творчы фестываль “Маладзёжны квартал” і шмат іншых.

Разам з тым, Аляксандр Занька звярнуў увагу і на тое, што сёння недастаткова ўвагі раённая арганізацыя БРСМ надае рабоце з маладымі спецыялістамі, дадзены накірунак патрабуе ўдасканалення. Так, сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі праходзяць, але ў той жа час існуе шэраг праблем, якія неабходна вырашаць, у тым ліку з удзелам БРСМ. Аляксандр Ануфрыевіч падкрэсліў, што бачыць вырашэнне пытання ў стварэнні аб’яднання або клуба для маладых спецыялістаў раёна. “Мы гатовы правесці пад сваёй эгідай шэраг мерапрыемстваў. Напрыклад, першы форум працуючай моладзі, нават у гэтым годзе, які б садзейнічаў вырашэнню праблем маладых спецыялістаў”, — сказаў першы сакратар райкама.

Шмат увагі арганізацыя надае валанцёрскаму руху. Гэта сапраўды развіты накірунак, якім займаецца грамадскае аб’яднанне, аб чым сведчыць тое, што традыцыйнымі сталі маштабныя акцыі “Моладзь — ветэранам”, “Лепшы падарунак — увага”, “Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям”, “Дзякуй за Перамогу”, “Цяпло сэрцаў для нашых мам” і многія іншыя.

Аляксандр Занька таксама вылучыў работу сайта райарганізацыі, які працуе дастаткова паспяхова. На інтэрнэт-рэсурсе можна знайсці шмат карыснай і цікавай інфармацыі. Нельга аспрэчваць тое, што сусветная сетка — моцны інструмент уздзеяння на моладзь, які нельга ігнараваць. Дарэчы, у скарбонцы дасягненняў сайта раённага камітэта — інтэрнэт-прэмія БРСМ за лепшы сайт па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў у 2015 годзе. У 2016 годзе ў гэтай жа намінацыі сайт саступіў толькі рэсурсу пярвічнай арганізацыі БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Сярод важнейшых задач раённага камітэта БРСМ Аляксандр Занька вылучыў прыцягненне моладзі да здаровага ладу жыцця, таму што зараз праблемы ўжывання алкаголю, наркотыкаў, курэння з’яўляюцца вельмі актуальнымі і вострымі.

Стратэгічнымі мэтамі дзейнасці райарганізацыі на 2018 — 2020 гады Аляксандр Занька прапанаваў: падтрымку адоранай і таленавітай моладзі, рэалізацыю грамадзянска-патрыятычных і культурна-забаўляльных праектаў, далейшае ўдасканаленне дзейнасці маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, другаснай занятасці, падтрымку і развіццё інавацыйнай і навуковай дзейнасці, удасканаленне сістэмы ўзаемадзеяння БРСМ і суб’ектаў гаспадарання, органаў кіравання на ўсіх узроўнях вырашэння сацыяльных і грамадска значных задач і іншыя.

У рабоце канферэнцыі таксама прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Антановіч, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Яўгенія Стацько, старшыня Ганцавіцкага раённага Савета ГА “БРПА” Алена Мінько, сакратары пярвічных арганізацый БРСМ раёна і іншыя дэлегаты.

Падчас канферэнцыі вызначаны новы склад раённага камітэта, у які ўвайшлі 15 чалавек, а першым сакратаром райарганізацыі абраны Аляксандр Занька. Лідары самых актыўных пярвічных арганізацый БРСМ раёна ўзнагароджаны граматамі і падарункамі.

Вікторыя ПРЫКОТА.

"САВЕЦКАЕ ПАЛЕССЕ"

НА ЗДЫМКАХ: выступае Аляксандр Занька; удзельнікі канферэнцыі.

Фота аўтара.

Просмотров: 538 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования