Главная » 2016 » Июнь » 29 » На маладзёжнай хвалі
08:39
На маладзёжнай хвалі

У мінулую нядзелю на пляжы “Паўднёвы” адбылася музычна-забаўляльная праграма “На моладзевай хвалі”, прысвечаная Дню Моладзі. У выніку ў арганізатараў атрымаўся сапраўдны танцавальны марафон.

Пачаў яго калектыў “Fire flash” гарадскога Дома культуры (на здымку). Таксама на сцэну выйшли маладыя салісты эстраднай студыі “Правінцыя”, чый талент даўно вядомы кожнаму жыхару раёна. Але, канечне, лепшым падарункам для моладзі стала выступленне пераможцы абласной бітвы дзіджэяў "Беларусь і Я" Паўла Руткоўскага (DJ Rudik). Малады чалавек, здавалася, заразіў энергіяй кожнага з прысутных. У выніку дыскатэку прыйшлося працянуць на паўгадзіны больш, чым было запланавана: людзі ніяк не хацелі расходзіцца.

Заканамерна, што пасля таго, як мерапрыемства прайшло з такім поспехам, узнікла пытанне: а ці не зрабіць такі від адпачынку пастаянным? Да абмяркавання, дзякуючы сацыяльным сеткам, падключылася не толькі кіраўніцтва раёна, але і прадстаўнікі ганцавіцкай моладзі. На старонках у сацсетцы “Вконтакте”, якія носяць назвы “Молодёжь Ганцевщины” і “Подслушано в Ганцевичах” ужо зараз ідзе актыўная размова пра тое, ці патрэбны падобныя дыскатэкі.
Маладыя людзі гавораць, што танцаваць на пляжы ў той час, пакуль яшчэ не да канца сцямнела — не вельмі цікава. А таму яны прапануюць прыслухацца да іх і зрабіць дыскатэку не да 23.00, а хаця б да 00.00.

Пакуль невядома, ці будзе гэтая іх просьба задаволена. Але ўжо зараз зразумела, што такія мерапрыемствы будуць аб’яўлены зонай, свабоднай ад алкаголю. Нават будзе створана своеасаблівая “Дошка сораму”, на якую будуць заносіцца імёны ўсіх парушальнікаў гэтага правіла.

Яшчэ нельга не адзначыць, што больш за 80 працэнтаў людзей, якія прынялі ўдзел у апытанні на старонцы Молодёжь Ганцевщины, лічаць, што такія дыскатэкі на пляжы неабходныя нашаму гораду. І нядзіўна: у апошні час у моладзі вельмі мала варыянтаў таго, куды можна пайсці і свабодна патанцаваць. А таму мы запрашаем ўсіх, хто яшчэ не паўдзельнічаў у апытанні, выказаць сваі меркаванні на старонцы https://vk.com/brsm_gantcevichi.

САВЕЦКАЕ ПАЛЕССЕ

Просмотров: 624 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования