Главная » 2016 » Октябрь » 26 » На пачатку працоўнага шляху
14:57
На пачатку працоўнага шляху

Кожны год з прыбыццём маладых спецыялістаў у раён звязана шмат надзей і чаканняў. Поўныя новых ідэй і энергіі, яны гатовы да самых смелых здзяйсненняў.

 

Заканамерна, што да маладых спецыялістаў праяўляецца асаблівы інтарэс. Цікава з імі пазнаёміцца, паслухаць іх думкі, уражанні ад першых месяцаў работы на сваіх месцах, а таксама ад Ганцаўшчыны ўвогуле. І традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладым папаўненнем, якая прайшла ў мінулую пятніцу, — цудоўная для гэтага нагода.

Сёлета шэрагі работнікаў Ганцавіцкага раёна папоўнілі 87 маладых спецыялістаў. Новыя кадры прыйшлі працаваць у адукацыю (18 чалавек), у медыцыну (9 чалавек), аграпрамысловы комплекс (16 чалавек), культуру (6 чалавек), РАУС (3 чалавекі), РЖКГ (7 чалавек) і ў іншыя сферы.  Прыкметна, што многія — ураджэнцы Ганцаўшчыны, але ёсць нямала і тых, хто прыехаў па размеркаванні з розных куточкаў не толькі Брэсцкай, але і іншых абласцей краіны. Напрыклад, цяперашні выкладчык Ганцавіцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Дзмітрый Адамаў — ураджэнец Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Ён у Ганцавічы трапіў пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна.

Адна з задач такіх сустрэч — паказаць маладым спецыялістам, што іх усюды гатовы падтрымаць, трэба смела звяртацца па дапамогу і падказкі да старэйшага пакалення. Моладзь заўсёды выслухаюць і дадуць параду. Так, на сустрэчы выказалі сваю гатоўнасць дапамагчы і пракансультаваць па неабходных пытаннях маладых спецыялістаў загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Уладзімір Канановіч, дырэктар ЦБП № 107 філіяла № 802 ААТ “ААБ Беларусбанк” Наталля Сідоранка, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Яўгенія Стацько, загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Матуліс. Дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Кулеш расказала шмат цікавага пра гістарычнае мінулае Ганцавіцкага краю. Ну, а падводзіў вынікі сустрэчы старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч, які выказаў у адрас моладзі словы наказу і пажаданні поспехаў і  плёну ў працы.

Вядучая Святлана Багрова прадставіла ўсіх і расказала пра іх кароткія звесткі — дзе нарадзіліся, вучыліся, кім прыехалі працаваць.

Акрамя таго, маладыя спецыялісты маглі пазнаёміцца з Ганцаўшчынай яшчэ і падчас наведвання інфармацыйных пляцовак, якія былі для іх арганізаваны ў танцавальнай зале кінатэатра “Маладосць”. Гэта таксама стала выдатнай магчымасцю паразмаўляць з кіраўніцтвам раёна ў нефармальнай абстаноўцы, а таксама абмеркаваць пытанні, якія хвалююць. І варта зазначыць, што многія не ўпусцілі шанц гэтай магчымасцю скарыстацца.

Атмасфера сустрэчы была добразычлівай, пазбаўленай афіцыёзу. Знаёмства з маладымі спецыялістамі адбывалася ў форме жывога дыялогу. Маладыя людзі ўсміхаліся, рабілі адзін з адным сэлфі, настрой ва ўсіх быў прыўзняты, а размовы не сціхалі.

Бадай, самай цікавай была трэцяя частка сустрэчы — імправізаваны экзамен па прыёме маладых спецыялістаў у працоўную сям’ю Ганцаўшчыны ў форме квэсту, што дазволіла “новенькім” даведацца больш пра край, яго людзей, прадпрыемствы, установы, гісторыю, а таксама пра ідэі, жаданні і магчымасці адзін аднаго. На працягу квэст-гульні маладыя людзі атрымлівалі лісткі з заданнямі і пытаннямі. Так, адным з заданняў было пазнаць тры вядомыя месцы ў горадзе, фота якіх з’яўляліся на экране.

Сваімі творчымі праектамі і задумкамі падзяліліся педагогі дзіцячай школы мастацтваў Лізавета Копцюх, Інга Курганская, Кацярына Крэмень — выпускніцы Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа. Расказаў пра свае планы і Яўген Стральчэня, які прыехаў працаваць настаўнікам гісторыі ў Будчанскую яслі-сад — сярэднюю школу.

Весела было і падчас заданняў “Ведай сваё імя” (дарэчы, па падліках найбольш часта сярод маладых спецыялістаў сёлета сустракаюцца імёны Ірына, Анастасія і Андрэй), “Нестандартныя сітуацыі”. Выконваючы апошняе, маладыя афіцэры — Андрэй Зялёнка, Віктар Маляўка, Алег Навіцкі дэманстравалі сваю фантазію, знаходлівасць і пачуццё гумару, адказваючы на каверзныя пытанні.

Сярод маладых спецыялістаў сёлета ёсць і тыя, хто з’яўляецца прадстаўніком сямейнай дынастыі. Так, Алена Спосаб — выхавальнік дашкольнай адукацыі ў яслях-садзе № 1 г. Ганцавічы працягвае справу сваёй мамы — Алы Спосаб, якая выкладае беларускую мову і літаратуру ў Ганцавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце.

Свае веды па гісторыі меліярацыі Ганцаўшчыны і аб ардэнаносцах-меліяратарах паказалі маладыя спецыялісты, якія папоўнілі працоўны калектыў Ганцавіцкага ПМС — Аляксей Лыскавец, Максім Каржаневіч, Вадзім Цупа.

Варта адзначыць, што сярод маладых спецыялістаў шмат таленавітых людзей. Свае таленты яны дэманстравалі на працягу сустрэчы: спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах.  Упрыгожылі свята і музычныя нумары ў выкананні прадстаўнікоў гарадскога Дома культуры, РЦДЮТ, ДШМ.

…У тых, хто сабраўся ў зале ў той дзень, усё яшчэ наперадзе: і перамогі, і няўдачы. Толькі прайшоўшы няпросты шлях прафесійнага станаўлення, можна вырасці з нявопытнага спецыяліста да сапраўднага прафесіянала. Так склалася, што ва ўсіх маладых удзельнікаў сустрэчы гэты самы шлях пачаўся на Ганцаўшчыне, дзе ім рады і гатовы дапамагчы і падтрымаць. Ну, а як складзецца  далейшы лёс, у многім залежыць ад іх саміх.

Вікторыя ПРЫКОТА, "Савецкае Палессе"

Просмотров: 824 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования