Главная » 2012 » Январь » 11 » На прыём да Анастасіі Мікалаеўны Каратыш — хірурга Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, запісваецца заўсёды шмат пацыентаў
20:20
На прыём да Анастасіі Мікалаеўны Каратыш — хірурга Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, запісваецца заўсёды шмат пацыентаў
Сваёй працай малады ўрач заслужыла давер і павагу жыхароў раёна, якім яна заўсёды аказвае кваліфікаваную дапамогу.

Анастасія Мікалаеўна нарадзілася ў Лунінецкім раёне. У 2010 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, пасля якога была накіравана на стажыроўку ў Брэсцкую абласную бальніцу, а потым апынулася на Ганцаўшчыне.

У новым горадзе і на новым месцы работы адаптацыя для хірурга прайшла даволі лёгка. Па-першае, парадавала ўрача, што ва ўстанове працуе шмат маладых спецыялістаў, прычым не толькі з БДМУ, але і з іншых навучальных устаноў. А гэта не толькі дадатковы абмен вопытам, але і сяброўскія адносіны, што садзейнічаюць больш плённай рабоце. Па-другое, у райбальніцы працуюць спецыялісты высокай кваліфікацыі, якія заўсёды дапамогуць у той ці іншай складанай сітуацыі.

Па словах А. М. Каратыш, работа яе хоць і цяжкая, але цікавая. Здараецца рознае, аднак вельмі прыемна чуць шчырыя словы ўдзячнасці ад пацыентаў, якім дапамагаеш. Пасля такіх слоў адчуваецца эмацыянальны і духоўны пад’ём, доўга не пакідае добры настрой.

Наогул, мінулы год Анастасія Мікалаеўна лічыць асаблівым у сваім жыцці. Яна атрымала сертыфікат хірурга — да гэтага ўпарта ішла сем гадоў. Яшчэ адна адметнасць — пераезд на новае месца работы, у наш райцэнтр, дзе малады хірург спадзяецца ўдасканальваць свае тэарэтычныя веды і практычныя навыкі, стаць сапраўдным прафесіяналам.

На развітанне Анастасія Мікалаеўна падзялілася сваімі марамі і надзеямі: "Хацелася б, каб усе былі здаровымі, каб у кожнага заўсёды пераважалі станоўчыя эмоцыі, а жыццё складвалася шчасліва і радасна. Што датычыцца асабіста мяне, то мая мара — больш працаваць у стацыянары, аперыраваць. Хоць вопыту ў мяне пакуль што недастаткова, аднак у аддзяленні працуюць дастойныя настаўнікі, вопытныя спецыялісты-хірургі, у якіх можна шмат чаму навучыцца. Таму веру і спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца”.

І ў гэтым можна не сумнявацца.
Просмотров: 671 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования