Главная » 2010 » Декабрь » 31 » Навагодняе віншаванне старшыні райвыканкама У. М. Столяра жыхарам раёна
18:09
Навагодняе віншаванне старшыні райвыканкама У. М. Столяра жыхарам раёна
Дарагія ганцаўчане!
Новы год — асаблівае свята, самае любімае і доўгачаканае для ўсіх людзей. Па традыцыі ў кожнай сям’і, працоўным калектыве ў гэтыя дні падводзяць вынікі, успамінаюць самыя яркія падзеі і намячаюць планы на будучае.

Год, які мы пражылі пад знакам важных грамадска-палітычных падзей, быў няпростым. Ён ускалыхнуў нашу палітычную актыўнасць, і мы ганарымся, што ганцаўчане, усвядоміўшы ўсю паўнату адказнасці за лёс краіны, праявілі грамадзянскую пазіцыю і разам з усім беларускім народам зрабілі выбар за стабільнасць і далейшы дабрабыт Беларусі, роднай Ганцаўшчыны.

2010 год стаў завяршальным годам пяцігодкі, праходзіў пад знакам якасці. У адыходзячым годзе нам не раз прыходзілася пераадольваць цяжкасці, шукаць і знаходзіць выйсце з самых складаных сітуацый. У той жа час гэты год прынёс не толькі перажыванні, але і многа добрых падзей, быў цікавым, насычаным і ў цэлым стаў для раёна паспяховым.

Шмат намаганняў было накіравана на ўмацаванне і далейшы рост эканомікі, паляпшэнне дабрабыту нашых людзей. Забяспечана стабільная работа ўсіх галін народнагаспадарчага комплексу, дасягнуты паспяховыя вынікі ў фінансавай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання.

Прадпрыемствамі за 2010 год выраблена прамысловай прадукцыі на 32 мільярды рублёў, спажывецкіх тавараў — на 6 мільярдаў рублёў, што значна пераўзыходзіць прагнозныя параметры. У рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта на ААТ "Модуль" створана зусім новая вытворчасць, якая дазволіла забяспечыць выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Нягледзячы на сюрпрызы прыроды, нашы хлебаробы своечасова і якасна правялі ўборку ўраджаю. Сельгаскааператывамі раёна намалочана больш 26 тысяч тон зерня, у поўным аб’ёме выкананы дзяржаўны заказ. Павялічылася вытворчасць малака, мяса, выканана заданне па нарыхтоўцы кармоў. На працягу года адбывалася тэхнічнае перааснашчэнне машынна-трактарнага парка, праводзіўся капітальны рамонт вытворчых аб’ектаў сельскагаспадарчых арганізацый.

Вялікую ролю ў развіцці эканомікі адыгрывае будаўніцтва. За 2010 год уведзена ў строй 20 тысяч квадратных метраў жылля. У новых умовах пачало працаваць КУВП "Ганцавіцкі КПД", на якім паспяхова рэалізуецца праект па вытворчасці панэлей для будаўніцтва жылля метадам "Шырокі крок". Зараз вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва ў горадзе новага шматпавярховага жылога квартала і будынка гімназіі. Значны аб’ём работ выкананы па добраўпарадкаванню горада і населеных пунктаў, актыўна вялася газіфікацыя індывідуальных домаўладанняў грамадзян.

Намецілася станоўчая дынаміка па фінансаваму аздараўленню прадпрыемстваў і арганізацый. Прыбытковасць ад гаспадарчай дзейнасці па выніках года павялічылася ў 3 разы, забяспечана станоўчая рэнтабельнасць продажу.

Стабільную і эфектыўную работу забяспечвалі хлебазавод, лясгас, сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы "Дубнякі", "Агарэвічы", ПМК-14, ДРБУ-100, прадпрыемствы сувязі, камунальнага, гандлёвага і бытавога абслугоўвання, прадпрымальніцкія структуры.

У адыходзячым годзе дынамічна развівалася сацыяльная сфера. Палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя. Добрымі вынікамі на абласным і рэспубліканскім узроўнях парадавалі вучні гімназіі і сярэдніх агульнаадукацыйных школ раёна. Мы і ў далейшым будзем падтрымліваць таленавітую моладзь, ад ведаў, энергіі і мэтанакіраванасці якой у многім залежыць будучыня роднага краю.

У гэтым годзе адбылося нямала яркіх падзей у культурным жыцці раёна. На высокім узроўні праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню 70-годдзя ўтварэння раёна, 65-й гадавіны Вялікай Перамогі, рэспубліканская акцыя "Беларусь — гэта мы!", абласное свята "Пад дахам дома твайго" і іншыя.

Поспехі кожнага працаўніка складваюцца ў агульную скарбонку дасягненняў Ганцаўшчыны. Выказваем шчырую ўдзячнасць жыхарам раёна, працоўным калектывам, грамадскім арганізацыям, якія сваімі адказнымі адносінамі да працы, добрасумленнасцю, цярпеннем і высокай грамадзянскасцю прымнажаюць эканамічны і духоўны патэнцыял роднай зямлі.

Наперадзе ў нас новы год, а разам з ім новыя адказныя задачы і складаныя планы, якія неабходна рэалізаваць. У 2011 годзе наш горад стане сталіцай Дня беларускага пісьменства. Запатрабаваны будуць новыя ідэі і праекты. Спадзяёмся, што гэтае свята дапаможа зрабіць раённы цэнтр больш добраўпарадкаваным, будзе садзейнічаць з’яўленню новых аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы.

Новы год дорыць кожнаму з нас не толькі новыя магчымасці, якія дазваляюць паспяхова рухацца ў далейшым развіцці, але і прыносіць чарговыя выпрабаванні, якія ўсім нам разам патрэбна будзе пераадольваць. Давайце ж пастараемся ў наступаючым годзе не ўпусціць перспектывы, якія нам адкрываюцца, і будзем добрасумленна і плённа працаваць, бо толькі наша сумесная праца з’яўляецца гарантыяй і асновай агульнага працвітання і дабрабыту.

Уступаючы ў новы год, мы верым, што ён прынясе нам радасць і шчасце. Шчыра спадзяёмся, што ўсё лепшае, якое радавала нас у годзе адыходзячым, абавязкова атрымае свой далейшы працяг. Няхай наступаючы 2011 год прынясе дабрабыт і дастатак у сем’і, будзе шчодрым на добрыя справы, натхненне і творчую працу.

Ад усёй душы жадаю ўсім ганцаўчанам дабра, міру і спакою, моцнага здароўя, шчасця і ўдачы.

З Новым, 2011 годам, дарагія сябры!
Просмотров: 834 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Каталог TUT.BY
Индекс цитирования