Главная » 2015 » Март » 1 » Пра свядомасць і правы
17:40
Пра свядомасць і правы

Чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх прайшло 26 лютага. Нягледзячы на тое, што на ім абмяркоўвалася толькі некалькі спраў, але тэмы, якія закраналіся надзвычай важныя.

Самае важнае — усвядоміць

У КСН паступіла інфармацыя з Любашаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Адна з мацярок, чые дзеці ходзяць у сад, не глядзіць за імі і не забяспечвае ім належнага ўзроўню жыцця, а таксама не аказвае маленькім дзецям патрэбнай увагі. Сітуацыя такая, што муж гэтай жанчыны знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, а яна сама жыве ў сваіх бацькоў, перыядычна “сыходзячы ў загул”. Пакінуўшы дваіх дзяцей 2010 і 2012 гадоў нараджэння на сваякоў ці знаёмых, жанчына знікае на працяглы тэрмін.

Паводзіны маці неаднаразова разглядаліся на пасяджэнні сельвыканкама, а таксама прымусілі яе выпрабаваць розныя спосабы лячэння ад алкагольнай залежнасці, у тым ліку лячэнне ў Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын”. Аднак нічога не дапамагло, і ў канцы студзеня жанчына, па яе ўласных словах, “пайшла на дзень нараджэння і сышла ў запой”. На працягу пяці дзён яе не было дома, а дзеці не наведвалі дзіцячы сад.

Па словах самой жанчыны, лячэнне не дзейнічае, таму, што ў яе няма алкагольнай залежнасці. Залежнасць, на яе думку, — штодзённае ўжыванне алкаголю, а яна п’е часам “усяго толькі” па некалькі дзён.

Як адзначыла член камісіі і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Надзея Здрок, у дадзенай сітуацыі самае важнае, каб жанчына ўсвядоміла, што ў яе праблема — алкагалізм. І тады ўся сітуацыя будзе выпраўлена.

Камісія па справах непаўналетніх пакуль толькі вынесла маці папярэджанне. Аднак калі яна не ўсвядоміць свае памылкі, не перастане піць і не пачне надаваць належнай увагі дзецям, то іх у яе адбяруць.

Ці патрэбны правы?

11 лютага ў 22.30 супрацоўнікі Баранавіцкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце каля дома № 4 па вуліцы Кароліка ў горадзе Баранавічы затрымалі жыхара вёскі Чудзін, навучэнца прафліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Малады чалавек знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, хістаўся, дрэнна арыентаваўся ў прасторы. Акт агляду паказаў, што колькасць алкаголю ў крыві хлопца — 0,8 праміле.

Малады чалавек — спартсмен. Ён разам з камандай ліцэя па валейболе прыехаў на спаборніцтвы. Паводле яго слоў, яны з сябрамі выпілі па 0,5 літра піва, а потым вырашылі пагуляць, праветрыцца, каб ад іх не так моцна патыхала алкаголем. Тут іх і злавілі супрацоўнікі міліцыі. Нягледзячы на тое, што на наступны дзень у маладых людзей была вырашальная гульня, цяга да алкаголю пераважыла розум.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Антановіч задала маладому чалавеку адно вельмі важнае пытанне: ці падумаў ён пра тое, як будзе атрымліваць правы? Ён вучыцца на вадзіцеля, а значыць, падобныя выхадкі могуць выліцца ў тое, што яму і яго бацькам прыйдзецца выплачваць сродкі, якія дзяржава ўклала ў яго навучанне.

Малады чалавек, безумоўна, вінаваты, аднак, улічваючы тое, што падобнае здарылася ўпершыню, ён атрымаў штраф у памеры адной базавай велічыні.

Аляксандра ГУРМАН.

Просмотров: 638 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования