Главная » 2015 » Сентябрь » 2 » Раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла»
22:10
Раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла»

У праграме свята “Дажынкі-2015” прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Яго мэтай з’яўляецца садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на вёсцы, фарміраванне патрыятызму, сямейных традыцый, павагі і любові да прафесій сельскіх жыхароў.

Вельмі прыемна, што героямі праекта становяцца працавітыя і дружныя маладыя сем’і, якія сваімі справамі ўмацоўваюць дабрабыт вёсак. Вядучыя Яўген Тамашэня і Мілена Дрозд адзначылі, што кожная сям’я — гэта маленькая дзяржава са сваімі прынцыпамі, традыцыямі, натхненнямі і марамі.

Сёлетні раённы этап складаўся з чатырох конкурсаў: візітнай карткі “Вітаем!”, “Дрывасек”, “Майстар” і “Сельская спартыўная эстафета”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел тры маладыя сям’і — самыя дружныя і смелыя.

Знаёмцеся! Сям’я Васькоў з аграгарадка Хатынічы Хатыніцкага сельскага Савета. Гаспадар — Аляксандр Анатольевіч, гаспадыня — Галіна Фёдараўна з  сыночкамі Яўгенам, Аляксеем і Паўлам.

Сям’я Зялёнкаў з аграгарадка Кукава Агарэвіцкага сельсавета. Гаспадар — Сяргей Міхайлавіч, гаспадыня — Юлія Аляксандраўна з дачушкай Дар’яй.

Сям’я Малышкаў з вёскі Задуб’е Малькавіцкага сельсавета. Гаспадар — Аляксандр Нічыпаравіч, гаспадыня — Наталля Анатольеўна разам з дзецьмі Крысцінай і Маргарытай.

Прадстаўнічае журы ўзначальваў першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Аляксандр Занька. Праграма спаборніцтваў была насычанай і разнастайнай. Маладыя сем’і пілавалі, калолі і складвалі дровы. Гаспадары змагаліся на хуткасць у запраганні і распраганні каня, паказвалі свае веды ў карыстанні мясарубкай. Гаспадыні разам з дзецьмі збіралі рассыпаную бульбу ў мех. Усе конкурсы патрабавалі шмат умення, спрыту і старання.

Самадзейныя артысты Мікалай Мядзведзеў, Алеся Калесніковіч, Аліна Рылка і Сняжана Абрамовіч падбадзёрвалі ўдзельнікаў лірычнымі песнямі. Усім было цікава і весела.

Пераможцай прызнана маладая сям’я Зялёнкаў. Яна атрымала права прадстаўляць Ганцаўшчыну на абласным этапе праекта “Уладар сяла”. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна сем’і Васькоў і Малышкаў.

Усе ўдзельнікі і пераможца раённага этапа рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі ад Ганцавіцкага раённага камітэта Грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", а таксама сувенірамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі РГА "Белая Русь".

Спаборніцтвы засведчылі, што нашы вёскі будуць і ў далейшым прыгажэць,  папаўняцца маладымі сем’ямі, гучаць звонкімі дзіцячымі галасамі.

Фота з мерапрыемства глядзіце ТУТ (фотаальбом абнаўляецца)

Раённы камітэт ГА "БРСМ" выказвае словы падзякі СВК "Агарэвічы", ААТ "Рыбгас "Лактышы", раённай газеце "Савецкае Палессе" за падтрымку ў правядзенні раённага этапа рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

Просмотров: 823 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования