Главная » 2013 » Февраль » 26 » Разыгран кубок района по мини-футбол
23:09
Разыгран кубок района по мини-футбол
Упэўненай перамогай аматарскай футбольнай каманды "Студэнты” завяршыўся розыгрыш адкрытага кубка раёна па міні-футболе, што прайшоў 23 — 24 лютага ў спартыўнай зале СШ № 1 г. Ганцавічы.

Адзначым, што ў складзе "Студэнтаў” выступалі футбалісты, якія на сёлетнім чэмпіянаце раёна прадстаўлялі каманду-пераможцу — "РЖКГ”. І таму сваёй чарговай перамогай рабяты яшчэ раз пацвердзілі, што роўных у раёне па міні-футболе ім пакуль няма.

На гэты раз на турніры змагалася 9 каманд. Яны былі падзелены на 3 групы, пераможцы якіх адразу ж траплялі ў паўфінал. Яшчэ адзін паўфіналіст вызначаўся па выніках стыкавых гульняў.

У сваіх групах упэўненыя перамогі святкавалі фаварыты спаборніцтваў — "Студэнты” і "ПМК-14”. А яшчэ ў адной тройцы паміж камандамі "СВК "Бярозавец”, "Сатурн” (Ганцавічы) і "Хваля” (Хатынічы) разгарнулася сапраўдная барацьба, у якой з першага месца ў 1/2  фінала выйшла каманда з сельгаскааператыва. У цікавых і драматычных стыкавых паядынках апошнюю пуцёўку ў паўфінал атрымала каманда "Сатурн”, якая ў рашаючай гульні перамагла футбалістаў з ліцэя толькі па серыі пенальці.

Сустрэчы 1/2 фінала падарылі шматлікім гледачам, якія цалкам запаўнялі спартыўную залу і ў першы, і ў другі дзень, сапраўдную сенсацыю. У першым паўфінальным паядынку паміж камандамі "СВК "Бярозавец” і "ПМК-14” нечаканую перамогу з лікам 2:1 атрымалі першыя.

У фінале каманда-адкрыццё турніру (менавіта так можна сказаць пра футбалістаў "СВК "Бярозавец”) сустрэлася са "Студэнтамі”, якія ў паўфінале ўпэўнена перамаглі каманду "Сатурн” з лікам 6:1. Фінальны паядынак атрымаўся цікавым і напружаным. Футбалісты з райцэнтра адразу ж захапілі ініцыятыву і тройчы адправілі мяч у сетку варот сапернікаў (усе тры галы на рахунку Сяргея Савені). У далейшым футбалістам з каманды "СВК "Бярозавец” удалося выраўняць лік гульні, аднак дагнаць сапернікаў усё ж такі не атрымалася. У выніку фінальны свісток зафіксаваў перамогу "Студэнтаў” з лікам 5:3.

Пасля фінальнай сустрэчы каманда-пераможца атрымала галоўны прыз — кубак раёна. Былі вызначаны і лепшыя футбалісты турніру, якія таксама атрымалі ўзнагароды ад  аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, фізкультурна-спартыўнага клуба "Здароўе-7” і ДЮСШ прафкама СВК "Агарэвічы”. Лепшым галкіперам стаў Антон Жукоўскі ("ПМК-14”), нападаючым — Аляксей  Ахрэмка ("СВК "Бярозавец”). А лепшым футбалістам спаборніцтваў (таксама, як і абаронцам) быў прызнаны Ілья Мурашка з каманды "Студэнты”.

На здымку: каманда – пераможца разам з арганізатарамі розыгрышу адкрытага кубка Ганцавіцкага раёна па міні-футболе.

Просмотров: 601 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования