Главная » 2016 » Сентябрь » 1 » Святкуюць усе. Дзень пісьменства адзначаюць не толькі тыя, хто піша, але і тыя, хто чытае
12:45
Святкуюць усе. Дзень пісьменства адзначаюць не толькі тыя, хто піша, але і тыя, хто чытае

Вось і дачакаліся мы чарговага велічнага свята кнігі – Дня беларускага пісьменства. Гэтым разам яго сталіцай абраны старажытны горад Рагачоў, што на Гомельшчыне. Асноўныя ўрачыстасці адбудуцца, як і ўсе папярэднія, пачынаючы з 1994 года, у першую нядзелю верасня, заўтра. Зрэшты, і субота таксама спрычыніцца да падзеі – у гэты дзень пачынаюць працаваць так званыя інтэрактыўныя пляцоўкі.

Сцвярджэнне аб тым, што папулярнае ў Беларусі свята, якое даўно стала добрай традыцыяй, сапраўды мае аднолькавае дачынне як для тых, хто піша, так і для тых, хто чытае, лішні раз пацвярджаецца яго сцэнарыем, згодна з якім госці падчас урачыстасці будуць дарыць Рагачову свае любімыя кнігі, вядома ж, і свае ўласныя. Прадстаўнікі Брэстчыны, як маладыя, хто першы раз будзе прымаць удзел у фэсце, а такіх з дзесяці літаратараў амаль палова, так і сталыя, таксама падрыхтавалі годны падарунак, у якім дастаткова і класікаў, і дэбютных зборнічкаў. Гэтая літаратура папоўніць бібліятэчны фонд райцэнтра.

Галоўнымі на мерапрыемстве стануць тэмы Года культуры, падрыхтоўкі краіны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама юбілейныя даты нашых нацыянальных класікаў Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна. У гэты дзень у райцэнтры будзе працаваць 16 сцэнічных пляцовак. Сярод найбольш яркіх момантаў свята: адкрыццё пастаянна дзеючай выставы “Па-сапраўднаму народны” (пра жыццё і творчасць Андрэя Макаёнка), “Славянскія літаратурныя Дажынкі-2016”, тэлемост з пабрацімамі Рагачова – Кацельнікамі (Расія) і Наваград-Валынскім (Украіна), спектакль “Пясняр” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Усяго запланавана больш за сем дзясяткаў мерапрыемстваў.

Яшчэ адной “фішкай” свята станецца адкрыццё абноўленага Дома кнігі з кнігарняй “Першацвет”, а таксама бібліятэкай і чытальнай залай. Кульмінацыяй жа свята стане ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Па словах міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, на яе суісканне было пададзена больш за 70 твораў, у тым ліку і берасцейцаў. Лепшых аўтараў вызначаць па сямі намінацыях.

Эстафету свята Рагачоў перадасць 4 верасня Полацку, дзе яно 22 гады назад упершыню адзначалася.

З якімі набыткамі сустракаюць свята члены і кандыдаты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі? Прывяду для пачатку хоць бы такі прыклад. На першым (выбарным) сходзе Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ у апошнія дні 2005-га (мы практычна святкуем 10-гадовы юбілей), помніцца, прысутнічалі 13 чалавек – столькі налічвала тады суполка. Зараз нас паўсотні. Было б 57, калі б… калі б не балючыя страты.

Пра маладую літаратурную змену. Адшукваем і адсочваем са школьнай парты, дапамагаем падняцца на ногі, падахвочваем займацца літаратурнай справай, ладзім літконкурсы для дзяцей і юнацтва, напрыклад, штогадовы дзіцяча-юнацкі літконкурс у рамках паэтычнага свята “Лунінская восень” і “Мы рождены для вдохновенья” ў рамках фестывалю рускай паэзіі “Созвучье слов живых”…

У выніку арганізацыя папаўняецца новымі талентамі. За апошнія некалькі гадоў у СПБ прыняты Алёна Дэбіш – самая юная ў аддзяленні (прынята ў Саюз пісьменнікаў у 19-гадовым узросце); Настасся Нарэйка (у 25 год) – ужо добра вядомая ў літаратурных колах краіны, яе творчасць прыхільна ўспрынята крытыкай, шырокі станоўчы рэзананс атрымала яе першая кніга паэзіі “Магдэбургскае права маёй душы”. Таццяна Дземідовіч таксама досыць гучна заявіла пра сябе ў літаратуры творамі ў літвыданнях і перамогамі ў конкурсах, шчыльна працуе з пачаткоўцамі, кіруе літаратурным клубам “Літара” пры Брэсцкім гарадскім Доме культуры, а ў самым пачатку Года культуры выдала калектыўны зборнік “ЛітАўра”, у якім сабрала пад адной вокладкай творы 40 аўтараў-берасцейцаў. Здавалася б, зусім нядаўна разглядаліся прыёмнай камісіяй дакументы на Алёну Папко, якая жыве ў вёсцы Сакалова на Бярозаўшчыне і друкуе ў вядучых літвыданнях краіны выдатныя паэтычныя падборкі. Прыняты ў Саюз і пісьменнік-фантаст з Брэста Сяргей Белаяр, Кацярына Мядзведзева, Вячаслаў Бельцюкоў, Таццяна Шульга таксама з горада над Бугам, Веніямін Бычкоўскі з Піншчыны.

Падрастае і яшчэ маладзейшая змена з ліку школьнікаў і студэнтаў. З пачаткоўцамі шчыльна працуюць у літаратурных гуртках, клубах, студыях, літаб’яднаннях многія члены СПБ.

Многія пісьменнікі-землякі ўдастоены рэспубліканскіх літаратурных прэмій, абласной імя Ул. Калесніка, міжнародных. Штогод выдаюцца кнігі, публікуюцца творы ў вядучых літаратурных выданнях, анталогіях, альманахах Беларусі і ўсяго свету.

Літаратура і літаратары Берасцейшчыны будуць годна прадстаўлены на Дні пісьменства ў тым ліку і на адмысловым стэндзе абласнога аддзялення.

Анатоль КРЭЙДЗІЧ,

старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Просмотров: 594 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования