Главная » 2014 » Май » 7 » У добры шлях!
22:30
У добры шлях!

У аўторак у нашым раёне прайшоў чарговы Дзень прызыўніка, падчас якога 42 юнакі Ганцаўшчыны атрымалі павесткі для праходжання тэрміновай ваеннай службы. Служба ў арміі — гэта пачэсны абавязак для кожнага чалавека. І прыемна, што правядзенне святочнага мерапрыемства ў нашым раёне стала ўжо добрай традыцыяй.

Будучыя салдаты, якія будуць праходзіць тэрміновую ваенную службу ў часцях Слоніма, Баранавіч, Брэста, Мінска і Пінска сабраліся ля будынка раённага ваеннага камісарыята і пад гукі марша калонай прайшліся па вуліцах горада. Затым рабяты ўсклалі вянок да помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Асноўная частка мерапрыемства праходзіла ў гарадскім Доме культуры, дзе, акрамя прызыўнікоў, сабраліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, духавенства, а таксама бацькі і сябры прызыўнікоў.

Першым да рабят, якія хутка апрануць ваенную форму, звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд. Ён пажадаў прызыўнікам годнай службы і ўпэўненасці ў сабе. “Няма больш ганаровага абавязку, чым абараняць сваю Радзіму, — адзначыў Віктар Якаўлевіч. — Будзьце сапраўднымі мужчынамі і памятайце, што вас заўсёды чакаюць дома. У добры шлях!”.

Пасля гэтага ён уручыў будучым салдатам павесткі для праходжання тэрміновай ваеннай службы.

Ніхто так не чакае салдата з арміі, як мама. З прывітальнымі словамі і найлепшымі пажаданнямі да рабят звярнуліся мамы прызыўнікоў — Лілія Пішч і Святлана Курылік.

Са словамі падтрымкі і пажаданнямі годнай службы звярталіся да юнакоў першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Аляксандр Ануфрыевіч Занька і ваенны камісар раёна Валерый Іванавіч Касянюк, якія таксама ўручылі прызыўнікам павесткі. А памочнік настаяцеля храма Свяціцеля Ціхана айцец Аляксей благаславіў рабят на добрую службу.

Уся святочная цырымонія ўручэння павестак суправаджалася танцавальнымі і музычнымі нумарамі ў выкананні артыстаў мастацкай самадзейнасці раёна.

Дарэчы, як паведамілі ў раённым ваенным камісарыяце, адпраўка навабранцаў у вайсковыя часці пачнецца 16 мая і працягнецца да 28 мая.

Уладзімір САКАЛОЎ.

"СП"

Просмотров: 547 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования