Главная » 2013 » Январь » 2 » У Ганцавічах прайшоў фінал першага культурнага праекта “Я — талент!-2012”
00:17
У Ганцавічах прайшоў фінал першага культурнага праекта “Я — талент!-2012”
Напрыканцы мінулага года, 29 снежня актавая зала гарадскога Дома культуры сабрала шматлікую колькасць гледачоў, што прыйшлі падтрымаць сваіх знаёмых і блізкіх, якія змагаліся за галоўны прыз "Гран-пры культурнага праекта "Я — талент!-2012”.
 
Маладыя таленты нашага раёна, якіх на працягу трох месяцаў вучылі асновам вакалу, майстэрству вядучага і мастацтву харэаграфіі, паказалі ўсё тое, на што яны здольныя, чаму навучыліся за гэты час. Трэба адзначыць, што фінал праекта атрымаўся цікавым і эфектным. Арганізатары прапанавалі гледачам сапраўднае шоу, якое не пакінула раўнадушным ніводнага з прысутных. На працягу дзвюх гадзін юныя таленты Ганцаўшчыны дэманстравалі гледачам свае яркія, незвычайныя, напоўненыя энергіяй творчыя нумары. І з упэўненасцю можна сказаць, што кожны з удзельнікаў праявіў сябе з лепшага боку і заслугоўваў перамогі. Аднак галоўны прыз быў толькі адзін, і пасля выступленняў канкурсантаў усе чакалі вынікаў галасавання і моманту, калі будзе агучана імя пераможцы.
 
"Якім бы цяжкім ні быў шлях да вяршыні, выпрабаванні робяць чалавека больш моцным, выхоўваюць у ім чалавечыя якасці, рыхтуюць яго да новых іспытаў і адкрыццяў. Так і наша наступная ўдзельніца на працягу ўсяго праекта выхоўвала сябе і імкнулася да самаўдасканалення. Гэта і дапамагло ёй пераадолець боязь сцэны”, — менавіта так вядучыя прадставілі чарговую ўдзельніцу праекта "Я — талент!-2012” Яну Рылка. Тады, у самым пачатку фінальнага канцэрта, яшчэ ніхто не ведаў, што менавіта гэта прыгожая, сціплая дзяўчына з цудоўным голасам стане пераможцай. Аднак журы ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Сарокава, першага сакратара райкама ГА "БРСМ” Аляксандра Занькі, мастацкага кіраўніка ГДК з 2008 па 2010 год Сяргея Матузкі, кіраўніка танцавальнай студыі "Вдох танца” Алены Варэйка і педагогаў праекта па вакалу, студэнтак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дар’і Лаўрэнцьевай і Анастасіі Пупейка выбрала лепшай менавіта Яну Рылка, якая і атрымала галоўны прыз — Гран-пры культурнага праекта "Я — талент!-2012”.
 
Акрамя галоўнага прыза праекта, удзельнікі змагаліся за перамогу і ў наступных намінацыях: "Конкурс творчых праектаў”, "Конкурс вакалістаў” і "Конкурс вядучых”. І тут таксама было цяжка выбраць лепшых. Аднак усё ж такі выбар журы прыпаў на наступных удзельнікаў: лепшым вакалістам праекта стала Наталля Рылка, лепшым вядучым — Кірыл Апановіч, а лепшай творчай групай — група пад назвай "Вулічныя мімы”.
 
Напрыканцы хацелася б дадаць, што праект "Я — талент!-2012” стаў сапраўднай падзеяй у культурным жыцці нашага раёна. Ён з’явіўся штуршком для асобных маладых людзей, якія, магчыма, і не здагадваліся, што маюць пэўныя творчыя здольнасці, але праект дапамог ім паверыць у сябе і праявіць з лепшага боку, прадэманстраваць свае таленты.
 
Спадзяёмся, што ўжо зусім хутка арганізатары аб’явяць аб старце чарговага культурнага праекта.
 
Уладзімір САКАЛОЎ.
Просмотров: 525 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования