Главная » 2014 » Апрель » 22 » У кінатэатры “Маладосць” прайшла раённая справаздачна-выбарчая канферэнцыя грамадскага аб’яднання “БРСМ”
14:06
У кінатэатры “Маладосць” прайшла раённая справаздачна-выбарчая канферэнцыя грамадскага аб’яднання “БРСМ”

У кінатэатры “Маладосць” прайшла раённая справаздачна-выбарчая канферэнцыя грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Удзел у ёй прынялі каля 100 дэлегатаў з пярвічных арганізацый райкама ГА “БРСМ”.

Спачатку да ўсіх прысутных звярнуўся першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Аляксандр Занька. Ён расказаў аб дзейнасці маладзёжнай арганізацыі і перспектывах яе далейшага развіцця. Аляксандр Ануфрыевіч закрануў і некаторыя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца моладзі раёна. Напрыклад, недастатковая сацыяльная абарона маладых спецыялістаў. Узнікаюць пэўныя пытанні і па другаснай занятасці падлеткаў.

Аднак станоўчых момантаў у дзейнасці райкама ГА “БРСМ” усё ж такі больш. Арганізацыя займаецца грамадзянска-патрыятычным выхаваннем моладзі, дапамагае ўладкавацца на работу падлеткам падчас канікулаў, арганізоўвае вольны час маладых людзей.

Пасля свайго выступлення Аляксандр Занька ўзнагародзіў граматамі лепшых прадстаўнікоў з пярвічных арганізацый “БРСМ” і актыўных удзельнікаў маладзёжнага руху Ганцаўшчыны.

На канферэнцыі былі разгледжаны і іншыя пытанні. Удзельнікі абралі раённы камітэт і раённую кантрольную камісію ГА “БРСМ”, прынялі зварот справаздачна-выбарчай канферэнцыі да моладзі Ганцаўшчыны, а таксама выбралі дэлегатаў ад нашага раёна на абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю ГА “БРСМ”.

Падчас канферэнцыі прайшлі і першыя пасяджэнні пленумаў раённага камітэта і раённай кантрольнай камісіі ГА “БРСМ”. На іх аднагалосна былі абраны першы сакратар і старшыня кантрольнай камісіі райкама ГА “БРСМ”. Імі сталі адпаведна Аляксандр Занька і Ірына Палуян.

Звярнуўся да моладзі раёна і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў, які таксама прымаў удзел у канферэнцыі. Сяргей Вітальевіч станоўча адзначыў дзейнасць раённай арганізацыі ГА “БРСМ” і звярнуўся да маладых людзей Ганцаўшчыны з наступнымі словамі: “Нярэдка можна пачуць, што сённяшняя моладзь не тая, што была раней. Аднак я ўпэўнены, што цяперашняе пакаленне маладых людзей больш канструктыўнае, мабільнае, камунікатыўнае. Таму менавіта за вамі — наша будучыня і будучыня нашай краіны”.

Уладзімір САКАЛОЎ.

Просмотров: 589 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования