Главная » 2013 » Октябрь » 29 » Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 50-годдзю беларускага студатрадаўскага руху і 95-годдзю ВЛКСМ, прайшлі ў Брэсце
20:46
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 50-годдзю беларускага студатрадаўскага руху і 95-годдзю ВЛКСМ, прайшлі ў Брэсце


Вялікая зала абласнога грамадска-культурнага цэнтра ледзь умясціла тых, хто ў розны час далучыўся да камсамольскіх спраў, а таксама пераемнікаў буйной маладзёжнай арганізацыі. З розных куточкаў Брэстчыны на абласное свята з’ехаліся найбольш актыўныя ўдзельнікі мала-дзёжнага руху. Вельмі цёплай і душэўнай атрымалася сустрэча пакаленняў 60-х, 70-х, 80-х гадоў…

Вядома ж, камсамольцаў былых не бывае, таму і праз дзесяцігоддзі ўжо паважаныя і дзелавыя людзі змаглі зноў адчуць сябе юнымі. Мікалай Басалай, Вячаслаў Салавей, Ларыса Дабрадомава, Міхаіл Куіш, Уладзімір Гетманчук, Віктар Валюшыцкі і многія-многія іншыя вядомыя сёння берасцейцы ў мінулую пятніцу ўспаміналі камсамольскую маладосць, абмяркоўвалі цяперашнюю дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і давалі наказ маладым. На сустрэчы былі таксама прадстаўнікі маладзёжнага беларускага руху 90-х гадоў і, безумоўна, цяперашні актыў абласной арганізацыі ГА "БРСМ”.

– Такая радасць убачыць адно аднаго з нагоды вялікага свята! – падзяліўся ўражаннямі намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык. – На жыццёвым шляху нас аб’яднала вельмі важная агульная ідэя і высокія каштоўнасці, вернасць якім мы змаглі захаваць і праз гады. Цудоўна, што працягвае камсамольскія традыцыі годны пераемнік – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Гэта значыць, недарэмна мы прысвячалі сябе і былі адданыя любімай справе, якая жыве і ў сучасным свеце.



Шмат добрых слоў гучала ў гэты дзень са сцэны, а падмацоўваліся яны высокімі ўзнагародамі. Граматай абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана метадыст аддзела выхаваўчай работы з моладдзю БрДУ імя А.С. Пушкіна Святлана Клімковіч, прарэктар па вучэбнай рабоце БрДТУ Цімафей Базянкоў.

Для віноўнікаў урачыстасці калектывамі мастацкай самадзейнасці быў падрыхтаваны канцэрт, на якім гучалі і папуры савецкіх песень, і патрыятычныя кампазіцыі розных часоў, а таксама выступілі сучасныя артысты. У гэты ж час па традыцыі прадстаўнікі старэйшага і маладога пакаленняў усклалі кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой”.



Пасля многія доўга ўзіраліся ў фатаграфіі на выставе, арганізаванай у фае грамадска-культурнага цэнтра. Хтосьці знаходзіў сябе ці проста бачыў знаёмыя твары, а нехта з настальгіяй разглядаў фотаздымкі, з якіх усміхаліся юнакі і дзяўчаты…
Вольга СВІРЫДОВІЧ, "НТ”.
Фота аўтара.
Просмотров: 641 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования