Главная » 2012 » Май » 22 » В агроусадьбе «Ялинка» под Ганцевичами отдыхают иностранцы и столичные знаменитости
22:34
В агроусадьбе «Ялинка» под Ганцевичами отдыхают иностранцы и столичные знаменитости
Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь аб’явіла сёлетні год Годам культурнага турызму і спадчыны ЮНЕСКА. 20 мая, у рамках гэтай акцыі, па ўсёй краіне прайшло тэматычнае мерапрыемства "Дзень адчыненых дзвярэй у беларускіх сядзібах”, асноўным каардынатарам якога выступіла грамадскае аб’яднанне "Адпачынак у вёсцы”. У гэты дзень аграсядзібы паўсюдна адчынілі свае дзверы для турыстаў, прадстаўнікоў турыстычных арганізацый, журналістаў, каб шырэй азнаёміць іх з магчымасцямі адпачынку ў беларускай вёсцы. Мяркуецца, што акцыя, якая праходзіла напярэдадні турыстычнага сезона, прыцягне большую ўвагу да айчыннага аграэкатурызму і паспрыяе істотнаму росту колькасці аматараў такога адпачынку ў Беларусі.
"Савецкае Палессе” таксама вырашыла па-свойму далучыцца да згаданага мерапрыемства і расказаць чытачам пра "Ялінку” — адзіную аграсядзібу, якая дзейнічае ў нашым раёне, а таксама пра яе гаспадара Віталя Шамрылу. Аб гэтай сядзібе, размешчанай на мяжы Піншчыны і Ганцаўшчыны, на самым ускрайку вёскі Яловая, у нашым раёне пакуль ведаюць мала. І гэта не дзіўна: адкрылася яна толькі напрыканцы 2011 года. Разам з тым усе яе плюсы — ветлівасць гаспадароў, чыстае і свежае паветра, заварожваючую цішыню і прыгажосць навакольнага лесу, размешчаныя непадалёк такавішчы глушцоў і цецерукоў, асаблівы каларыт традыцыйнай палескай хаты, складзенай з бярвення, і адначасова зручнасць пад’езду, блізкасць ад рэспубліканскай трасы Ганцавічы — Лагішын, а таксама неблагія бытавыя выгоды (сярод іх ёсць і гарачая вада!), створаныя для адпачываючых на сядзібе, — паспеў высока ацаніць ужо не адзін дзясятак замежных і сталічных гасцей.
Папулярнасць "Ялінкі” сярод іх расце штомесяц. Так, па словах яе гаспадара, у красавіку, падчас разгару паляўнічага сезона, новыя групы паляўнічых сюды наведваліся амаль кожны тыдзень. Пагадзіцеся, для агратурыстычнага аб’екта, які толькі распачаў сваю дзейнасць, гэта пазітыўныя тэндэнцыі, якія могуць сведчыць аб яго добрых перспектывах. Але за гэтымі першымі невялічкімі поспехамі крыецца вялікая і нябачная работа.
На першы погляд можа падацца, што нічога складанага ў арганізацыі аграэкатурызму няма. Не раз даводзілася сустракацца з наіўнымі разважаннямі, што, маўляў, толькі абуладкуй у якой-небудзь нашай вёсцы ці на хутары сядзібу — і турысты гуртам "паваляць” туды на адпачынак, каб атрымаць асалоду ад непаўторнай прыроды Ганцаўшчыны. Прырода ў нас, безумоўна, і сапраўды прыгожая. Але для паспяховага развіцця аграэкатурызму толькі яе адной недастаткова. Як паказвае вопыт, для дасягнення станоўчых вынікаў у гэтай дзейнасці спачатку патрабуецца правесці сур’ёзную падрыхтоўчую работу. Гаспадару аграэкатурыстычнага аб’екта неабходна вызначыцца з мэтавай групай сваіх кліентаў (паляўнічыя, рыбакі, аматары пешых прагулак і гэтак далей) і прапанаваць запатрабаваную імі паслугу, а таксама здавальняючы ўзровень сэрвісу.
Усе гэтыя акалічнасці Віталь улічваў пры арганізацыі сваёй справы. Прычым не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. Як расказаў ён сам, ідэя адкрыць аграсядзібу з’явілася ў яго ў 2010 годзе. Прычым дзякуючы яго асноўнай рабоце егерам у раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. За восем гадоў працы ў БТПР яму часта даводзілася суправаджаць замежных паляўнічых. Размяшчаліся яны, як правіла, у Ганцавічах, але нярэдка выказвалі пажаданне пераначаваць дзе-небудзь бліжэй да прыроды. Гэта і падштурхнула егера да думкі набыць у Яловай дом (сам Віталь жыве ў суседніх Хатынічах), абуладкаваць яго і прапаноўваць паляўнічым у якасці месца адпачынку. Гэтая задумка ў мінулым годзе ўвасобілася ў жыццё, і ў раёне з’явілася першая (рэальна дзеючая) аграсядзіба з паэтычнай назвай "Ялінка”, сугучнай з вёскай, у якой яна знаходзіцца.
Хутка ў "Ялінку” пачалі завітваць і першыя кліенты, у асноўным замежныя паляўнічыя. Разумеючы, што самастойна арганізаваць іх адпачынак ён не здолее (неабходна вырашыць шмат пытанняў з візамі, дазволамі на правоз праз мяжу ў Беларусь зброі і паляўнічых трафеяў адсюль і іншае), Віталь наладзіў кантакты з некалькімі турыстычнымі агенцтвамі з Мінска, якія займаюцца пошукам і дастаўкай замежных кліентаў. Таксама выгоды ад замежных гасцей ёсць і для раённай структуры БТПР, якая арганізуе для іх паляванне ў сваіх угоддзях. Канешне, у гэтым ёсць свае, характэрныя для любога перыяду станаўлення недахопы (турагенцтвы забіраюць істотную частку выручкі), але і для Віталя, з яго слоў, таксама застаецца неблагі прыбытак. Атрымліваецца ён таксама і дзякуючы таму, што, акрамя непасрэдна палявання і начлега, гаспадар сядзібы арганізуе і праводзіць для гасцей цікавыя экскурсіі як па Ганцаўшчыне, так і па славутых навакольных мясцінах (Нясвіжскі і Мірскі замкі, а таксама іншыя аб’екты).
Акрамя іншаземцаў (тут пабывалі ўжо немцы, палякі, французы, галандцы), у "Ялінку” на адпачынак усё часцей завітваюць і беларусы. Прычым у іх ліку і некаторыя знакамітасці. У прыватнасці, пастаянным госцем тут стаў славуты мінскі доктар Аляксей Хадоркін. Як расказаў Віталь, першы раз сюды ён прыехаў з адным са сваіх знаёмых і апынуўся пад вялікім уражаннем ад аграсядзібы. Пасля гэтага доктар Хадоркін стаў пастаянна завітваць у "Ялінку” падчас сваіх паездак са сталіцы ў Пінск, і яны нават пасябравалі.
Трэба абавязкова дадаць, што ў справе Віталю вялікую дапамогу аказваюць яго жонка Вольга і пляменніца Алёна. Яны прыбіраюцца ў доме, гатуюць для гасцей смачныя стравы мясцовай кухні, якія нязменна атрымліваюць самыя высокія водгукі пастаяльцаў.
Безумоўна, для далейшага развіцця аграсядзібы трэба яшчэ шмат чаго зрабіць. Сёння "Ялінка” можа адначасова прымаць групу з чатырох чалавек. Таму ў планах Віталя правесці рэканструкцыю дома і пабудаваць лазню. Аднак гэта патрабуе немалых фінансавых уліванняў. На першым этапе станаўлення аграсядзібы Віталь уклаў у яе рамонт істотныя ўласныя сродкі. Цяпер жа ён прапрацоўвае пытанні атрымання мэтавага льготнага крэдыту (пад пяць працэнтаў гадавых тэрмінам на сем гадоў) у ААТ "Белаграпрамбанк”, прадугледжанага для рэалізацыі праектаў у сферы аграэкатурызму. І хоць у гэтай справе Віталь сутыкнуўся з пэўнымі цяжкасцямі, абумоўленымі складанасцямі працэдуры выдачы і афармлення (сума крэдыту прама залежыць ад даходаў уладальніка аграсядзібы, у прыватнасці — ад памеру яго зарплаты, а яна ў егера БТПР адносна невялікая, да таго ж трэба мець неабходную каштарысную дакументацыю), гаспадар "Ялінкі” не збіраецца адмаўляцца ад намечаных планаў і разлічвае знайсці шляхі для іх рэалізацыі.
Будзем шчыра спадзявацца, што ўсё намечанае Віталь Шамрыла здолее ўвасобіць у жыццё. Магчыма, яго гасцінная "Ялінка” калісьці стане сапраўднай візітнай карткай турыстычнай Ганцаўшчыны і паслужыць добрым прыкладам для адкрыцця ў раёне новых аграсядзіб.
Просмотров: 830 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования