Главная » 2012 » Май » 23 » В центре г. Ганцевичи поселились совы
22:37
В центре г. Ганцевичи поселились совы
Можа, некаму гэта падасца дзіўным і нерэальным, але гэта сапраўды так. Каб упэўніцца ў тым, дастаткова пабываць у нашым горадзе на вуліцы Кастрычніцкай, насупраць прафліцэя сельгасвытворчасці. Там, на адным з дрэў, нядаўна абуладкавалася савіная сям’я. Птушкі амаль не хаваюцца, і іх можна ўбачыць як вечарам, так і днём. Дзіўна, але, па ўсім відаць, што такое суседства з цывілізацыяй лясных гасцей зусім не турбуе. Наадварот, як расказалі мясцовыя хлапчукі, у адзін з вечароў ім давялося назіраць, як драпежнік паляваў на… ката. Зацікавіўшыся гэтай незвычайнай з’явай, мы вырашылі ўзяць наконт гэтага каментарыі ў кампетэнтнай асобы — галоўнага спецыяліста раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіла Канстанцінавіча Гайцюкевіча:
— Нельга сказаць, што совы, якія ў асноўным жывуць у лесе ці на балоце, увогуле не залятаюць або не селяцца ў гарадах. Такое хоць і не часта, але бывае. Іншая справа, што птушкі для сваіх гнёздаў звычайна выбіраюць ціхія месцы на ўскрайку населеных пунктаў. На Кастрычніцкай мы і сапраўды маем асаблівы выпадак: совы пасяліліся, можна сказаць, у самым цэнтры горада. Але і ў гэтым, у прынцыпе, нічога анамальнага няма.
Што датычыцца харчавання, то совы з’яўляюцца драпежнікамі, якія звычайна харчуюцца невялікімі птушкамі, мышамі, бывае — зайцамі. Так што цалкам магчыма, што ў гарадскіх умовах совы могуць паляваць і на катоў.
Хачу засяродзіць увагу бацькоў на наступным: ні ў якім разе не дазваляйце сваім дзецям залазіць на дрэвы, дзе размешчана савінае гняздо. У гэты час у іх вылупляюцца птушаняты, а таму драпежнік, абараняючы іх, можа нанесці сур’ёзныя траўмы.
Таксама адзначу, што совы занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Таму прычыненне гэтым птушкам якой-небудзь шкоды з’яўляецца парушэннем дзеючага заканадаўства аб жывёльным і раслінным свеце, за якое прадугледжана адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да двух мільёнаў рублёў. Так што калі совы аблюбавалі для сябе гэты гарадскі куток, лепш іх не турбаваць — няхай яны сабе там жывуць. Можа, глядзіш, гэтыя "гарадскія” совы стануць своеасаблівай славутасцю Ганцавіч.
Просмотров: 650 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования