Главная » 2013 » Июль » 8 » Вада – не толькі сяброўка!
23:45
Вада – не толькі сяброўка!
Сем няшчасных выпадкаў гібелі людзей на вадзе адбылося ў Брэсцкай вобласці за мінулы тыдзень

Па інфармацыі абласнога савета Таварыства выратавання на вадзе, з іх 4 загінулі пры плаванні ў забароненых і непрадугледжаных для купання месцах. Так, 30 чэрвеня ў сажалцы каля в. Стары Двор Баранавіцкага раёна ў нецвярозым стане патануў 31-гадовы мясцовы жыхар, у вадаёме аграгарадка Хмелева – 50-гадовы мужчына. У Кобрыне таксама здарылася няшчасце:  7 ліпеня ў пажарным вадаёме па вул. Дзяржынскага загінуў 23-гадовы юнак, ураджэнец вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. У гэты ж дзень у рацэ Лясная патануў 53-гадовы мясцовы жыхар вёскі Покры.

У месцах масавага адпачынку насельніцтва каля вады, на якіх нясуць дзяжурства супрацоўнікі выратавальных станцый і пастоў абласнога савета ТВВАД, пра бяспеку паводзін у вадзе папярэджаны 256 грамадзян. Жыццё 8 чалавек было выратавана, з іх 6 – непаўналетнія плыўцы. На вадасховішчы Мышанка 1 ліпеня 14-гадовы падлетак, навучэнец адной са школ Баранавіч, пры купанні паплыў за мячом і пачаў тануць. На пляжы "Паўднёвы” ў Ганцавічах тры дзяўчынкі 13-14 гадоў заплылі за буі, але выбіліся з сіл і сталі захлынацца. Толькі хуткія дзеянні выратавальнікаў змаглі прадухіліць страшную бяду.

Таварыства выратавання на вадзе звяртаецца да ўсіх грамадзян і ў чарговы раз просіць выконваць меры бяспекі пры знаходжанні ў вадзе. Плаванне ў забароненых і непрадугледжаных для купання месцах вельмі небяспечна для вашага здароўя і жыцця. Нельга сумяшчаць алкагольныя напіткі і купанне – разам яны прыводзяць да непапраўнага гора. Паважаныя бацькі, не пакідайце сваіх дзяцей без нагляду каля вадаёмаў – яны яшчэ не ўсведамляюць усёй небяспекі вады і не заўсёды правільна дзейнічаюць у крытычных сітуацыях. Беражыце жыццё!


Рамуальд Садоўскі,
старшыня Брэсцкага абласнога савета Таварыства выратавання на вадзе.
Просмотров: 515 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования