Главная » 2010 » Октябрь » 27 » Вучаніца Хатыніцкай САШ Ірына КАЗАК прыняла ўдзел у сустрэчы моладзі з Прэзідэнтам
21:00
Вучаніца Хатыніцкай САШ Ірына КАЗАК прыняла ўдзел у сустрэчы моладзі з Прэзідэнтам
22 кастрычніка, у Нацыянальнай бібліятэцы Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка сустракаўся з удзельнікамі Усебеларускай акцыі "Пытанне Прэзідэнту", якая праводзілася вясной гэтага года. Больш трох тысяч школьнікаў і студэнтаў прынялі ў ёй удзел, шэсцьдзесят з іх, аўтары найбольш цікавых пытанняў, атрымалі магчымасць задаць сваё пытанне Прэзідэнту асабіста ў час гэтай сустрэчы. На ёй пабывалі і нашы зямлячкі — школьніца Ірына Казак і студэнтка Таццяна Блінкоўская.

З вучаніцай 11 класа Хатыніцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Ірынай КАЗАК наш карэспандэнт Марыя ШЧАЎКУН сустрэлася і пагутарыла напярэдадні яе паездкі ў сталіцу, а затым пацікавілася ўражаннямі і ад самога мерапрыемства.

— Ірына, мы, твае землякі, вельмі рады і ганарымся тым, што вашы з Таццянай пытанні выклікалі асаблівы інтарэс і вас запрасілі на сустрэчу з Прэзідэнтам краіны. Як ты сама ўспрыняла вестку аб гэтым?

— Вельмі ўзрадавалася і, вядома ж, расхвалявалася: трапіць на сустрэчу з кіраўніком дзяржвы, атрымаць магчымасць задаць яму пытанне непасрэдна і пачуць адказ з першых вуснай марыў, мабыць, кожны, хто апускаў у скрыню з лагатыпам акцыі свой лісток. А ў мяне з’явілася рэальная магчымасць! Як жа не радавацца?!

— І якое ж пытанне ты адрасавала Прэзідэнту?
— Яно гучала так: "Дзе і ў якіх галінах вытворчай дзейнасці прымяняюцца найбольш шырока беларускія дасягненні навукі?".

— Ірына, чаму менавіта гэтая тэма цікавіць цябе?
 
— Па-першае, задаць такое пытанне мяне падштурхнула цікавасць да развіцця краіны, у якой жыву, і яе будучага. Хачу ведаць, як развіваецца навука ў Беларусі і як гэта адлюстроўваецца ўвогуле на сацыяльна-эканамічным становішчы краіны. Па-другое, я мару стаць урачом, і мне б хацелася пачуць пра новыя тэхналогіі ў медыцыне, накіраваныя на захаванне самага каштоўнага багацця — здароўя нашага народа.

— Якое ўражанне засталося ад сустрэчы?

— Самае прыемнае, светлае. Яшчэ да сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам мы перазнаёміліся з многімі яе ўдзельнікамі і на сустрэчу ішлі адзінай дружнай сям’ёй. І калі Аляксандр Рыгоравіч шчыра, прыязна павітаўся з намі і запрасіў да размовы, хваляванне як рукой зняло, быццам гэтая сустрэча была зусім не першай. У зале панавала цёплая, утульная, добразычлівая атмасфера, якая схіляла да спакойнай, даверлівай гаворкі. І некалькі гадзін сустрэчы праляцелі як адно імгненне.
Вядома ж, усім удзельнікам сустрэчы, у тым ліку і мне, задаць свае пытанні небыло магчымасці, але я ні кропелькі не расчаравалася, бо мела магчымасць паслухаць канкрэтныя і даступныя адказы Прэзідэнта на пытанні сваіх равеснікаў, у якіх знаходзіла адказы і на свае.

— Што ж цікавіць нашу моладзь?
— Пытанні былі вельмі разнастайнымі, адчувалася, што маіх равеснікаў, тых, каму дбаць аб тым, каб была моцнай і працвітаючай наша родная Беларусь, цікавіць усё: і адукацыя, і цэнтралізаванае тэсціраванне, і роля жанчыны ў грамадстве, і тое, ці будзе пераводзіцца армія на прафесійную аснову, а таксама як вучыўся сам Аляксандр Рыгоравіч, пра што марыць Прэзідэнт. Слухала яго і адчувала, як шчыра і глыбока перажывае ён за нашу краіну, яе народ. Нездарма, гаворачы пра сваю мару, ён як Прэзідэнт сказаў, што жадае, каб усе мы былі шчаслівымі, жывучы ў роднай Беларусі.
— Ірына, напярэдадні тваёй паездкі ў Мінск ты радавалася, што цяпер пабачыш Нацыянальную бібліятэку не толькі са сталічных вуліц…
— Для нас была арганізавана экскурсія па залах гэтага ўнікальнага будынка. Мы пабывалі на выставе карцін, наведалі музей рэдкай кнігі, прайшліся па фае. Такая прыгажосць!
Дамоў прыехала з падарункамі ад Прэзідэнта і БРСМ. І, вядома ж, з безліччу прыемных уражанняў ад такой зычлівай сустрэчы з кіраўніком нашай дзяржавы, ад самой паездкі. І з удзячнасцю арганізатарам такога маштабнага мерапрыемства — Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
— Што карыснага пачарпнула для сябе ад паездкі?

— Каб дастойна жыць, трэба шмат працаваць над сабой. І любіць старонку, якая ўзгадавала нас, рабіць усё для таго, каб яна з кожным годам яшчэ больш прыгажэла.
НА ЗДЫМКУ: удзельніца сустрэчы з Прэзідэнтам краіны Ірына Казак.
Фота Марыі ШЧАЎКУН.
"Савецкае Палессе"
27.10.2010, № 85 (7893)
Просмотров: 870 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования