Главная » 2015 » Март » 17 » Вызначыліся фіналісты
15:40
Вызначыліся фіналісты

У мінулую суботу ў спартыўнай зале СШ № 1 г. Ганцавічы стартаваў адкрыты кубак раёна па міні-футболе.

Нагадаем, што па рэгламенце турніру каманды, якія занялі першыя шэсць месцаў па выніках чэмпіянату раёна, адразу трапілі ў фінальны этап. Астатнія ж па выніках гульняў папярэдняга этапа павінны былі вызначыць яшчэ двух фіналістаў.

Трэба адзначыць, што амаль усе гульні папярэдняга этапа атрымаліся цікавымі і напружанымі. У першы гульнявы дзень каманда “ДЮСШ-2” перамагла футбалістаў “Арбіты” з Азярэчча з лікам 6:4, а таксама саступіла аднаму з фаварытаў папярэдніх гульняў — камандзе “Сатурн” — з лікам 1:6. “Сатурн” у даволі напружанай сустрэчы, не без цяжкасцей, перамог яшчэ і футбалістаў “Аверслеса” — 3:2.

А вось другі гульнявы дзень падарыў гледачам сапраўдную інтрыгу. Каманда “Арбіта”, якую пасля паражэння ад юнакоў з “ДЮСШ-2” многія не ўспрымалі ўсур’ёз, перамагла “Аверслес” (9:2) і стварыла сапраўдную сенсацыю, абыграўшы футбалістаў “Сатурна” з лікам 4:1.

Такім чынам, па выніках гульняў папярэдняга этапа тры каманды набралі аднолькавую колькасць ачкоў (да “Сатурна” і “Арбіты” далучыліся і юныя футбалісты з “ДЮСШ-2”, якія ў апошнім матчы перамаглі каманду “Аверслес” з лікам 4:3). Аднак па дадатковых паказчыках: асабістых гульнях і розніцы забітых і прапушчаных галоў у іх, першае месца дасталося камандзе “Сатурн”, а другое — “Арбіце”. Менавіта гэтыя дзве каманды і працягнуць барацьбу за кубак раёна, фінальныя гульні якога пройдуць 21 і 22 сакавіка ў спартыўнай зале СШ № 1 г. Ганцавічы.

Уладзімір САКАЛОЎ.

Просмотров: 536 | Добавил: Alex | Теги: Спорт, молодежь, Ганцевичи
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования