Главная » 2012 » Сентябрь » 22 » ЗВАРОТ старшыні раённага выканаўчага камітэта А. П. Саланевіча да выбаршчыкаў раёна
22:58
ЗВАРОТ старшыні раённага выканаўчага камітэта А. П. Саланевіча да выбаршчыкаў раёна
Паважаныя ганцаўчане!
Заўтра, 23 верасня, адбудзецца важнейшая грамадска-палітычная падзея — выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.
Сфера дзейнасці Парламента — гэта распрацоўка заканадаўчай базы ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва, сацыяльнай сферы, забеспячэння правоў і свабод грамадзян, эканамічных пераўтварэнняў у краіне, зацвярджэнне рэспубліканскага бюджэту, вырашэнне важных прававых пытанняў унутрыдзяржаўнага і міжнароднага характару.
Удзел у выбарах з’яўляецца грамадзянскім абавязкам, праяўленнем адказнасці кожнага з нас за лёс сваёй краіны. Беларусь жа — гэта ўсе мы, хто жыве і працуе на карысць нашай Радзімы, хто дзень за днём прыкладае намаганні для таго, каб яна і далей умацоўвалася і развівалася, была паважанай дзяржавай у свеце.
Беларусь стала незалежнай дзяржавай, паўнапраўным членам сусветнай суполкі. Сёння ў краіне ўзводзяцца сацыяльна значныя аб’екты і жыллё, забяспечваецца харчовая бяспека, наладжана падтрымка найбольш уразлівых і неабароненых слаёў насельніцтва, на якасна новы ўзровень выйшлі медыцына і адукацыя. Мы ганарымся тым, што жывём у мірнай і стабільнай краіне, можам спакойна тварыць, ствараць, вырошчваць хлеб і выхоўваць дзяцей.
Ганцаўшчына, як і ўся Беларусь, жыве ў напружаным працоўным рытме, прыкладае намаганні па павелічэнню аб’ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, развіццю сацыяльнай сферы. Дзякуючы сумеснай дзейнасці жыхароў, працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскасці змянілася сучаснае аблічча раёна. Добраўпарадкоўваюцца вуліцы і дваровыя тэрыторыі, прыкметна памаладзеў, стаў ярчэй, прыгажэй, ветлівей горад.
Сёння перад намі стаіць вельмі важная і адказная задача — захаваць і прымножыць дасягнутае.
Я звяртаюся да ўсіх выбаршчыкаў, якія пражываюць у раёне, і заклікаю выканаць свой грамадзянскі абавязак, прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за наша далейшае развіццё. Памятайце: кожны з нас у адказе за будучае свайго краю, і я веру, што мы з вамі зробім правільны выбар.
Просмотров: 568 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования