Главная » Статьи » "Савецкае Палессе" |
Паглядзі на свет па-новаму
Штогод у дарослае жыцце ўступаюць дзясяткі тысяч маладых людзей, якія закончылі навучанне, атрымалі прафесію і стараюцца рэалізаваць сябе ў розных сферах. Менавіта з іх асяроддзя вырастаюць тыя, у кім найбольш наглядна праяўляюцца лідарскія якасці, хто можа павесці за сабой на добрыя справы іншых. Гэты працэс бесперапынны і непазбежны, як непазбежна змена пакаленняў.
Такая аснова ствараецца яшчэ ў юным узросце, калі ў некаторых рабят пачынаюць праяўляцца пэўныя якасці лідара. Менавіта дзяцей і падлеткаў 14-17 гадоў з такімі задаткамі і актывістаў ГА "БРСМ” сабраў пад сваім дахам Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр "Зубраня". З 4 па 24 сакавіка тут праходзіць змена, удзельнікі якой жывуць, вучацца, адпачываюць згодна з сацыяльна-педагагічнай праграмай "Паглядзі на свет па-новаму". Мэта змены — стварэнне неабходных умоў, накіраваных на фарміраванне актыўнай грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі, на развіццё лідарскіх якасцей, арганізатарскіх здольнасцей дзяцей і падлеткаў.
Нямала рабят актыўнай жыццёвай пазіцыі вучыцца ў навучальных установах Ганцаўшчыны. З іх прайшлі адбор і атрымалі пуцёўкі 26 актывістаў БРСМ і БРПА. Дзве пуцёўкі ў "Зубраня" атрымалі вучні САШ № 2, па сем – з САШ № 1 і гімназіі, пяць – з Раздзялавіцкай САШ. Трапілі ў гэтую каманду таксама прадстаўнікі вучнёўскіх калектываў са школ вёсак Чудзін, Ганцавічы, Любашава, Хатынічы. На перыяд змены запланавана правядзенне прэзентацыі маладзёжных ініцыятыў і сацыяльных ролікаў "Выбар ёсць!", будуць працаваць дыскусійныя пляцоўкі "Сучасны маладзёжны лідар: хто ён?". Пройдуць таксама інтэрактыўнае галасаванне "Моладзь думае пра Беларусь!", конкурс праектаў насценгазет "БРСМ – будучыня пачынаецца тут!", ваеннаспартыўная гульня "Патрыёт", псіхалагічныя трэнінгі, накіраваныя на развіццё лідарскіх якасцей, тэматычныя дні, у тым ліку "Год прадпрымальнасці", "У гармоніі з прыродай — стыль жыцця ў "Зубраняці", "Я беларус — і гэтым ганаруся!". Адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскіх аб'яднанняў і іншыя разнастайныя мерапрыемствы.
Словам, сумаваць не давядзецца. Наадварот, патрэбна будзе паказаць эрудыцыю, уменне наладжваць узаемадзеянне з іншымі ўдзелынікамі змены, набірацца вопыту для больш эфектыўнай работы ў далейшым. Думаю, што нашы рабяты, актывісты БРСМ і БРПА, пасля такой вучобы ўвасобяць новыя ідэі і задумкі ў дзейнасць сваіх пярвічных арганізацый, павядуць за сабой сяброў і таварышаў на здзяйсненне добрых спраў.
Аляксандр ЗАНЬКА,
першы сакратар
раённага камітэта ГА "БРСМ”.
"Савецкае Палессе"
№ 20 (7931)
Субота, 12 сакавіка 2011 года | |
Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (12.03.2011) | |
Просмотров: 659 |