Главная » Статьи » "Савецкае Палессе"

Развівацца і ўдасканальвацца
8 і 9 снежня ў Мінску будзе праходзіць 41-ы з’езд грамадскага аб’яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Напярэдадні гэтай падзеі карэспандэнт раёнкі Уладзімір САКАЛОЎ папрасіў першага сакратара райкама ГА БРСМ Аляксандра Ануфрыевіча ЗАНЬКУ расказаць чытачам "СП" аб дзейнасці і перспектывах развіцця раённай маладзёжнай арганізацыі.
— Аляксандр Ануфрыевіч, што сёння ўяўляе сабой раённая арганізацыя БРСМ?
— У арганізацыі налічваецца каля 1,5 тысячы членаў, што складае 23 працэнты ад агульнай колькасці моладзі, якая пражывае ў раёне. Гэта калектыў аднадумцаў, які адрозніваецца асаблівым мікракліматам павагі, творчасці і ўзаемаразумення, беражлівымі адносінамі да традыцый грамадскага аб’яднання.
— Якія мэты і задачы вы ставіце перад сабой?
— Мы імкнёмся да стварэння спрыяльных умоў для ўсебаковага развіцця моладзі, выхавання яе на патрыятычных і маральных каштоўнасцях беларускага народа. Мы павінны ствараць умовы для інтэлектуальнага, духоўнага, фізічнага станаўлення адукаванай, творчай асобы з лепшымі якасцямі чалавека, грамадзяніна, працаўніка і сем’яніна.
— Назавіце асноўныя напрамкі вашай дзейнасці?
— Важнейшымі напрамкамі ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на сучасным этапе з’яўляюцца фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і прававой культуры падрастаючага пакалення, а таксама актыўны ўдзел маладых людзей у жыцці грамадства.
Праводзіцца работа па арганізацыі вольнага часу падрастаючага пакалення. Вялікая ўвага надаецца прафілактыцы распаўсюджвання шкодных звычак сярод моладзі. Дзякуючы БРСМ, маладыя людзі маюць магчымасць праявіць свой творчы патэнцыял, інтэлектуальныя здольнасці ў розных культурна-масавых мерапрыемствах. Створаны валанцёрскі атрад "Добрае сэрца”, які працуе ў галіне сацыяльнай сферы. Праводзяцца акцыі для сацыяльна неабароненых дзяцей…
— Ці можна гэта ўбачыць на прыкладах?
— Штогод у нас праводзяцца дабрачынныя акцыі "Твары дабро” і "Цуды на Каляды”. Сёлета, у рамках апошняй, актывістамі БРСМ была падрыхтавана займальна-гульнявая праграма ў дзіцячым аддзяленні раённай бальніцы. У мэтах прававой асветы падлеткаў, што знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, была праведзена акцыя "Твой выбар — тваё жыццё”. Традыцыйна праходзяць урачыстыя провады прызыўнікоў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, акцыя "Служым Беларусі”. З мэтай прыцягнення непаўналетніх да працоўнай дзейнасці ў летні перыяд разам з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама была арганізавана работа падлеткаў на базе ўстаноў адукацыі раёна.
Вялікі клопат праяўляем аб ветэранах вайны. Рэгулярна праводзім акцыі і мерапрыемствы: "Клопат”, "Ветэран жыве побач”, "Тыдзень добрых спраў”. З нагоды 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны прайшла патрыятычная акцыя "Ніхто не забыты”. Штогод актывісты пярвічных арганізацый БРСМ праводзяць уборку аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны: воінскіх пахаванняў, месцаў масавага знішчэння мірных жыхароў, баявой і воінскай славы, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна.
— Што прыцягвае сучасную моладзь?
— Вельмі прывабным для моладзі сёння з’яўляюцца спартыўна-патрыятычная дзейнасць, а таксама здаровы лад жыцця. Раённая арганізацыя БРСМ цесна супрацоўнічае з аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, праводзяцца шматлікія спартыўныя спаборніцтвы на прызы БРСМ. Традыцыйным стала правядзенне ваенна-спартыўнай гульні "Зарніца”, у якой моладзь раёна прымае актыўны ўдзел.
— 2011 год стаў вельмі адметным для нашага раёна: у Ганцавічах праходзіла вялікае рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства…
— Што датычыцца Дня беларускага пісьменства, то ГА "БРСМ” актыўна прымала ўдзел як у яго падрыхтоўцы, так і ў правядзенні. Ва ўстановах адукацыі адбыліся тэматычныя сустрэчы з пісьменнікамі. Сумесна з пярвічнымі арганізацыямі праведзена дабрачынная акцыя "Падарунак да Дня беларускага пісьменства”, у рамках якой усім установам адукацыі раёна было ўручана больш за 10 тысяч падручнікаў. З нагоды свята прайшоў раённы конкурс "Мая Ганцаўшчына”, творчыя работы ўдзельнікаў якога былі апублікаваны на старонках раённай газеты.
— Хто будзе прадстаўляць наш раён на 41-ым з’ездзе ГА "БРСМ”?
— Ад нашай раённай арганізацыі ў Мінск паедуць 4 чалавекі: начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Сяргейчык, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Таццяна Саладуха, я як першы сакратар райкама ГА "БРСМ”, а чацвёртым дэлегатам, хутчэй за ўсё, будзе сакратар адной з пярвічных маладзёжных арганізацый.
Дарэчы, хацелася б адзначыць сакратароў пярвічных арганізацый, якія заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні акцый і мерапрыемстваў. Гэта Таццяна Маляўка, Уладзімір Стрыжыч, Мікалай Адзінцоў, Аляксандр Аляксейчык, Анастасія Вядзерчык, Яна Бусел.
— Якімі вы бачыце далейшыя перспектывы развіцця раённай арганізацыі?
— Мы паступова развіваемся, штогод павялічваецца колькасць членаў арганізацыі, створаны інтэрнэт-сайт, які працуе ўжо каля 2 гадоў. На ім можна знайсці інфармацыю аб дзейнасці райкама ГА "БРСМ”, а таксама аб мерапрыемствах і акцыях, якія праводзіць аб’яднанне.
— Дзякуй, Аляксандр Ануфрыевіч, за змястоўную гутарку.
"Савецкае Палессе"
Серада, 30 лістапада 2011 года
№94 (8005)
Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (02.12.2011)
Просмотров: 775
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования