Главная » 2011 » Декабрь » 22 » Гимназист из г. Ганцевичи получил диплом первой степени на конкурсе “Юные журналисты Беларуси и России — о Союзном государстве”
20:07
Гимназист из г. Ганцевичи получил диплом первой степени на конкурсе “Юные журналисты Беларуси и России — о Союзном государстве”
Адзінаццацікласнік гімназіі г. Ганцавічы Раман Рылка, пераможца І рэспубліканскага конкурсу даследчых работ у галіне літаратуры і прэзідэнцкі стыпендыят, атрымаў дыплом першай ступені на конкурсе "Юныя журналісты Беларусі і Расіі — аб Саюзнай дзяржаве-2011”.

Гэты інфармацыйны праект стартаваў 4 верасня ў Дзень беларускага пісьменства. На першым этапе было прадстаўлена 1500 творчых работ, з якіх толькі 160 выйшлі ў рэспубліканскі фінал. А на заключным этапе журы Саюзнай дзяржавы вызначыла 12 пераможцаў у кожнай намінацыі. Прыемна адзначыць, што сярод іх аказаўся і гімназіст з Ганцавіч. Сачыненне Рамана Рылкі на тэму "Здружыла любоў да літаратуры” прызнана лепшым у намінацыі "Як сябруем мы” і ўвайшло ў зборнік матэрыялаў "Юныя журналісты Беларусі і Расіі — аб Саюзнай дзяржаве”, які быў выдадзены па выніках інфармацыйнага праекта. Работы фіналістаў таксама пакладзены ў аснову спецвыпуску газеты "Пераходны ўзрост”, на старонках якога былі адлюстраваны пасланні беларускіх і расійскіх рабят.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу прайшла ў Мінску 8 снежня. Аўтары лепшых творчых работ прыехалі сюды з розных рэгіёнаў краіны. Раман Рылка адправіўся ў сталіцу разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Галінай Іванаўнай Амельяновіч. Для ўдзельнікаў праекта была падрыхтавана насычаная праграма. Яны прымалі ўдзел у ток-шоу ў Доме радыё, сустракаліся з журналістамі вядучых сродкаў масавай інфармацыі Беларусі і Расіі ў "Доме Масквы”. Там жа адбылася і цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў.

Тэма сачынення Раманам была выбрана невыпадкова. Яна мае пад сабой рэальную аснову. У лістападзе гімназіст удзельнічаў у шостай алімпіядзе Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць”, падчас якой атрымаў не толькі шмат новых ведаў і пазітыўных эмоцый, але і набыў новых сяброў. Ліст, адрасаваны аднаму з іх, і стаў асноўнай тэмай для творчай работы конкурсу "Ліст сябру”. А заключная фраза "Спадзяюся, мы зноў сустрэнемся з табой на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы” нібыта напрарочыла юнаку новую яркую перамогу.

Па словах Галіны Іванаўны, у яе вучня ёсць усе якасці, якія патрэбны для выканання даследчай работы: патрабавальны да сябе, абавязковы, дысцыплінаваны. Таму паспяховыя выступленні на конкурсах і алімпіядах такога высокага ўзроўню — не выпадковыя, а вынік карпатлівай і плённай працы.

Зараз Раман рыхтуецца да ўдзелу ў абласной алімпіядзе па рускай мове. Хочацца пажадаць і таленавітаму настаўніку, і адоранаму вучню добрага настрою і выдатных поспехаў.

Невядома, які прафесійны шлях вызначыць для сябе Раман Рылка пасля заканчэння школы. Але ў адным ён упэўнены цвёрда: уменне выказваць свой пункт гледжання і навыкі выступлення перад вялікай аўдыторыяй заўсёды спатрэбяцца ў жыцці.
Радміла КУРБАНАВА.
НА ЗДЫМКУ: Раман Рылка з галоўным рэдактарам газеты "Пераходны ўзрост” Жаннай Генадзьеўнай Шчурок.
Фота з архіва гімназіі.
 
"САВЕЦКАЕ ПАЛЕССЕ"
Просмотров: 712 | Добавил: Alex
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования