Главная » Статьи » "Савецкае Палессе"

Для абучэння і рэабілітацыі дзетак

Ёсць катэгорыя маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, да якіх неабходны асаблівы падыход, сардэчныя адносіны і чулыя клопаты. Размова ідзе аб выхаванцах Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ганцавіцкага раёна. Гэтая дзяржаўная ўстанова адукацыі праводзіць абучэнне і аказанне карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Сюды, 17 лістапада, прыйшлі юныя актывісты раённага камітэта “БРСМ” на чале з яго першым сакратаром Аляксандрам Занькам. Разам з імі жаданым госцем была галоўны спецыяліст сектара культуры і па рабоце з моладдзю аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Савеня. Мэта наведвання маленькіх дзетак — самая высакародная і гуманная. Яшчэ ў красавіку ў нашым горадзе прайшоў дабрачынны марафон “Усе фарбы жыцця — для цябе”. У ім з канцэртам прынялі ўдзел зоркі беларускай эстрады Настасся Ціхановіч і Аляксей Гросс, а таксама мясцовыя  ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Выручаныя грошы ад продажу білетаў — больш чым 6 мільёнаў рублёў — былі пералічаны менавіта ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі.

— Дзякуючы гэтай дапамозе мы змаглі заказаць у Беларускім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры два спецыяльныя крэслы для дзяцей з цэрабральным паралічам, — расказвае дырэктар Наталля Лойка. — Спецыялістам спатрэбілася шмат месяцаў, каб выканаць заказ. Толькі нядаўна гэтыя крэслы паступілі да нас. На грошы, якія засталіся, мы набылі розныя дапаможныя рэчы, цацкі для развіцця і рэабілітацыі нашых выхаванцаў.

Актывісты “БРСМ” вучні гімназіі г. Ганцавічы Павел Сарокаў, Алена Кунцэвіч, Павел Васілевіч і Кацярына Бараноўская з трапяткім пачуццём уручылі падарункі маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам. Трэба было бачыць, з якой радасцю і дзіцячай непасрэднасцю прымалі выхаванцы з рук гасцей такія неабходныя ім рэчы.

— У нас зараз займаюцца 48 дзетак, — гаворыць дырэктар Цэнтра Наталля Лойка. — З іх адна група — пяцёра хлопчыкаў і дзяўчынак — на пастаяннай аснове. Астатнія атрымліваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Яны наведваюць нас пасля заняткаў ў садку і школе, адну дзяўчынку абучаем на даму. Калектыў нашага Цэнтра вопытны і дружны. Трэба мець асаблівы характар, каб укладваць у гэтых дзяцей сваю любоў і пяшчоту. Са шчырай душой і лагодным сэрцам адносяцца да выканання абавязкаў выхавальнікі Ганна Віннік і Алена Шпандарук, настаўнік-дэфектолаг Валянціна Вараб’ёва, інструктар лячэбна-фізічнай фізкультуры Таццяна Грынчык.

З асаблівым хваляваннем развітваліся вучні гімназіі з маленькімі выхаванцамі. “Мы абавязкова прыйдзем яшчэ”, — чыталася на іх тварах.

Міхась АРЭШКА.

Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (22.11.2014)
Просмотров: 458
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования