Главная » Статьи » "Савецкае Палессе" |
Дзіцячы лагер “Лідар”, арганізаваны на базе Ганцавіцкай школы-інтэрната, развітаўся са сваімі выхаванцамі. У аўторак, 15 ліпеня, адбылося ўрачыстае закрыццё змены. За гэтыя кароткія 9 дзён усе, хто адпачываў і працаваў ў лагеры, парадніліся, сталі сапраўднымі сябрамі, адзіным калектывам, камандай. У гэтым вялікая заслуга важатых-выхавальнікаў і педагогаў, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы. Крок за крокам яны раскрывалі дзіцячыя таленты, творчыя здольнасці і задаткі пры дапамозе шматлікіх конкурсаў, гульняў і тэматычных вечарын. Былі праведзены гульнявыя праграмы “Тэрыторыя думкі”, “Вясёлы вусень”, “Хвіліна славы”, “Фотапаляванне”. З мэтай прапаганды нацыянальных беларускіх каштоўнасцей, было праведзена міні-свята “Беларусь і я”, падчас якога дзеці і настаўнікі размаўлялі толькі на беларускай мове, выконвалі заданні, звязаныя з культурай і гісторыяй нашай краіны, папаўнялі свой моўны запас новымі фальклорнымі выразамі аб родным краі. Конкурс “Фантастычны дэсант” найбольш спадабаўся рабятам і насіў экалагічную накіраванасць. Яны цэлы дзень павінны былі збіраць абгорткі ад цукерак, марожанага, а таксама накрыўкі ад пластыкавых бутэлек, а затым рабіць кампазіцыі з іх. Гэтае мерапрыемства ўзбудзіла спаборніцкі дух, а таксама дапамагло падтрымаць чысціню і парадак на тэрыторыі лагера. Не абышлося без сюрпрызаў. Вечарам аднаго дня ў лагеры загучала ваенная сірэна, якая абвяшчала трывогу і ўводзіла надзвычайнае становішча. Гэта пачалася ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, удзельнікамі якой сталі выхаванцы лагера разам з прадстаўнікамі расійскай вайсковай часці пасёлка Азярэчча і супрацоўнікамі Ганцавіцкага РАНС. Дзеці займаліся праследаваннем “дэзерціраў”, у ролі якіх і выступалі госці лагера. Ну і канечне парадаваў дзень спорту, які праводзіўся пад назвай “Малыя Алімпійскія гульні”, дзе хлопцы і дзяўчаты паказалі ўзровень сваёй фізічнай падрыхтоўкі падчас спартландыі. Лагер стаў наватарскім: кожны атрад меў сваю накіраванасць. Былі створаны групы вучнёўскага самакіравання, валанцёраў, развіцця творчых здольнасцей, актывістаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, піянераў, і спартыўны атрад. Таксама для дзяцей былі арганізаваны сустрэчы з харэографам, мастаком, педагогамі-псіхолагамі, прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. Наватарства і новыя падыходы ў развіцці творчых здольнасцей дзяцей у лагеры адзначыў і старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч, які прыняў удзел ва ўрачыстым закрыцці змены. Дарэчы, дзякуючы таму, што дапаможная школа-інтэрнат перайшла ў раённую камунальную ўласнасць, з’явілася магчымасць выкарыстоўваць цудоўную матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, якая ў летні перыяд не была задзейнічана. Вялікую ўдзячнасць за аказанне дапамогі работнікі лагера выказваюць прадпрымальніку Галіне Чумаковай, кіраўніцтву Ганцавіцкага хлебазавода, камбіната бытавога абслугоўвання, райспажыўтаварыства, швейнага прадпрыемства “СуперМайк”, РК ГА "БРСМ", Ганцавіцкага РАНС і Азярэчанскай вайсковай часці. Дзякуючы ім дні знаходжання ў лагеры сталі для дзяцей сапраўдным святам. Вынікам працы педагогаў і арганізатараў сталі шчаслівыя ўсмешкі дзяцей. Выхаванцы не хацелі развітвацца з сябрамі, настаўнікамі, з лагерным жыццём. А таму на наступны год абяцалі абавязкова вярнуцца. Ксенія ЛУЦКО. | |
Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (21.07.2014) | |
Просмотров: 380 |