Главная » Статьи » "Савецкае Палессе"

Самыя руплівыя і таленавітыя

Сапраўдным святам для вяскоўцаў і гараджан стаў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які прайшоў у мінулую суботу каля сельскага Дома культуры аграгарадка Агарэвічы.

Арганізатар конкурсу — райкам ГА «БРСМ» — пры падтрымцы райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і работнікаў аддзела культуры райвыканкама пастараліся на славу. Конкурсная праграма была вельмі цікавай і захапляльнай, што і дазволіла канкурсантам у поўнай меры праявіць свае здольнасці і таленты.

У раённым этапе праекта прынялі ўдзел шэсць сем’яў. Бацькі і дзеці творча падышлі да прэзентацыі сваіх сем’яў у конкурсе «Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я», што стаў іх візітнай карткай. Затым праявілі кемлівасць у конкурсе «Скарбонка жыццёвай мудрасці», у якім за трыццаць секунд адказвалі на каверзныя пытанні. Вельмі захапляльным было саперніцтва на самую гаспадарлівую сям’ю «Дрывасек», дзе давялося на хуткасць пілаваць бярвенні, а затым атрыманыя пацурбалкі драбніць на шчапу, каб з яе, нарэшце, скласці слова «сям’я».

Гаспадыні таксама паказалі свае кулінарныя здольнасці, пачаставаўшы журы стравамі, якімі больш за ўсё любяць ласавацца родныя. А іх мужы паспаборнічалі ў разборцы і зборцы… мясарубак. Заключным этапам стала эстафета: мужчыны лавілі ў загоне парасят і з дапамогай жонак кідалі іх у мех. Потым жанчыны беглі да стала і чысцілі бульбу, а затым усёй сям’ёй збіралі ў мех раскіданы па траве «другі хлеб». І ўсё гэта адбывалася пры актыўнай падтрымцы шматлікіх гледачоў.

Безумоўна, кожная сям’я па-свойму творча праявіла свае здольнасці, і ў любых спаборніцтвах ёсць пераможцы. Першае месца заваявала сям’я Засулевічаў з Малькавіч. Віктар працуе будаўніком і, дарэчы, спецыяльна для ўдзелу ў праекце, літаральна за дзень да гэтага, прыехаў з Масквы, а яго жонка Валянціна шчыруе тэхработнікам у Малькавіцкім лясніцтве і паспявае даглядаць хатнюю гаспадарку. Адчувальную падтрымку бацькам аказваюць іх дзеці — прыгажуня дачка Вольга, якая сёлета закончыла сярэднюю школу, і сын Сяргей — вучань 10 класа. Гэтая сям’я ўзнагароджана Ганаровай граматай райкама ГА «БРСМ», а таксама адзначана за перамогу ў эстафеце, конкурсе на самую гаспадарлівую сям’ю і ў тых конкурсах, дзе жанчыны прэзентавалі прыгатаваныя сваімі рукамі стравы, а мужчыны ўпраўляліся з мясарубкамі. Акрамя гэтага, ім выдадзена 200 кілаграмаў зерня.

Другое месца прысуджана сям’і Зяньковічаў з Любашава, якая таксама адзначана як самая эрудзіраваная сям’я. Яе галава — Сяргей — шчыруе галоўным інжынерам у СГВК «Любашава» і разам з жонкай Святланай, выхавальнікам дзіцячага садка, гадуюць траіх цудоўных сыноў — Ілью, Ягора і Станіслава. Акрамя граматы і прэміі ў 150 кілаграмаў зерня, сельгаскааператыў, у якім працуе Сяргей, выдзеліў яго сям’і парася.

На трэцім месцы аказалася сям’я Уладзіміра і Марыі Дулікаў з Агарэвіч. Са сваімі дзецьмі — Паўлам, Ганнай і Уладам — яны вельмі адметна выступілі ў конкурсе візітных картак. Вершаваны аповед пра сям’ю, у якім знайшлося месца гумару, разам з цудоўнымі песнямі нікога не пакінуў раўнадушным. Уладзімір працуе ў СВК «Агарэвічы» зваршчыкам, а Марыя — тэхработнікам у СДК. Яны трымаюць, па сённяшніх мерках, даволі вялікую гаспадарку: акрамя іншай жыўнасці, у іх яшчэ і тры каровы. Паміж конкурсамі, калі ўдалося перакінуцца словам з Уладзімірам, ён аптымістычна заўважыў, што пасля мерапрыемства трэба спяшацца дамоў — падыходзіць час кароў даіць. Што і казаць, не часта ў чалавека хапае столькі энергіі, таму, мабыць, нездарма вяскоўцы далі яму мянушку Маланка! Ды і Марыя — гаспадыня рухавая. А якая рукадзельніца! Зроблены яе рукамі і адметны сваёй арыгінальнасцю дыван мог на свяце ўбачыць кожны.

Варта таксама адзначыць і іншых удзельнікаў раённага этапа праекта «Уладар сяла». Дастойна выступілі разам са сваімі трыма дзецьмі Алег і Тамара Занькі з Люсіна. Ён — ляснік у лясніцтве, яна — загадчыца сельскага клуба. Іх жыццё непарыўна звязана з Ганцаўшчынай. Як і сям’і Руслана і Ірыны Мухаў з Раздзялавіч, якія выхоўваюць двух сыноў і шчыруюць у Раздзялавіцкім лясніцтве адпаведна ляснічым і бухгалтарам.

Дарэчы, тое, што ў раённым этапе праекта прынялі адразу тры сям’і, звязаныя з лясной гаспадаркай, не выклікае здзіўлення. У гэтым адлюстроўваецца прыродная асаблівасць нашага краю, падкрэсліваецца актыўнасць у грамадскім жыцці як саміх работнікаў лясгаса, так і прафкама гэтай арганізацыі.

Асобна хацелася б расказаць пра сям’ю Андрэя і Вольгі Сукачоў з Дзяніскавіч, якія са сваімі дзецьмі хаця і не выйгралі ні ў адным конкурсе, але і не губляліся на фоне іншых. У жыцці гэтая сям’я адна з самых адметных. Жонка шчыруе ва ўчастковай бальніцы сястрынскага догляду, Андрэй, ветурач па адукацыі, самааддана працуе на зямлі. Нарыхтоўка кармоў, вырошчванне збожжавых і бульбы для яго — штодзённы клопат. Ды і гаспадарка ў сям’і вялікая. Колькі ж трэба сіл, каб трымаць 4 каровы і тры цялушкі! Акрамя гэтага, калі трэба, Андрэй заўсёды аказвае дапамогу аднавяскоўцам. Тым больш, што ёсць неабходная для земляробства тэхніка. За працавітасць і актыўную жыццёвую пазіцыю дзяніскаўцы і выбралі Андрэя старастам сваёй вёскі.

Адзначылі ўдзельнікаў праекта таксама райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, прафкамы лясгаса і аддзела культуры райвыканкама. Іх прадстаўнікі ўручылі сем’ям падарункі і грашовыя прэміі. Падтрымала канкурсантаў і прыватнае прадпрыемства «ВаМіЦа», а ІП Віктар Новік, які займаецца зборам малака ад насельніцтва на тэрыторыі Агарэвіцкага сельсавета, уручыў грашовую прэмію сям’і Дулікаў.

Раённы этап праекта «Уладар сяла» даў магчымасць кожнаму ўпэўніцца — нашы вёскі багатыя на таленавітых людзей, якія сваім прыкладам паказваюць, што кожны — сам уладар свайго жыцця, і не трэба шукаць шчасця ў іншых краях. На гэтых людзях, моцных і адданых сваёй зямлі, трымаецца вёска.

25 июля 2012 года
Павел СВІСТУНОВІЧ

Категория: "Савецкае Палессе" | Добавил: Alex (25.07.2012)
Просмотров: 646
Яндекс.Метрика
Индекс цитирования